У Гродне 14 верасня паказваюць прэм’еру фільма “На другом берегу”. Ён распавядае пра цяжкае жыццё беларусаў у 1925 годзе пад Польшчай. Чыноўнікі кажуць пра вялікую цікавасць да фільма. З квіткамі ж адбываюцца дзівацтвы: на прэм’еру раскуплена ўсё, а ўжо на наступны дзень — вольныя ўсе месцы. Такое адбываецца па ўсёй Беларусі. Ці можа цікавасць гледачоў размяркоўвацца так нераўнамерна? Спыталі кінакрытыка Тараса Тарналіцкага.
На прэм’еру фільма 14 верасня ў 17.00 у вялікай зале «Космасу» выкупленыя першыя тры шэрагі (кожны — па 25 месцаў) і яшчэ тры месцы ў чацвёртым шэрагу. Гэта выглядае дзіўна: кампаніі сяброў звычайна выбіраюць месцы не так. На 19.00 у той жа дзень выкупленыя шэсць месцаў. На дзевяць іншых сеансаў з 15 па 20 верасня набыта ўсяго два месцы.
У VIP-зале “Чырвонай зоркі” на 14, 15, 16 і 17 верасня прададзеныя практычна ўсе квіткі — нават на сеанс у 10.00. Але на 14.20 нядзелі і 11.00 аўторка не прададзена ні білета. А вось на 11.20 і 13.30 серады 20 верасня зноў няма ніводнага вольнага месца.
На пяць сеансаў з 14 па 17 верасня на дзённыя сеансы ў кінатэатры «Усход» не прададзена ніводнага білета.
У малую залу “Кастрычніка” на 14 верасня прадалі большую частку месцаў — 94. На наступныя шэсць сеансаў – ніводнага. На шэсць сеансаў у вялікай зале і зусім не прадалі ні білета. У moon таксама вольныя ўсе месцы.
У кіназале “Моладзевага цэнтра Гродна” з 15 па 23 верасня выкупленыя то ўсе квіткі, то палова.
Ідэалагічная місія
Кінакрытык Тарас Тарналіцкі з папярэдняга вопыту наведвання падобных прэм’ер лічыць, што тое, што адбываецца — агульная практыка для дзяржструктур і прыклад выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу. Квіткі не купляюцца, а раздаюцца праз выканкамы, Мінкульт, кінапракаты, арганізацыі накшталт «Белай Русі». На прагляд накіроўваюць чыноўнікаў, курсантаў, бюджэтнікаў, школьнікаў, вайскоўцаў — усіх залежных ад дзяржавы людзей.
“Гэта не пра сапраўдную цікаўнасць стужкай, гэта пра разнарадку. Савецкая практыка, што трэба сабраць людзей, каб прадэманстраваць нейкі попыт. У мяне адчуванне, што гэтага попыта няма. У мяне адчуванне, што пра яго [фільм] пісалі толькі ў дзяржпрэсе. Ніхто яго не рэкламаваў. Калі ты не рэкламуеш праект, хто на яго пойдзе? Усе пойдуць на які-небудзь блокбастар”, – раcказаў Тарас Hrodna.life.

Фільм трэба ўмець прадаць: знайсці яго аўдыторыю, ўкласціся ў рэкламу — у інтэрнэце і знешнюю, укладваць у гэта грошы.
“Калі табе рэкамендуюць схадзіць на кіно, дзе беларусы змагаліся з дрэннымі палякамі ў Заходняй Беларусі – ну, такое сабе. Ідэалагічнае кіно – прадукт, які трэба добра прасоўваць. У Расіі гэта яшчэ могуць рабіць і там ёсць прыклады добра зробленых ідэалагічных прац. У Беларусі з прасоўваннем усё вельмі дрэнна, толькі адміністратыўным чынам – гэта непрацоўны варыянт”.
Калі б гэта была прэм’ера ўмоўнага “Чалавека-павука”, не было б такой розніцы: ад поўнай да пустой залы. Калі выкупаецца цэлы шэраг, гэта значыць, што за нейкім прадпрыемствам або структурай замацоўваецца нейкая колькасць месца – і столькі яны павінны прывесці людзей, тлумачыць Тарналіцкі. Акрамя гэтага, ідэолаг кантралюе, прыйшлі людзі ці не.
Частка квіткоў на прэм’еру выдаецца бясплатна, частку — закупляюць прафсаюзы. Вядома, што студэнтаў у Мінску прымусілі купіць білет за 6 рублёў. Але запоўненасць залаў у гэтым выпадку – пытанне не грошай, а выканання ідэалагічнай місіі.
“Міністэрства культуры любіць справаздачыцца пра колькасць рэалізаваных квіткоў ці колькасць наведвальнікаў. Але ніхто ніколі не кажа, колькі зарабіла прадпрыемства на гэтым”, – адзначае Тарас.
Як забяспечваюць яўку на фільм?
У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прэм’еру фільма ўнеслі ў праграму святкавання Дня народнага адзінства. На фільм запрашалі супрацоўнікаў “Гродна Азот”.
“Аднымі з першых фільм паглядзяць навучэнцы школ і гімназій Гродна”, – напісала “Гродзенская праўда” пра прэм’еру. Невядома, ці добраахвотна пайшлі дзеці на фільм. На фота дзяржгазеты бачныя вольныя месцы, хоць яны ўсе выкупленыя.

Таксама пра “загон” школьнікаў на фільм паведамлялі ў Магілёве, а студэнтаў — у Мінску.
“Інфармацыю пра фільм і магчымасці яго паглядзець мы накіравалі ва ўсе арганізацыі рэгіёну: у навучальныя ўстановы, установы аховы здароўя, культуры, сацыяльнай абароны, на прадпрыемствы”, — паведаміў Леанід Гошка, кіраўнік «Гроднааблкінавідэапракату».
Ён сказаў, што цікавасць да “гістарычнай драмы” вялізная. Маўляў, раскупленыя квіткі не толькі на ўсе прэм’ерныя сеансы 14 верасня, але і на наступныя дні. Вялікую зацікаўленасць праяўляюць калектывы школ, каледжаў, ВНУ, піша БЕЛТА.
UPD 15 верасня. У Іўі прэм’еру наведалі ганаровы жыхар горада, ідэолаг прадпрыемства і сакратар БРСМ.
Кінапаказ наведалі гродзенскія медыкі: работнікі Гродзенскай універсітэцкай клінікі, абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, дзіцячай цэнтральнай гарадской клінічнай паліклінікі горада Гродна, гарадской паліклінікі № 5 горада Гродна, Іўеўскай ЦРБ і іншых арганізацый аховы здароўя вобласці.
Таксама на прэм’еру адправілі сілавікоў, чыноўнікаў і супрацоўнікаў «Гродна Азот» — апошнім дапамог прафсаюз.
Лаяльнасць паказваюць і прыватныя кінатэатры
“На другом берегу” пакажа і прыватны кінатэатр mooon ў ТРК Triniti.
Раней прыватныя кінатэатры не бралі такія ідэалагічныя фільмы ў пракат – у іх была распрацавана свая сетка паказаў. Пасля 2020 года яна знікла: з’явіліся праблемы з пракатам, кантэнтам — ён амаль увесь пірацкі. “Каб паказаць пэўную лаяльнасць, каб да цябе не было пытанняў, гэтыя кінатэатры і бяруць фільмы ў пракатную сетку”, – тлумачыць Тарас.
На расійскую прапаганду ўсім пляваць
Такая ўвага да прэм’еры “На другом берегу” не звязаная з абурэннем Вольгі Бондаравай правалам расійскага прапагандысцкага фільма “Свидетель”. “Калі б гэта прыйшло зверху – маўляў, трэба падтрымаць расійскі мілітыразм – безумоўна, прыйшлі б. <…> Гэта значыць, што ўсім пляваць на гэты фільм – у тым ліку, уладам”.
Чытайце таксама:
- У Гродне будуць паказваць прапагандысцкае і Z-кіно. Кошт — 50 капеек
- Аб слуцкім паўстанні, Лукашэнку, стрыптызе і вайне. Што паглядзець з беларускага кіно?
Што за фільм?
“На другом берегу” расказвае пра Беларусь у 1925 годзе пасля Рыжскай дамовы, калі заходняя частка Беларусі адышла Польшчы. “У Заходняй Беларусі ўжо чатыры гады адбываюцца хваляванні, ідзе партызанская вайна, працуюць агенты савецкай разведкі. А спробы мясцовых жыхароў адстаяць хоць бы ўласную веру і царкву сканчаюцца жорсткім прыгнётам”, – пішуць пра фільм.
Галоўны герой – беларус Павел Смоліч, які жыве недалёка ад мяжы з БССР. Ён перажывае смерць блізкага і сустрэчу з савецкай разведчыцай Лесяй Рубцовай, якая «карэнным чынам пераварочвае ўсё яго жыццё».
Рэйтынг фільма на “Кинопоиске” пакуль фармуецца. Рэжысёр фільма – Андрэй Хрулёў. Ацэнка яго фільмаў і серыялаў на «Кинопоиске» — ад 4,3 да 6,7.
Тарас лічыць, што “На другом берегу” — фільм невысокіх мастацкіх якасцяў і называе яго “мёртванароджаным кіно”. “Ведаючы, як працуе “Беларусфільм” і Міністэрства культуры, я нічога добрага не чакаю. Гэта пройдзе на нейкім афіцыёзе: збяруць чынавенства, палітычных актывістаў, прапагандыстаў. <…> Калі квіткі [на наступны дзень] не выкупленыя – гэта сведчыць пра тое, што, як заўжды, у “Беларусьфільма” і Міністэрства культуры нічога не атрымалася з іх жаданнем ідэалагізаваць насельніцтва, бо насельніцтва – не дурное”.




