Альбом «Гродна сацыялістычны» з фотаздымкамі горада 1950-х гадоў адшукалі ў Беластоку. Ён належаў цётцы гісторыка Алега Латышонка, паведаміў MOST.

Фотаальбом з Гродна 1950-х знайшлі ў Беластоку. Гэта быў падарунак ад Камуністычнай партыі
«Гродна сацыялістычны». Крыніца: mostmedia.io

Фотаальбом вагой каля 10 кілаграм Алег Латышонак адшукаў у кватэры сваёй цёткі Зінаіды Стоцкай, якая памерла летась. Калісьці яна працавала ў ваяводскім камітэце Польскай аб’яднанай працоўнай партыі (партыя ўлады, аналаг камуністычнай партыі ў СССР). Альбом — падарунак Беластоцкаму ваяводскаму камітэту з нагоды 40-годдзя ўтварэння Кампартыі Польшчы ад Гродзенскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі БССР.

Якія фотаздымкі ёсць у альбоме

У альбоме можна ўбачыць фотаздымкі прадпрыемстваў і ўстаноў Гродна 1950-х гадоў, фота вуліц і гарадскіх мерапрыемстваў. Ёсць некалькі фотаздымкаў з Кузніцы і Беластока. Подпісы ў альбоме на беларускай мове.

«Відаць па партыйнай лініі прыйшло ў Беласток. Нават не ведаю, каму дарылі гэты альбом, ці была Зінаіда ў Гродне. Можа яна яго атрымала, калі архіў партыйны ліквідавалі, то забрала сябе на памяць. Ён павінен быў быць у мясцовым архіве, куды і патрапіў архіў польскай партыі ў Беластоку. Але чамусьці апынуўся ў маёй цёткі. Не думаю, што такі альбом ёй маглі падараваць. Гэта ўсё, што я ведаю», — сказаў Алег Латышонак.

Алег Латышонак — польскі і беларускі гісторык, педагог, перакладчык, грамадскі дзеяч. Доктар гістарычных навук, прафесар.

«Было выпушчана толькі некалькі паасобнікаў»

Альбом унікальны для Гродна. Магчыма, у горадзе такога наогул няма. «Гэта рэч не для масавага спажыўца, вельмі абмежаваны наклад. Здаецца, было выпушчана толькі некалькі паасобнікаў. Рабілі на замову, як падарунак. Ён зроблены пад канкрэтныя падзеі для гродзенскіх і беластоцкіх мясцовых уладаў. Гэтыя штукі былі моднымі ў тыя часы, зараз друкаваныя альбомы замаўляюць, а раней былі такія», — сказаў адзін з гродзенскіх гісторыкаў.