Чытачы часам просяць нас расказаць пра мясціны Гродна, якія змяніліся да непазнавальнасці ў далёкім або блізкім мінулым. Выконваючы такую просьбу, расказваем і паказваем, што знаходзілася на месцы вялізарнага будынка гродзенскага драматычнага тэатра.
У 1620 г. адзін з мясцовых магнатаў Геранім Валовіч зафундаваў будаўніцтва на сваіх уласных пляцах кляштар для бернардзінак. Для іх быў узведзены барочны будынак святыні і чатырохкутнік будынкаў для манашак.
Гэты малюнак Напалеона Орды — рэдкая мачымасць паглядзець на кляштар яшчэ да перабудовы. Уваходная брама манастыра знаходзілася акурат пад вуліцай Давыда Гарадзенскага насупраць увахода ў малы зал сучаснага драмтэатра.
У сярэдзіне ХІХ ст. у будынкі зачыненага кляштара бернардзінак перанеслі праваслаўны Барысаглебскі манастыр з напаўразбуранай царквы на Каложы.
Недзе ў 1890-х гг. барочны будынак касцёла трохі перабудавалі, каб надаць яму візантыйскі выгляд. Будынку панізілі дах, зрабілі светлавы барабан, на званіцу паставілі шатровы купал з цыбулінкай. Цікавае фота паказвае будынак манастыра яшчэ без навакольных будынкаў. Зроблены ён аднекуль з сада бернардынскага касцёла, з суседняга ўзгорка.
Фотаздымкаў манастыра ў праваслаўным выглядзе засталося найбольш.
У той час гэта быў цэлы комплекс будынкаў у якіх, напрыклад, размяшчаўся епархіяльны царкоўна-археалагічны музей.
Пасля заняцця горада нямецкімі войскамі тут былі размешчаны беларускі дзіцячы прытулак і беларуская пачатковая школа. На будынку манастыра да сярэдзіны 1920-х гг. вісеў бел-чырвона-белы сцяг, які пасля загадалі зняць польскія ўлады.
Адзінае фота інтэр'ераў святыні яшчэ ў выглядзе праваслаўнага манастыра. Пачатак ХХ ст.
У міжваенныя гады палякі прыбралі праваслаўныя дабудовы святыні, размясціўшы ў былым кляштары рамесную школу. Аднак навуковую рэстаўрацыю касцёла не правялі. Увосень 1939 г. на кляштары знаходзіліся польскія зенітныя кулямёты, якія адбівалі атакі нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў.
Асноўная забудова кляштара згарэла ў ноч на 22 чэрвеня 1941 г. Нямецкія салдаты любілі фатаграфавацца на фоне руінаў святыні і вялікіх будынкаў навокал.
Пасля 1944 г. кляштар прастаяў у выглядзе руінаў яшчэ каля 15 гадоў.
Відавочна, што ў гады вайны былі разабраны ўсе навакольныя будынкі апрача рэштак святыні.
Фота 1960 г. Кляштара ўжо няма, але яшчэ не цалкам засыпана вуліца ад Падола да Новага замка.
Лета 1968 г. Пляцоўка на месцы былога кляштара цалкам падрыхтавана да новай будоўлі.
У другой палове 1970-х гг. на месцы былога кляштара пачалі будаваць драматычны тэатр па праекту архітэктара Г. Мачульскага, які скончылі ў 1984 г. Тое была велізарная будоўля, якая запатрабавала прыкладна столькі бетону, сколькі спатрэбілася для будоўлі усёй тагачаснай Дзевятоўкі.
Будаўнікі выкапалі велізарны катлаван, знішчыўшы ўсе старыя падмуркі і археалагічныя слаі. На вялікі жаль, работы не былі папярэджаны ніякімі археалагічнымі даследаваннямі. Будаўнікі аднак рабілі цікавыя знаходкі, напрыклад, дакладна вядома, што быў знойдзены скарб сярэбранага посуду, які не дайшоў да музеяў.
Драмтэатр стаў «візітоўкай» горада, асабліва для рэспубліканскіх прагнозаў надвор’я. У прынцыпе, далёка не самы горшы будынак, мабыць адзіная сапраўды арыгінальная пабудова савецкай эпохі, якая не дублюецца ў якім-небудзь абласным горадзе былога СССР.
На плане, зробленым Ігарам Лапехам, можна ўявіць як знаходзіцца сучасны драмтэатр адносна старых будынкаў, якія вы бачылі на здымках. У мінулае пайшоў цэлы гістарычны квартал.
Некалькі гадоў таму ўлады хацелі размесціць каля драмтэатра памятны знак аўтарства Уладзіміра Качана, каб ушанаваць зруйнаваныя святыні - кляштар бернардзінак і Барысаглебскі манастыр. Аднак на рэалізацыю праекта не знайшлося сродкаў, таму ён так і застаўся на паперы.