Больш за 30 саламяных павукоў “распаўзліся” з майстар-класаў, якія праводзіць у Вроцлаве гродзенка Ганна. Дзяўчына робіць павукоў са школьных часоў. Першы яе павучок вісеў на бэльцы ў дзедавай хаце на Шчучыншчыне. Зараз Ганна не толькі мае павука ў сваёй кватэры, але і вучыць ахвотных рабіць іх сваімі рукамі. Яна лічыць, што павук мае быць у кожным доме, дзе жывуць беларусы. Для канала “Цёця Іра дазваляе” Ганна расказала, як павучкі “запаўзлі” ў яе жыццё і “распаўзаюцца” далей.
“Дастаткова таго, што я – беларуска”
Ганна – эканамістка паводле адукацыі. Яе прафесія ніяк не звязана з беларускай культурай, але дзяўчына цікавіцца і займаецца традыцыйнымі танцамі і спевамі, а таксама вучыць ахвотных рабіць саламяных павукоў. Сваю матывацыю Ганна тлумачыць проста: “Дастаткова таго, што я – беларуска”.
“Я заўжды ведала, што яны існуюць, – кажа Ганна пра тое, як павукі ўвайшлі ў яе жыццё. – Першага павука зрабіла ў школьным узросце. Сама так вырашыла – чаму б не зрабіць павука? Хаця раней і не капалася глыбока ў гісторыі”.

Ганна ізноў узгадала пра павукоў, калі пераехала ў Польшчу:
“Сяброўка адкрывала ў Вроцлаве краму з беларускай касметыкай і я вырашыла зрабіць ёй падарунак. Каб унесці ў гэту беларускую краму кавалачак беларускай традыцыйнай культуры. Тады і ўзгадала, як павук робіцца, узгадала, які ён цудоўны, далікатны, лёгкі, прыгожы, беларускі! Як ўсё гэта ў адным павучку спалучаецца”.
Пабачыўшы павука, праявілі цікаўнасць і іншыя. Ганну запрасілі правесці майстар-клас у адной з культурніцкіх прастораў горада. “Я не лічыла сябе вялікім экспертам па павуках, але вырашала пагадзіцца, бо магу пачытаць, назбіраць больш інфармацыі і патлумачыць, як павука зрабіць”, – тлумачыць яна.

На занятку яна расказвала, як збіраюцца модулі для павука, пра тое, што ён можа прыняць розную форму:
“Самае галоўнае, каб чалавек сам зрабіў свайго павука, сам яго прыдумаў, сам уклаў у яго сваё цярпенне, час, душу, натхненне – і зрабіў. Думаю, гэта цудоўна, што ў кожнага атрымліваецца свой павук”. Зараз Ганна ўжо правяла некалькі заняткаў і майстар-класаў і ўпэўнілася, што кожны павук непаўторны: “Я такога нават уявіць не магла, як людзі прыдумляюць”.

Навошта патрэбны саламяныя павукі
Пра тое, калі і навошта ў беларускіх хатах вешалі павукоў, Ганна знаходзіла розныя звесткі:
“Адныя крыніцы кажуць, што павукі – гэта святочнае ўпрыгожанне да Калядаў і Вялікадня. У іншых кнігах чытала, што павук – круглагадовая рэч і што гэта не проста ўпрыгожанне, але абярэг хаты ад злых духаў. Павук пад столлю вісіць, круціцца, як жывая істота, каторая ахоўвае дом, душу і цела людзей”.
Аб паходжанні назвы Ганна расказвае, што “саламяны павук сваёй ажурнай структураю мае пэўнае падабенства да сапраўднага павука на павуцінні, каторы можа з’явіцца пад столлю”.
Глядзіце таксама: Belaruskicry зрабілі ўпрыгажэнні, натхніўшыся беларускай вышыўкай — вось як гэта выглядае
З іншага боку, такую назву маглі даць, каб “адушавіць” абярэг, назваць рэч такім самым словам, якім называюць жывую істоту. “Асабіста ў мяне з’явілася такая асацыяцыя, што як сапраўдны павук ловіць у сетку шкодных мух, так і саламяны павук ловіць цёмныя думкі і не пускае да нас злога”.
Павук пачынаецца з… актаэдра
“Я расказваю, што базавая фігура цела павука – гэта самы вялікі модуль. Ад яго сыходзяць больш маленькія, – гэта тое, з чаго дзяўчына пачынае занятак. – Актаэдр, ці васьміграннік, гэта найбольш простая аб’емная форма, якую можна зрабіць з саламяных трубачак. Менш ці больш зрабіць складана. Гэта форма самая натуральная, што можа атрымацца ў кожнага чалавека. Потым паказваю свайго павука, як гэта можа выглядаць. Але такіх самых павукоў ніхто не рабіў – і гэта цудоўна”.

На заняткі да Ганны прыходзяць і дарослыя, і дзеці. Пад яе кіраўніцтвам удзельнікі майстар-класаў зрабілі ўжо не менш за 30 павучкоў.
“Мне прыемна расказваць пра беларускую традыцыйную культуру і дзяліцца сваімі ведамі пра павукоў. Хаця павукі – не толькі ў Беларусі рабілі. У палякаў яны былі і ў балтыйскіх народаў таксама. Але я адчуваю прыемнасць за нашу культуру, я паказваю беларускага павука і ў кнігах больш чытаю пра беларускія адметнасці. Наш павук больш сціплы, без упрыгожанняў. Польскія павукі больш дэкаратыўныя – з ніткамі ці каралікамі”.
Павучка ў кожны дом
На думку Ганны, павучка варта зрабіць кожнаму чалавеку:
“Хай ён проста вісіць і нагадвае пра дом і радзіму”.
Падказкі ад Ганны для тых, хто будзе рабіць павука першы раз, вельмі простыя:
- Саломку можна замовіць у інтэрнэт-крамах, альбо ўзяць папяровыя кактэйльныя трубачкі.
- Голка мае быць доўгаю альбо цяжкою, каб змагла прайсці праз саломку.
- Што да нітак, то з выбарам прыйдзецца ісці шляхам спробаў і памылак: “Я набывала шмат нітак і эксперыментавала. Ёсць тоўстыя, але пабачыла, што атрымліваюцца грубыя вузлы і мне не спадабалася. Калі вельмі тонкія ніткі, то яны могуць раскалоць саломінку ўздоўж”.
- Саломку перад працай трэба замачыць, каб яна стала эластычнай і менш пашкоджвалася.

“Я лічу, што трэба, каб павук быў у кожным доме і не толькі як упрыгожванне да святаў. Проста трэба ўзяць і зрабіць свайго павука. Мая парада – не чакаць, калі хто прыедзе і пакажа, а ўзяць матэрыялы, узяць гарбаткі, уключыць фонам традыцыйную беларускую музыку ці можа нават самім заспяваць – разабрацца і зрабіць”.




