Сярод помнікаў, якія некалі паўстануць у Гродне, будзе помнік неіснуючым ужо вуліцам. Яны знікалі ў розны час і па-рознаму. Большасць страчвала гістарычную назву, некаторыя вуліцы мянялі сваю трасіроўку, некаторыя дзяліліся на тры-чатыры новыя, а некаторыя злучаліся. Але ёсць і такія вуліцы, ад якіх сёння не засталося ні назвы, ні трасіроўкі, ні забудовы. Адна з такіх вуліц мела некалі назву Пральная, або Пральны завулак.


Помніце знакаміты малюнак Ганса Адэльгаўзера? Купцы ды вайскоўцы перайшлі драўляны мост ды ўздымаюцца па гары некуды ў бок сучаснай Савецкай плошчы. Але ўзняцца на гару, дзе цяпер узвышаецца гродзенскі драматычны тэатр, было таксама цяжка, як і цяпер. Таму галоўная дарога пралягала ад моста па вузкай дарозе паміж наднёманскімі пагоркамі. Дарога забірала ўлева і выходзіла ў раёне Новага замка, недалёка ад манастыра Раства Багародзіцы. Прыкладна там можна было павярнуць управа і выйсці па Маставой вуліцы да рынка.

Але перад тым трэба было ўзняцца па крутой вуліцы паміж цяперашнім тэатрам і Новым замкам. Давайце пройдзем па гэтай неіснуючай вуліцы разам.

Пральны завулак з вышыні птушынага палёта. Здымак зроблены нямецкім лётчыкам у 1915 г. Звярніце ўвагу, што ходнік на гэтай вуліцы быў толькі з аднаго боку. З другога ўзвышалася гара Новага Замка. Фота з калекцыі Фелікса Варашыльскага.
Від на Пральны завулак таксама з самалёта, але крыху з іншага ракурса. Бачна, дзе гэтая вуліца заканчвалася.
Забудова вуліцы ў пачатку ХХ ст. Двухпавярховы дом злева — уласнасць Бадылькесаў. Менавіта гэтыя прадпрымальнікі заснавалі тут пральню, якая дала назву завулку-вуліцы.
Нахіл вуліцы быў вельмі круты, больш характэрны для якога Львова ці нашага беларускага Мазыра, чым для Гродна.
Пральны завулак з нямецкімі павозкамі. Яны едуць па пабудаваным немцамі ў 1915 г. драўляным мосце. У міжваенныя гады гэты невялікі квартал меў назву Сёвке гэсал (Сёўчын квартал) ад імя нейкага Сёвы, або Сёўкі. Як відаць з назвы на мове ідыш жылі тут галоўным чынам яўрэі, а таксама небагатыя беларусы.
У міжваенныя гады ў раёне квартала на беразе Нёмана быў пабудаваны каяковы (байдарачны) клуб для вайскоўцаў з гродзенскага гарнізона. Гэты будынак захаваўся дасюль як паб Mr. Hops (раней — карчма «Ля прычала»).
На карціне мастака Маркоўскага бачна, што квартал пацярпеў падчас баёў 1943 г. Хутчэй за ўсё, ад бомбы быў знішчаны дом Бадылькесаў і іншыя будынкі.
Сучасны выгляд былой Пральнай вуліцы. Цяпер на ёй засталіся толькі два будынкі. Гэта былы каяковы клуб — цяпер рэстаран, і доўгі будынак пральняў Бадылькесаў. Некалі гэта быў сучасны аб’ект камунальнай гаспадаркі нашага горада. Ён абслугоўваў не толькі простых гродзенцаў, але і шматлікіх вайскоўцаў гродзенскага гарнізона. У савецкі час некалькі дзесяцігоддзяў тут таксама былі пральні. Але вуліцы наверх ужо не было. Яе засыпалі, будуючы сучасную вуліцу Давыда Гарадзенскага ў 1960-х гг.
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life