Выстава ў Цэнтры гарадскога жыцця
Смяротнае пакаранне — легалізаванае забойства. Так кажуць праваабаронцы. Больш пра гэтую праблему можна даведацца на выставе, якая працуе да 8 ліпеня ў Цэнтры гарадскога жыцця. Hrodna.life пагутарыў з праваабаронцамі, каб чарговы раз пачуць: што не так з выключнай мерай пакарання?
Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне як выключную меру. За часы незалежнасці былі вынесены больш за 300 смяротных прысудаў. Пікавымі былі 1997−1998 гады — 46 і 47 прысудаў адпаведна. У 2012 і 2014 такіх прысудаў не было.
Прафесійныя забойцы выконваюць сваю працу ад імя дзяржавы. На такую пасаду адбіраюць фізычна моцных мужчын, з устойлівай псіхікай і трывалымі нервамі.
«Напэўна, цяжка паверыць у шчырасць маіх словаў, але асабіста я ставіўся да працэдуры выканання смяротнага прысуду з вялікай агідай. Я ведаю, што дакладна тое ж адчувалі амаль усе ўдзельнікі спецыяльнай групы», — кажа ў адным з інтэрв'ю былы начальнік мінскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў.
Сваякі расстралянага не ведаюць дакладную дату смерці і месца пахавання. Целы расстраляных не выдаюцца. Такі падыход гэта дадатковы цяжар для сваякоў.
Асабістыя рэчы асуджаных пасля выканання прысуду таксама не выдаюцца. Раней сваякі атрымлівалі бандэроль з турэмнай формай. У прыгавораных да расстрэлу яна свая: шэрага колеру, з няроўным колам на спіне, у якім тры вялікія літары «ИМН» (исключительная мера наказания).
«Маці аднаго з расстраляных узяла сякеру, пакрамсала гэтае адзенне, а потым спаліла. Іншая, па парадзе святара, закапала бандэроль з адзеннем на могілках. Гэта выглядала як нейкі здзек са сваякоў, як псіхаэмацыйнае пакаранне», — расказвае Палуда.
Сваякі расстраляных перасталі атрымліваць такія бандэролі дзякуючы намаганням з боку праваабарончага цэнтра «Вясна».
«Кожны раз, калі працуеш з бацькамі асуджаных, яны пачынаюць узгадваць рэферэндум 1996 года. „За што ж я галасавала!?“ Прыходзіць усведамленне, што яна — маці - галасавала за смяротнае пакаранне», — кажа праваабаронца «Вясны» Паліна Сцепаненка.
Людзі самі выступаюць за смяротнае пакаранне, пасля яно прыходзіць у іх сям’ю і яны кажуць: «Ну я ж не ведала, што гэта так жорстка». Яны проста думаюць, што гэта будзе з іншымі, не з імі, расказвае праваабаронца.
Згодна з афіцыйнымі дадзенымі рэферэндума 1996 года, 80,44% удзельнікаў выказаліся супраць адмены смяротнага пакарання.
Асуджанныя да смяротнага пакарання ў Беларусі знаходзяцца толькі ў двух месцах: у Жодзіна альбо ў Івацэвічах. Супрацоўнікі турмаў нярэдка ставяцца да асуджанных, на якіх апранута форма смяротнікаў, як да ўжо мёртвых, быццам іх ужо не існуе. Яны яшчэ год могуць знаходзіцца ў так званым «калідоры смерці», але яны ўжо выкрэсленыя.
Людзі, прыгавораныя да расстрэлу, пачынаюць баяцца дзвярэй. Ніхто з іх не ведае, калі будзе забіты і калі дзверы адчыняцца апошні раз.
Такім чынам прыгавораны да расстрэлу фактычна атрымлівае падвойнае пакаранне. Бо перад тым, як атрымаць кулю ў патыліцу, ён знаходзіцца ў няволі і чакае смерці. Гэта можа цягнуцца нават год.
«Ніхто не кажа, што асуджаныя — белыя і пухнатыя, не спрабуе з іх такіх зрабіць. Некаторыя з іх насамрэч здзейснілі жахлівыя рэчы», — кажуць праваабаронцы. Але нагадваюць, што ніводная судовая сістэма не з’яўляецца дасканалай. Нельга цалкам выключыць факт, што расстраляны можа быць нявінны чалавек.
Сусветная гісторыя ведае шэраг выпадкаў, калі людзей прызнавалі нявіннымі нават пасля 15−30 год зняволення. Людзі атрымлівалі кампенсацыю і прабачэнне.
Так было ў Англіі з «бірмінгемскай чацвёркай» у 1991. І з «гілфардскай чацвёркай», якая была асуджана да пажыццёвага зняволення ў 1976 годзе. Праз 30 гадоў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тоні Блэр прынёс публічныя прабачэнні. Калі б у Англіі было смяротнае пакаранне, усе гэтыя людзі не дажылі б гэтага.
Так, напрыклад, у Расіі за серыю забойстваў пакаралі смерцю Аляксандра Краўчанку. Пазней высветлілася, што сапраўдны забойца — Андрэй Чыкаціла.
19 студзеня 1988 года быў расстраляны Генадзь Міхасевіч, які ў 1971−1985 гады забіў 33 жанчыны (сам празнаўся, што 43). Доказы былі бясспрэчнымі: супадаў почырк, група крыві і іншыя доказы. Абвінавачаны беспамылкова паказаў месцы пахаванняў, а дома ў яго былі знойдзены рэчы забітых. Тым часам, за 13 забойстваў, здзейсненых Міхасевічам, былі асуджаны 14 нявінных людзей.
Прадстаўнікі рэлігійных канфесій таксама выступаюць супраць смяротнага пакарання. З яго асуджэннем неаднаразова выступалі як праваслаўныя, так і каталіцкія святары. Андрэй Палуда з «Вясны» асабіста пісаў ліст Папу Рымскаму, каб ён звярнуўся да прэзідэнта Беларусі з гэтай нагоды.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…