З пачатку студзеня з будынку на Гараднічанскай, 23 знялі старадаўнія балконы. Іх рэстаўравалі некалькі месяцаў. З ліпеня чыгунныя канструкцыі сталі мантаваць назад. Як аказалася, працэс рэстаўрацыі не з лёгкіх.
Старадаўнія балконы маюць вялікую каштоўнасць для гісторыі Гродна. За апошнія 10 гадоў чыгунныя канструкцыі знікалі з закінутых дамоў на вуліцах Свярдлова, Кірава і Гараднічанскай: выкраданні так і не былі раскрыты.
«Я зацікаўлены аднавіць пабудову з усімі элементамі і балконы важныя для мяне, — распавядае Дзмітрый Скок. — Ніхто з мясцовых кавалёў за гэтую працу не хацеў брацца, бо працэс не з лёгкіх. Але знайшлі аднаго майстра Валодзю — фаната сваёй справы. Праца з гаўбцамі вельмі карпатлівая. Думаў, пасля рэстаўрацыі будзем іх фарбаваць у чорны, але аказалася, што арыгінальны колер — чырвоны. Вярнулі гаўбцам арыгінальныя колеры».
«Два балконы мы аднавілі, яны яшчэ былі ў годным стане і гэта нягледзячы на тое, што ім па 100 гадоў, — кажа майстар Уладзімір Куклінскі. — Праца са старадаўнімі гаўбцамі няпростая, іх трэба разбіраць, чысціць, драбеструіць і фарбаваць. І толькі потым усё назад збіраць. Так званая мазаіка. Трэці балкон, які скралі, будзем аднаўляць паводле фатаграфій, пастараемся зрабіць дакладную копію».
Даведка
Дом № 23 быў пабудаваны ў стылі эклектыкі ў 1890 годзе. У 1930-х дом належаў сям'і Аўгусевіч, якая здавала там кватэры. У 1944 у будынку размяшчаўся хоспіс пры Фарным касцёле, у 50-я гады — дом інвалідаў, а пасля паліклініка Гродзенскага раёна.