Галоўнае, што ўдалося ўсвядоміць: калі стрэсу ў жыцці робіцца больш, чым можаш вытрымаць, гэта стамляе. Так, што больш не застаецца сілаў ні на што. Каб супрацьстаяць гэтаму, трэба ствараць для сябе магчымасці пражываць іншыя эмоцыі і ўражанні, піша Telegram-канал «Тётя Ира Разрешила».

Спецыялісты могуць дапамагчы на пачатку працэсу ці падтрымліваць перыядычна. Асноўная частка працы ўсё роўна застаецца ў зоне асабістай адказнасці і ўласнай практыкі. Цёця Іра расказала, што з парадаў ад спецыялістаў запала ў сэрцайка і праверана на ўласным досведзе.

1. Маляваць

Гэта першае, што прыйшло ў галаву для барацьбы са стрэсам. Набыла сабе дзіцячую мядовую акварэль, пару пэндзляў і альбом. Стала спрабаваць. Атрымлівалася не супер. Для свабоднага выяўлення чаго б там ні было не хапала элементарных ведаў. Потым мне патрапіўся ў сеціве бясплатны марафон па акварэльным скетчынгу. За пяць дзён працы з настаўнікам анлайн многія штукі сталі на свае месцы.

Крокі, малюнкі, ежа. Што ратуе, калі зусім цяжка - праверана на сабе
Калі малюеш услед за настаўнікам — вынік гарантавана станоўчы. Як па мне, гэта досвед прыняцця падтрымкі, досвед падзелу адказнасці і магчымасць паназіраць за сабой у пазіцыі вучня

Ад таго часу малюю даволі рэгулярна — па 1−2 разы на месяц. Пакуль, па-ранейшаму, з урокаў у сеціве, але ўжо цягне зрабіць нешта сваё, самастойнае.

Маляванне дапамагло заўважыць, што ў жыцці ёсць нешта, апроч стрэсу. Дало магчымасць выразіць сябе не словамі і літарамі, а рукамі і фарбамі. Заўважыла, што стала больш уважлівай да навакольнага асяроддзя. Пачала прыкмячаць вакол фарбы і колеры, звяртаць увагу на гульню святла і ценю, адзначаць сюжэты і кампазіцыі.

Чытай таксама: Бег, гарбата і коцікі. Што дапаможа ад стрэсу, калі да псіхолага не дайсці

2. Гатаваць ежу

Агулам гэта больш пра тое, як арганізаваць свае руціны, зрабіць простыя і неабходныя пабытовыя дзеянні прыемнымі і карыснымі для сябе. Гатаванне ежы дае перадышку ў звыклай працы, пошук новых рэцэптаў і смакаў папросту надае жыццю новую якасць.

Крокі, малюнкі, ежа. Што ратуе, калі зусім цяжка - праверана на сабе
Нават не ведаю, што люблю больш: дранікі, кветкі ці фоткаць ежу. Спрабую сумяшчаць

Салатка з праванскімі травамі - ужо міні-падарожжа. Тарталетка да ранішняй кавы — свежы погляд на новы дзень. Вакол гатавання ежы мне было лягчэй адбудоўваць свае руціны — ад чысткі зубоў да ўборкі кватэры.

Дадатковы бонус — камунікацыя. На дэгустацыю новай стравы ці на свой фірмовы рэцэпт добра запрашаць у госці сяброў. Ім прыемна, мне — менш калорый)) Карыстаюся гэтым рэгулярна і дзялюся ўсім, што гатую. Гэта дапамагае не заставацца падчас крызісу ў адзіноце.

Тут больш рэцэптаў:

3. Планаваць фізічную нагрузку

Гэта тое, што ў мяне адвальваецца першым і адбудоўваецца ў апошнюю чаргу. Пасля вельмі цяжкага году я толькі зараз наважылася ізноў пачаць хадзіць у басейн. Да гэтага проста старалася сачыць за колькасцю пройдзеных крокаў, каб было не менш за 10 000. Атрымоўвалася не заўсёды.

Каб зрабіць неабходнасць фізічных практыкаванняў трохі больш для сябе прывабнай, вырашыла сумясціць «крокі» з парадай падарожнічаць і знаёміцца з новымі месцамі. Стараюся хоць раз на тыдзень выйсці са свайго раёнчыка, каб паглядзець на іншыя часткі горада.

Крокі, малюнкі, ежа. Што ратуе, калі зусім цяжка - праверана на сабе
Па версіі псіхолагаў, мозг у адказ на новыя маршруты ў рэале таксама ўтварае новыя нейронныя сувязі і псіхалагічны стан робіцца больш устойлівым

Чытай таксама: Рух, дыханне і размовы: псіхалагіні параілі, як справіцца з душэўнымі перажываннямі і адчуваннем небяспекі

4. Ручная праца

Дапамагае асабліва, калі асноўную працу трэба рабіць галавой. Узгадала, што раней паміж справамі шмат займалася розным рукадзеллем і вырашыла аднавіць гэту практыку. Пачала з вязання. І гэта аказалася нібы медытацыя. Вочка налева, вочка направа, уся увага на пальцы, у галаве чысты дзэн. Асабліва заходзіць калі галава ўжо не саабражае ад працы і пад добрую аўдыёкніжку.

Крокі, малюнкі, ежа. Што ратуе, калі зусім цяжка - праверана на сабе
У выніку атрымалася пару тыдняў са спакойнымі вечарамі і цёплы ўтульны паланцін

Потым пабачыла ў краме просценькі набор для вышывання. І вельмі захацелася паспрабаваць. Адразу ўзгадалася, што раней у вясковых хатах заўсёды віселі вышываныя карціны гаспадынь. Хай сабе былі яны зробленыя па адных на ўсю вёску малюнках, але кожная ганарылася створанай прыгажосцю. Тыя жанчыны працавалі цяжка і шмат, часта ўсю гаспадарку на сваіх плячах трымалі. Але ж знаходзілі час і на гэта. А можа, толькі гэтымі вышыванкамі і ратаваліся.

Крокі, малюнкі, ежа. Што ратуе, калі зусім цяжка - праверана на сабе
Хай мая вышыванка будзе і вельмі простай, але ручная праца вельмі дапамагае супрацьстаяць агульнаму трывожнаму фону. Працэс ідзе. Мае дзеянні змяняюць канву. На былых белых клетках узнікае ўзор. Я магу змяняць нешта ў жыцці. Я магу ствараць — відавочная рэч і нечаканы інсайт.

Чытай таксама: «Откровенные письма» читают в баре. Психологи и комики из Гродно организовали шоу с советами и шутками

5. Замежныя мовы і музыка

Тут той самы прынцып — уражанні ад мовы, якую мозг не прывык успрымаць, яго абуджаюць і забіраюць увагу на сябе. Стрэсу прыходзіцца трохі саступіць. Самы круты эксперымент з мовамі і гукамі здарыўся ў мяне ў оперы.

Крокі, малюнкі, ежа. Што ратуе, калі зусім цяжка - праверана на сабе

Там спявалі па-італьянску, а пераклад ішоў цітрамі на англійскую. Пры гэтым на сцэне адбываліся вельмі прыгожыя дзеянні. Неабходнасць вельмі хутка ўключацца ў некалькі патокаў інфармацыі адначасова так захапіла, што апроч гэтага не засталося нічога. Ад перагрузу мяне нават «выключала» на некалькі хвілін. Здаецца, я правальвалася ў вельмі глыбокі і хуткі сон. Апошні раз такое са мной было на першым курсе, на лекцыях па вышэйшай матэматыцы. Са спектакля выйшла з крыштальна-чыстым позіркам на жыццё. Хто не баіцца экстрыму, можна паспрабаваць такі спосаб.

Читайте также: «Берите паузу». Как семья из Гродно живет с разными политическими взглядами и что об этом думает психолог

Замест высноваў

Калі паспрабаваць абагуліць, то сітуацыю пост-стрэсу я спрабую выкарыстаць для рэалізацыі нейкіх даўно адкладзеных гештальтаў ці каб паспрабаваць тое, што раней не адважвалася рабіць праз перфекцыянізм ці страх паразы. Самае складанае для мяне — прызнаць, што гэты неабходны адпачынак — частка маёй працы. Што яго трэба планаваць і ўлічваць у агульным раскладзе працоўнага часу. Што я малюю, шпацырую ці слухаю музыку не дзеля таго, каб адлыньваць ад працы, а дзеля таго, каб назапасіць сілы на яе выкананне.

З таго, што кажуць псіхолагі, мне спадабалася меркаванне пра карысць шматлікіх стратэгій і спосабаў супрацьстаяння стрэсу:

«Чым больш у чалавека разнастайнасці ў спосабах захавання ўстойлівасці, тым лягчэй ён/яна перажывае крызіс і стрэсавыя сітуацыі, а устойлівасць і здольнасць да самааднаўлення вышэй. Гэта як табурэтка — чым больш ножак, тым менш хістаецца».