«Тэкст» Глухоўскага: як выдатная кніга стала выдатным фільмам

На вялікіх экранах ідзе вострасюжэтны трылер «Тэкст» – экранізацыя аднайменнага бэстсэлера Дзмітрыя Глухоўскага. Раман стаў выключнай падзеяй у літаратурным жыцці Расіі 2017 года. У вытворчасці фільма ўдзельнічаў сам аўтар, які асабіста перафарматаваў свой твор на мову кінасцэнара.

Я не бяруся ацэньваць фільм як адаптацыю, бо не чытаў кнігу Глухоўскага. Але, мяркуючы па шматлікіх хвалебных водгуках, фільм «Тэкст» ламае існуючы стэрэатып, што «выдатная кніжка не можа быць адначасова добрым фільмам».

Бытавы трылер замест чарнухі

«Тэкст» гэта сумная гісторыя пра маладога чалавека, які апынуўся “не ў тым месцы і не ў той час”. Студэнт Ілля Гаруноў (Аляксандр Пятроў) не слухае маму і збягае на дыскатэку са сваёй дзяўчынай. У клубе адбываецца аблава наркакантролю і дзяўчыну затрымліваюць ні за што. Ілля пачынае сварку з супрацоўнікам паліцыі Пятром Хазіным (Іван Янкоўскі).

Далей усё ў сумных традыцыях рэальнага жыцця: у хлопца знаходзяць наркотыкі, ілжывае абвінавачванне, сем гадоў турмы і зламанае жыццё. Сустрэўшыся са сваім крыўдзіцелем зноў, Ілля у парыве выпадковай (?) помсты забівае яго. І прывяла б завязка да чарговай «чарнушнай» гісторыі, дзе простага чалавека топча сістэма. Але галоўны герой завалодвае смартфонам забітага і гэта надае змрочнаму «Тэксту» небывалыя адценні бытавога трылера.

Усё жыццё ў мабільніку

Яшчэ нядаўна мабільныя прылады не былі так моцна прывязаныя да жыцця чалавека, але сёння девайсы захоўваюць сакрэты паўсядзённага жыцця любога. Галоўны герой да турэмнага тэрміну ў кадры нават не карыстаецца мабільнікам, што відавочна паказвае часовыя адрозненні. Калі ён атрымлівае скрываўленую прыладу, то атрымлівае разам з ёй нявырашаныя справы, любоў і літаральна ўсё жыццё забітага опера.

Анты-«Брат»

Сам Ілля гэта фактычна ніхто. Гэта страчаны суб’ект жорсткага грамадства, які нават не паспеў толкам развітацца з уласнай маці, якая памерла ў дзень прыходу сына з турмы.

Ён блукае па цёмных завулках бруднай Масквы, яго не прымаюць ні пасталелыя за сем гадоў сябры, ні дзяўчына, якая не сказала «дзякуй» за непатрэбную сварку ў клубе. Ілля Гаруноў – гэтакі анты-Даніла Багроў, які ў процівагу балабанаўскаму «Брату» ў думках спрабуе збегчы далей ад сваёй прамерзлай Радзімы.

фильм текст глуховский александр петров

Герою не застаецца нічога акрамя суіцыду, і толькі страх не сустрэцца ў раі з маці спыняе яго. Тэлефон яго ката-ахвяры ўвесь час нагадвае пра іншае жыццё, больш сытае і цёплае, дзе больш паспяховае паходжанне дае табе права на лепшае жыццё, хоць і маральнага вырадка.

«Дажыць» чужое жыццё

Менавіта праз тэлефон пазначаецца асноўная прысутнасць героя Івана Янкоўскага, праз шматлікія «відосы» і сацсеткі. У іх гэты персанаж вядзе не толькі гнілое жыццё «пярэваратня ў пагонах», але і руплівага сына і каханага чалавека. У гэтай прыладзе ўсе яго нявырашаныя справы і сэксуальныя ўцехі.

Ілля Гаруноў так моцна захапляецца імі, што нават адзіная эратычная сцэна фільма – гэта мастурбацыя галоўнага героя на досыць адкрытае хоўмвідэа ахвяры. Галоўны герой, не маючы свайго жыцця, спрабуе давесці да лагічнага канца абарванае існаванне ўжо маўклівага ўладальніка тэлефона. У гэтым галоўны парадокс: Гаруноў спрабуе дапамагчы правільна «дажыць» і «выжыць» «электроннай душы» чалавека, які яго самога пазбавіў рэальнага жыцця.

Стаўленне да жаночых персанажаў

Асобнага аналізу патрабуюць адносіны героя да жаночых персанажаў: памерлай маці і дзяўчыны забітага опера. Праз маўклівыя маналогі з патрабаваннем прабачэння ў маці праходзіць тонкі рэлігійны пасыл: аўтары то ўпіраюцца ў скепсіс у пытанні аб існаванні Бога, то страх перад смерцю адраджае веру героя ў замагільнае жыццё.

Дзяўчына (Крысціна Асмус) выступае ў фільме галоўным каталізатарам дзеянняў героя. Ён мог бы співацца і далей у сваёй кватэры, але смяротная небяспека пагражае той, якую ён зусім не ведае. І яна станавіцца для яго выратаваннем, сродкам загладзіць свае грахі, нават коштам уласнага жыцця.

Вынік

«Тэкст» – выдатнае кіно, якое мала каго пакіне абыякавым.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: