«Мама, вось мы і ў Гродне”. Амерыканка прыехала распавесці гісторыю дзядулі, які 100 гадоў таму збег з горада

Hrodna.life працягвае збіраць гісторыі для праекта “Гродзенцы здалёк”. У сярэдзіне ліпеня ў Гродна прыехала амерыканка Ліса Вакер, якая распавяла гісторыю свайго дзядулі з Гродна Хаіма Гадлесы. Ён, як і многія гродзенцы, эміграваў у ЗША ў пачатку 20 стагоддзя. Усё з-за таго, што не хацеў служыць у царскай арміі.

Выязджаць за акіян гродзенцы пачалі яшчэ ў 1880-х гадах. Самымі папулярнымі краінамі былі ЗША і Аргенціна. Хтосьці ехаў у пошуках лепшага жыцця, а хтосьці бег ад праблем, як і гродзенец Хаім Гадлеса.

«Дзядуля Хаім, сын Леізара Гадлесы, прыплыў у ЗША з Еўропы ў 1906 годзе. Там ужо жылі ягоныя сваякі, – распавядае Ліса. – Хаім быў гродзенскім яўрэем. За акіянам ён перапісаў сваё імя на Хуман Гадлеса, больш сугучнае, на амерыканскі манер. Спачатку дзядуля жыў у Тэхасе, потым перасяліўся бліжэй да Бостана».

У Гродне засталіся сваякі

У Гродне Хаім Гадлеса працаваў абутніком. Са слоў Лісы, сям’я яго была небагатая. Перад ад’ездам у Гродна ў яго заставаліся тры родныя сястры і іншыя сваякі.

«Яўрэі не проста так пакідалі Гродна – яны вымушаны былі гэта рабіць. У першую чаргу з-за антысеміцкіх настрояў і пагромаў. Пра гэта мала кажуць, але ўсё гэта было. Менавіта таму з 1880-га па 1910-я гады яўрэі масава пакідалі свае дамы. За акіян яны ехалі ў пошуках новага і лепшага жыцця.

У Гродне Гадлесы жылі бедна, дзядуля Хаім працаваў з абуткам. Ён вырашыў пакінуць родны горад пасля таго, калі яму прыйшла позва на службу ў царскую армію. Ён не хацеў ісці ў войска на многія гады і вырашыў бегчы. Так і апынуўся на караблі. У Гродне ў яго заставаліся сваякі, сярод іх тры родныя сястры. У пэўны час яны хацелі з’ехаць за акіян, але не атрымалася. Яны засталіся ў Гродне і абзавяліся сваімі сем’ямі. У гэтым горадзе яны пражылі да таго часу, пакуль іх немцы не забралі ў Асвенцім у 1941 годзе».

«Мама, вось мы і ў Гродне". Амерыканка прыехала распавесці гісторыю дзядулі, які 100 гадоў таму збег з горада
Хаім Гадлеса з адной са сваіх гродзенскіх сёстраў

«Адчуваю прыналежнасць да гэтага горада»

Ліса распавядае, што ў ЗША ствараліся цэлыя праграмы для перасяленцаў з Еўропы. Многія гродзенцы гэтым карысталіся.

«У ЗША дзядуля працягваў працаваць абутніком. Каля Бостана здолеў адкрыць сваю краму, а праз некаторы час яшчэ дзве. Ніхто з членаў сям’і за гэтыя 100 гадоў не спрабаваў прыехаць у Гродна. Я – першая, хто гэта зрабіў. Больш гісторый пра Гродна ведае мая мама, якой сёння 101 год. Ёй пра гэты горад расказваў яе бацька, мой дзядуля.

Калі я прыехала ў Гродна, я патэлефанавала ёй і сказала: мама, вось мы і ў Гродне. Яна адказала: “Мой бацька збег з гэтага горада, каб не служыць у войску. А вы туды прыехалі. Навошта? У гэтым горадзе няма больш нашых людзей, у гэтым месцы заўсёды прыгняталі яўрэяў”. Але ў гэтую далёкую паездку мяне прывялі карані – я стала цікавіцца гісторыяй нашай сям’і.

Я рада, што сюды прыехала і паглядзела Гродна. Я адчуваю прыналежнасць да гэтага горада. Усё жыццё пра яго чула, але не ўяўляла, які ён. А ён прыгожы і зялёны. У той жа час у мяне разрываецца сэрца, калі я паглыбляюся ў трагічную гісторыю яўрэяў Гродна. Многія з гэтых людзей не жадалі пакідаць родны горад, але абставіны прымушалі гэта рабіць. Яўрэяў у Гродне пераследавалі і забівалі».

«Мама, вось мы і ў Гродне". Амерыканка прыехала распавесці гісторыю дзядулі, які 100 гадоў таму збег з горада
Ліса са сваёй жонкай Лэнсі размаўляюць з кіраўніком гродзенскай яўрэйскай абшчыны Барысам Квяткоўскім

Расказала гродзенцам гісторыю дзядулі

Амерыканку здзівіла, што сёння ў Гродне ёсць сінагога і яўрэйская абшчына, якая працягвае даўнія традыцыі. Лісу адгаворвалі ад паездкі ў Беларусь, казалі, што ў гэтай краіне небяспечна. Падтрымаць яе вырашыла жонка Лэнсі.

«Пасля столькіх ганенняў, тут усё яшчэ жывуць яўрэі. Цяпер мы хочам прыехаць у ЗША і распавесці сябрам і блізкім, што жыццё ў Гродне ўжо іншае. Усе жывуць у міры і згодзе. Перад паездкай многія знаёмыя гаварылі не ехаць сюды, каб не ўспамінаць пагромы і халакост. Але пераступаеш цераз сябе і едзеш. І табе адкрываецца зусім іншая карціна. Важна было паглядзець Гродна і расказаць невялікую гісторыю пра нашага дзядулю, таму што калі не мы, то больш ніхто не раскажа пра Хаіма Гадлеса і чаму ён пакінуў свой родны горад».

«Мама, вось мы і ў Гродне". Амерыканка прыехала распавесці гісторыю дзядулі, які 100 гадоў таму збег з горада

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: