Удзельнікі адукацыйнага каворкінга BrainHUB, што адбыўся ў Гродне 8-9 кастрычніка, набліжаліся да рэалізацыі ўласных задумак не толькі праз навучанне, але і праз народную музыку. Паспяваць з гродзенцамі прыехаў Сяргей Доўгушаў, які вядзе “Спеўны сход” у Мінску.

“BrainHUB” мае на мэце дапамогу людзям, што хочуць развіваць лакальныя ініцыятывы ў сваіх гарадах. Такія семінары ўжо прайшлі ў Мінску і Гомелі, зараз надышоў час Гродна, – распавёў каардынатар праекта Зміцер Гамеза. – Спачатку мы размаўляем, разважаем, а потым спяваем. Гэта дапамагае яшчэ больш аб’яднаць людзей вакол ідэі.”

4

Сяргей Доўгушаў спяваў з гродзенцамі народныя песні, знойдзеныя ў этнаграфічных экспедыцыях па Беларусі. Жаночыя, мужчынскія, застольныя – удзельнікі і ўдзельніцы спявалі разам і паасобку, паволі і хутка, пад гітару і ліру.

Сяргей зазначыў: “Сумных песень не бывае”. Нават працяжныя восеньскія песні, паводле яго, хутчэй “філасофскія і медытатыўныя”.

https://youtu.be/jFDSZJ-NSU0

Удзельнікам магчымасць спалучыць навучанне са спевамі прыйшлася даспадобы: “Мы атрымалі вельмі практыка-арыентаваную інфармацыю, атрымалі падказкі, як лепш рэалізаваць уласныя ідэі. А спевы вельмі спадабаліся, сама не чакала, што так добра пойдзе”, – падзялілася ўражаннямі Юлія Лаздзіна.

“Хачу, каб у Гродне было больш музычных падзеяў – канцэртаў, фестываляў. Хачу аб’яднаць моладзь, што працуе ў галіне культуры, стварыць творчую супольнасць, – распавёў Глеб Камынін. – Таму музыка дапасавалася да навучання як найлепш. Для мяне гэта першы досвед народных спеваў, мне вельмі спадабалася”.

Паводле Андрэя Бароўскага, сумесныя спевы даюць добры імпульс і яднаюць людзей: “Адна справа спяваць сам-насам з сабой, закрыўшыся ў хаце, і зусім іншая – разам. Ствараецца вельмі моцная пазітыўная энергетыка”.

На думку Сяргея Доўгушава, такая музычная падтрымка гэта не толькі культурны адпачынак для ўдзельнікаў BrainHUB.

3

Прыклад “Спеўнага сходу”, што таксама пачынаўся з ідэі і групы энтузіястаў, можа натхніць на рэалізацыю сваіх задумак. “Многія сёння казалі, што не спявалі раней, а паспрабавалі – і атрымалася. З праектамі падобна – не так складана, варта пачаць”.