Чатырохметровую выяву князя Вітаўта на трансфарматарнай будцы на вуліцы Пушкіна з 6 лістапада пачнуць аднаўляць мясцовыя мастакі. За аднаўленне працы адказвае прадпрыемства «Гроднаводаканал».

Графіці намаляваў у 2014 годзе мастак Вячаслаў Силен (Silen) у рамках стрыт-арт-акцыі «Must Act — Must Art».

Праблемы з малюнкам пачаліся ў 2015 годзе. Вітаўта закідалі фарбай, некаторыя часткі сталі адвальвацца. Аўтар графіці быў расчараваны ўбачаным і адзначаў, што карціну яшчэ можна выратаваць.

— Крыўдна, што працу, на якую аддаў столькі часу і сіл, хтосьці спецыяльна псуе або зафарбоўвае, — казаў у 2015 годзе Вячаслаў. — Хочацца, каб яна праіснавала даўжэй, цешачы людзей. У сваёй працы я рабіў прывязку да горада, каб людзі не забывалі, у якім значным горадзе яны жывуць. Мэта — паказаць, што ў нас была свая гісторыя, вялікія дзеячы і кіраўнікі. Калі я маляваў, людзі цікавіліся, што я хачу адлюстраваць. Многія, асабліва старэйшае пакаленне, нават не ведалі, хто такі Вітаўт і навошта яго маляваць у Гродне.

Сваю працу Вячаслаў планаваў рабіць на фасадзе вышынёй не менш за два паверхі, але з-за нежадання мясцовых уладаў прыйшлося маляваць на будцы.

Читайте также: Мечислав Гой, спаси Витовта! В Гродно будет новый стрит-арт, а что со старым?


У 2019 годзе гарадскія службы вырашылі адрэстаўраваць малюнак. 5 лістапада супрацоўнікі «Гроднаводаканала» замалявалі расколіны ў малюнку і падрыхтавалі яго для мастакоў. З 6 лістапада пачнуцца аднаўленчыя работы.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life