«Забойца. Супраць усіх» — моцны і атмасферны трылер. Гэта годны працяг «Забойцы» Дэні Вільнёва, які дае гісторыі «чалавечы твар», але момантамі губляе логіку і пакідае больш пытанняў, чым адказаў.

Новая каманда — новы «Забойца»

У 2015 годзе на экранах з’явіўся трылер Дэні Вільнёва «Sicario», які атрымаў ад расійскіх пракатчыкаў назву «Забойца». Фільм апавядаў пра агента ФБР (Эмілі Блант), уцягнутую ў бясконцую вайну паміж спецслужбамі ЗША і мексіканскімі наркакартэлямі на мяжы дзяржаў. У гэтай сутычцы бакі гулялі па правілах вайны, якія абясценьваюць чалавечае жыццё. Фільм, дзякуючы сваёй атмасферы, выдатнай рэжысуры і актуальнаму сцэнарыю, стаў адным з адкрыццяў, а скончаны сюжэт расстаўляў усе кропкі.

Праз няпоўныя тры гады выходзіць сіквел, які атрымаў у расійскім пракаце падзагаловак «Супраць усіх». Змяняецца каманда стваральнікаў: новым кампазітарам стала Хільдур Гуднадоццір, аператарам — Дарыюш Вольскі, а рэжысёрам — Стэфана Саліма. Калі б гаворка ішла пра звычайны баявік, на замены бы ніхто не звярнуў увагі, але першая частка «Sicario» мела моцны аўтарскі почырк рэжысёра Дэні Вільнёва. Змена творцаў магла пайсці не на карысць.

Дэталёва і праўдападобна

Галоўным «мостам» паміж стужкамі стаў сцэнарыст Тэйлар Шэрыдан. Раней не самы паспяховы серыяльны акцёр, цяпер адзін з самых таленавітых сцэнарыстаў Галівуду. За мінулыя тры гады з моманту экранізацыі яго дэбютнага сцэнара «Sicario»: намінацыя на «Оскар» («Любой цаной») і паспяховы рэжысёрскі дэбют («Ветраная рака»). Шэрыдан, як жыхар амерыканскага Поўдня, добра ведае аб крымінальных праблемах сваіх родных мясцін, таму першы «Sicario» глядзеўся надзвычай дэталёва і праўдападобна.

У другой частцы сцэнарыст паглыбляецца ў праблемы нелегальнай міграцыі ў ЗША. Мяжа з Мексікай становіцца «прахадным дваром» для тэрарыстаў з Блізкага Усходу. Гэтаму спрыяюць наркакартэлі. Перад героямі першай часткі стаіць задача гэтаму перашкодзіць.

Схаваная чалавечнасць

Чаго не хапае другому фільму, дык гэта «цішыні». Першы «Забойца» ціснуў на псіхіку сваім дэпрэсіўным бязгуччам, што асабліва дапаўняла маўчанне Алехандра — героя Бенісіа дэль Тора. Гэты загадкавы персанаж выканаў сваю місію, але ў працягу атрымаў новае імклівае развіццё.

Гэта развіццё вядзе па шляху да спагады і міласэрнасці. У героі прачынаецца прыхаваная чалавечнасць, калі стаіць пытанне аб выратаванні дзіцяці, дачкі наркабарона. Былы адвакат, былы помсьнік і кат падымае каштоўнасць чалавечага жыцця шляхам адрачэння ад уласнага. Гэтая ахвяра прывядзе на бок дабра і яго «баявога» таварыша ў выкананні Джоша Броліна.

Бясконцы саспенс або бясконцыя пытанні?

У «Sicario 2» прыкметна пашыраны сюжэт, героі больш падобныя да жывых людзей, іх учынкі больш разняволеныя. Яны больш не шрубкі вялікай дзяржаўнай машыны, яны могуць сказаць «не» бяздушным загадам. Таму другая частка мае больш «чалавечы твар», чым першая.

У арыгінальным фільме рэжысёр займаўся дакументальным даследаваннем, безэмацыйна ўнікаючы ў дэталі вайны ЗША з наркабаронамі. Тут героі ўжо не проста салдаты, а жывыя людзі, якія захавалі чалавечнасць падчас «неаб'яўленай» вайны з картэлямі.

Але месцамі працяг губляе логіку таго, што адбываецца, падзеі пачынаюць адбывацца сумбурна, быццам рэжысёр страціў на некалькі хвілін кіраванне фільмам. Першы фільм быў з хірургічнай выразнасцю змантаваны і ставіў «тлустую кропку» ў фінале, а другі - некалькімі фіналамі спрабуе дамагчыся бясконцага саспенса, але дадае яшчэ больш пытанняў у канцы.

Годна, але не хапае завершанасці

«Забойца. Супраць усіх» як сіквел атрымаўся самадастатковым прадуктам, які годна працягвае сюжэт і захоўвае атмасфернасць таго, што адбываецца. Але новаспечанаму трылеру не хапае завершанасці ў апавяданні і, вядома, Эмілі Блант, якая ўпрыгожвала першую частку.