Алесь Бяляцкі ў Гродне: “Траціна беларусаў за адмену смяротнага пакарання”

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне. У 2016 годзе выканалі чатыры прысуды. Зараз два чалавекі чакаюць яго выканання. У той жа час, летась шэсць краін адмянілі смяротнае пакаранне ці ўвялі мараторый на яго выкарыстанне.

Паседжанне дыскусійнага клубу на тэму смяротнага пакарання прайшло 22 лютага ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродне. Сярод гасцей – праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Раман Юргель ды паэт і журналіст Сяргей Чыгрын. Hrodna.life запісаў 12 тэзісаў з гэтай дыскусіі.

1. Тэма смяротнага пакарання не з’яўлялася і не з’яўляецца галоўнай у грамадстве

Тым не менш, з кожным годам дыскусіі, палеміка і важнасць пытання становіцца ўсё большай.

“Мы перайшлі перыяд, калі на рэферэндуме за смяротнае пакаранне было больш за 80%. Зараз сацыялагічныя апытанні паказваюць зусім іншую сітуацыю. Адносіны грамадства да гэтага змяняюцца, бо змяняецца пакаленне і грамадства становіцца менш жорскім, савецкім, бо адносіны да смяротнага пакарання – спадчына Савецкага Саюзу”, – кажа Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Паводле праваабаронцы, траціна беларускага грамадства зараз супраць смяротнага пакарання. Пасля тэракта ў мінскім метро іх колькасць толькі павялічылася.

2. Тэма – выключна палітычная

Некаторыя лічаць, што гэта спекулятыўная тэма і яна перайшла ў палітычнае рэчышча. Паводле Алеся Бяляцкага, улады гатовы “прадаць” Захаду адмену смяротнага пакарання за змену адносін да беларускага ўраду. Адмена смяротнага пакарання – як расходны матэрыял у працэсе перамоваў паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Нашы палітыкі, як праўладныя, так і апазіцыйныя, лічаць больш важнымі сацыяльныя пытанні – той жа Дэкрэт №3.

смяротнае пакаранне Бяляцкі uCentry (2)
Алесь Бяляцкі

3. Псіхалагічны і фізічны гвалт над асуджанымі

“Са смяротным пакараннем мы ўпершыню сутыкнуліся ў 98-м годзе, – кажа Алесь Бяляцкі– Нам перадалі запіскі трох прыгавораных да смяротнага пакарання, якія яны невядомым чынам перадалі з камеры смяротнікаў сваякам. Людзі пісалі там, што яны невінаватыя. Наконт гэтага яшчэ можна падумаць, бо калі я быў у калоніі, 99% казала, што яны невінаватыя.

Але прыгавораныя пісалі пра жахлівыя ўмовы утрымання. Рэгулярна, кожны дзень іх збівалі. Быў псіхалагічны і фізічны ціск у дачыненні да людзей, якія ўжо былі прыгавораныя да смяротнага пакарання і чакалі выканання прысуду”.

4. Самае важнае дасягненне “Вясны” – адно выратаванае жыццё

“Да зменаў у Крымінальным кодэксе да расстрэлу прыгаворвалі па 40-50 чалавек за год. Атрымаўшы запіскі [глядзі вышэй], “Вясна” пайшла на прыём да старшыні Вярхоўнага суда з просьбай перагледзець справы. Пазней ад сваякоў мы даведаліся, што двух чалавек растралялі, а справу трэцяга перагледзелі і замянілі смяротнае пакаранне на 15 гадоў зняволяння. Гэта быў цуд”, – узгадвае Бяляцкі.

смяротнае пакаранне Бяляцкі uCentry (3)

5. Калі людзей сталі расстрэльваць менш, за тэму ўзяліся больш шчыльна

Пасля зменаў у Крымінальным кодэксе на пачатку 2000-х рэзка зменшылася колькасці прыгавораных для смяротнага пакарання. Калі людзей стралялі дзясяткамі, гэта здавалася масай. Зараз гэта адзін, два, чатыры, шэсць чалавек на год.

“І мы пачалі спраўляцца, шукаць сваякоў і выяўляць сутнасць справы, – кажа Бяляцкі. – За лічбамі пачалі бачыць жывых людзей і іх сваякоў, праблемы сталі больш вострымі і эмацыйнымі. Колькасць прысудаў зменшылася, але тэма стала больш важнай”.

6. Галоўны аргумент супраць – медыцынскія, следчыя, судовыя памылкі

А таксама тое, што кіраўнікі ў суды, міліцыю і пракуратуру прызначаюцца дзяржавай і не з’яўляюцца незалежнымі. Гродзенскі правабаронца, прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель узгадвае некалькі справаў. Напрыклад, справа Міхасевіча, калі некалькі людзей праз памылку адсядзелі некалькі гадоў, выйшлі інвалідамі, сляпымі, страцілі сям’ю. Алесь Бяляцкі кажа, што бываюць неверагодныя справы, калі нявінны чалавек прызнаецца ў злачынстве.

7. Існаванне смяротнага пакарання не змяняе ўзроўню злачыннасці ў дзяржаве

“Калі чалавек нарадзіўся з псіхічнымі адхіленнямі, ён будзе ісці на злачынства. Маньякі, тэрарысты матываваныя забіваць і нічога з гэтым не зробіш”, – кажа Раман Юргель. І прыводзіць у прыклад справу Паўла Селюна. Ён лічыць, што пры правядзенні незалежнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ён атрымаў бы пажыццёвае зняволянне. А так – расстрэл.

смяротнае пакаранне Бяляцкі uCentry (8)
Раман Юргель

8. Важны пункт – пакуты сваякоў асуджаных на смяротнае пакаранне

Бацькі не могуць годна пахаваць сына, не ведаюць месца яго пахавання. Асабліва цяжкім гэта можа быць для рэлігійных людзей.

9. Існуе цэлы ланцуг забойцаў ад імя дзяржавы

Так лічыць Раман Юргель. Забойца – не толькі кат, які выконвае прысуд, а і той, хто выносіць прысуд, і той, да каго звяртаюцца па апошнюю літасць.

10. Практычна немагчыма прыцягнуць да адказнасці тых, хто дапусціў судовую памылку

У справе Міхасевіча датычныя да памылкі атрымалі партыйныя выгавары і адпраўку на пенсію. Пяць гадоў адсядзеў толькі адзін чалавек.

смяротнае пакаранне Бяляцкі uCentry (10)

11. Смяротнае пакаранне ў ЗША і ў Беларусі – розныя рэчы

Вярхоўным Судом ЗША забаронена смяротнае пакаранне, але 38 штатаў увялі яго ў сваё заканадаўства і прысуды тамвыконваюцца. Тым не менш, справы там цягнуцца дзесяцігоддзямі і часам усплываюць факты, якія апраўдваюць людзей. Там існуе вялікі працэнт, што штосьці можа змяніцца. У нас, калі выносіцца прысуд, яго вельмі хутка выконваюць.

12. Што рабіць, каб палепшыць сітуацыю?

Праваабаронцы кажуць: мяняць заканадаўства, прыбіраць смяротнае пакаранне з артыкулаў у Крымінальным кодэксе, уводзіць незалежныя пракуратуры, суды, міліцыю, уводзіць прэвентыўныя нацыянальныя механізмы.

смяротнае пакаранне Бяляцкі uCentry (11)

смяротнае пакаранне Бяляцкі uCentry (9)

смяротнае пакаранне Бяляцкі uCentry (1)

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Алесь Бяляцкі ў Гродне: “Траціна беларусаў за адмену смяротнага пакарання”

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: