Польскі бок выйшаў з праекта, па якім мусілі аднавіць будынак з сядзібнага комплексу ў Шчорсах, — Беларусь не атрымае грошай з Еўрасаюза. Прычынай назвалі пандэмію і напружанасць на мяжы. Фонд «Шчорсы і Храптовічы», які падрыхтаваў супольны з ЕС і навагрудскім выканкамам праект, дзяржава ліквідавала адразу пасля выхаду палякаў з праекта. Да таго фонд пяць гадоў намагаўся захаваць і развіць вялізны сядзібна-паркавы комплекс Храптовічаў XVIII стагоддзя. «У тых абставінах, якія ёсць, я буду рабіць, што магу, галоўнае не спыняцца», — кажа былая кіраўнічка фонда.

Усе будынкі сядзібы ў Шчорсах належаць дзяржаве. З 2017 года над захаваннем і развіццём комплексу працаваў культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы». Ён ладзіў валанцёрскія летнікі для расчысткі парку і гаспадарчага двара, распрацоўваў зоны аховы, змагаўся з падтапленнем і вяртаў на радзіму кнігі з бібліятэкі Храптовічаў. У 2018 годзе фонд дамовіўся аб супрацоўніцтве з Навагрудскім райвыканкамам і мясцовым сельсаветам. У 2020 годзе каманда фонда напісала праект і выйграла грант трансгранічнай праграмы «Польшча-Беларусь-Украіна». На сродкі Еўрасаюза мусілі адрамантаваць дах аднаго з будынкаў - вяндлярні, каб захаваць яго, і правесці ў Шчорсах кулінарны фестываль на аснове мясцовых традыцый. Але ў 2021 мясцовыя ўлады забралі ў фонда будынак для валанцёраў, забаранілі летнік і спынілі супрацоўніцтва. Пры гэтым з супольнага трансгранічнага праекта не выходзілі. Адначасова Упраўленне юстыцыі распачала «планавую» праверку фонда.

Праверку фонда распачалі амаль адначасова з падпісаннем праектных дамоваў аб фінансаванні з польскім бокам. Нейкі час яна была на паўзе, вынік не паведамлялі. На апошняй сустрэчы кіраўнічкі фонда Ганны Булды і прадстаўнікоў улады ў Наваградскім райвыканкаме на ўсе пытанні ёй адказвалі, што зараз галоўнае зарэгістраваць праект і атрымаць фінансаванне. «З гэтага стала зразумела, што яны не плануюць рэалізоўваць праект, галоўнае — атрымаць грошы», — распавяла Ганна Булда Hrodna.life.

Чытайце таксама: Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах

Рэалізаваць немагчыма, але грошы патрэбны

Усе дакументы трансгранічнай праграмы падпісвалі ў 2015 годзе. Праз пандэмію еўрапейскія арганізатары праграмы вырашылі працягнуць тэрміны ўсіх праектаў да 2023, перанесці мерапрыемствы. Але беларускі бок у 2021 годзе заявіў, што катэгарычна супраць: усе фінансавыя дакументы, паводле якіх мусяць быць атрыманыя грошы, павінны рэалізавацца да канца 2022 года. Таму кіраўнікі некаторых праектаў з нашай краіны адмовіліся ад рэалізацыі, зразумеўшы, што гэта немагчыма. Трансгранічныя праекты без удзелу Беларусі працягнулі.

У праекце па аднаўленні вяндлярні таксама былі закладзеныя шэраг замежных сустрэч, кулінарны фэст у Шчорсах, канферэнцыя. Праект у Шчорсах быў разлічаны на год. Восенню стала зразумела, што праект рэалізаваць у 2022 годзе будзе вельмі складана, амаль немагчыма.

За рэгістрацыю праекта ўзяўся выканкам. Першы этап у Міністэрстве замежных спраў выканалі вельмі хутка. Тым часам польскі бок прыняў рашэнне выйсці з праекта. Афіцыйная прычына — пандэмія і напружаная сітуацыя на межах дзвюх краін.

Чытайце таксама: «Нас не ліквідуюць, пакуль не атрымаюць грошы?» У Навагрудскім раёне ўлады разарвалі пагадненне з фондам, які дапамог выйграць грант ЕС

Хуткая ліквідацыя

Адразу ж пасля ліста з Польшчы пра выхад з праекта фонду прыйшло папярэджанне ад районнага Упраўлення юстыцыі па выніках праверкі. У ім быў пералік некалькіх парушэнняў, у тым ліку — няслушны юрыдычны адрас. Запатрабавалі дамову арэнды або дамову бязвыплатнага карыстання. Юрысты растлумачылі кіраўнічцы фонда, што яна мае права аформіць бязвыплатнае карыстанне сама з сабой. Таксама правялі сход праўлення для перавыбараў старшыні.

У выніку Упраўленне юстыцыі ўсё адно падала ў суд, зазначыўшы, што яго не апавясцілі пра сход за сем дзён да яго, а дамову карыстання палічылі зробленай няправільна. Ганна не спадзявалася на станоўчае рашэнне і разумела, што ліквідацыя, як і для іншых грамадскіх арганізацый — пытанне часу. Суд па ліквідацыі прайшоў 19 лістапада. У абскарджанні Ганна не бачыць сэнсу. Рашэнне суда ўступіла ў сілу 4 снежня, пачаўся працэс ліквідацыі.

«Добра, што быў час падрыхтавацца маральна, і калі гэта ўсё ўжо адбываецца, няма такога надрыву, калі разумееш, што тваё дзіця, якое ты гадаваў пяць гадоў, руйнуюць на вачах», — кажа Ганна.

Што зараз будзе з вяндлярняй і сядзібай

Спробы дзяржавы прадаць сядзібу працягваюцца — зараз як асобныя будынкі. Да таго яе чатыры гады спрабавалі прадаць як комплекс. Калі пакупнік з’явіцца, Ганна Булда плануе выходзіць з ім на кантакт і прапаноўваць экспертную дапамогу ўжо як прыватная асоба.

«Комплекс не мае роўных не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў краінах-суседках, — перакананая Ганна Булда. — Гэта быў шматпрофільны камбінат па вытворчасці сыроў, піва, вэнджання, вырабу коснай мукі. Гэта культурны цэнтр, дзе працавалі знакавыя для Беларусі людзі. Так, мы не захаваем усё прызначэнне, але комплекс мусіць быць цэльным, яго нельга парваць на кавалкі і раздаць розным людзям, каб кожны паставіў свой плот і рабіў, што хацеў».

сядзіба ў Шчорсах, фонд Шчорсы і Храптовічы
Тая самая вяндлярня, якой мусілі мяняць дах за праектныя сродкі

Патрэбна найперш нейкая цэльная канцэпцыя — што будзе ў комплексе і як яго выкарыстоўваць, мяркуе Ганна. «Тады і вяндлярню мог бы ўзяць у арэнду ці выкупіць нехта, хто займаецца вэнджаннем, і стварыць фірмовы прадукт. А нехта мог бы рабіць сыры ў Мураванцы, і тады маглі б быць розныя ўласнікі». Комплекс вялізны, адразу знайсці грошы, каб прывесці ўсё ла ладу, нельга, трэба рабіць па частках.

Фонд не здаецца

Інстытут эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук Беларусі ў 2019 годзе выйграў конкурс па абследаванні сядзібнага парку ў Шчорсах. У праект закладзена поўнае даследаванне мясцовасці. На яго аснове інстытут распрацуе праект рэгенерацыі парка. Усё гэта мусяць рабіць за бюджэтныя сродкі. Мінус у тым, што праект будзе мець рэкамендаўчы характар.

Былая каманда фонда «Шчорсы і Храптовічы», вырашыла дапамагаць інстытуту як прыватныя асобы. Ганна Булда плануе шукаць валанцёраў, якія будуць дапамагаць пры даследванні і замерах на вялікай тэрыторыі. Для сайта фонда зрабілі копію, каб сабраны камандай вялікі аб’ём інфармацыі пра Храптовічаў і сядзібны комплекс не знік. Колішнія сацсеткі фонда таксама будуць даступныя, праз іх можна звяртацца па кансультацыю.

«У тых абставінах, якія ёсць, я буду рабіць, што магу, дапамагаць у даследаваннях як прыватная асоба, галоўнае не спыняцца. Я буду сачыць за тым, што адбываецца ў сядзібе, каб працягнуць працу, калі зноў будзе магчымасць», — кажа Ганна.

Чытайце таксама: У Гродне намагаюцца ліквідаваць таварыства маладых навукоўцаў. Арганізацыі споўнілася 26 гадоў