Жыхарам Гродна, як і шматлікім гасцям, вядомая фігура-помнік Хрыста, які нясе на плячах крыж, перад галоўным уваходам у Катэдральную Базыліку Святога Францішка Ксаверыя ў цэнтры горада. Гісторыю фігуры узгадвае «Радыё Рацыя».

Збавіцель там прадстаўлены ў стаячай паставе, нахіленым уперад пад цяжарам вялікага крыжа, які ён на плячах цягне на Галгофу, і на якім пазней сам будзе ўкрыжаваны. Правая рука пакутніка выцягнута. Апрануты Ісус у доўгую туніку з церневым вянком на галаве. Фігура ўстаноўлена на цокалі перад прыступкамі галоўнага ўвахода. Пад ёй выбіты надпіс на лацінскай мове «SURSUM CORDA», у перакладзе «УЗНЯСЁМ СЭРЦЫ».

"Схаваная ад людскіх вачэй за мураванай сцяной". Гісторыя фігуры Хрыста ў Гродне

«Постановка статуи будет соблазном для православнаго населения»

Паводле архіўных звестак, помнік устаноўлены ў 1900 годзе намаганнямі тагачаснага гродзенскага дэкана Алойзы Элерта. 8 чэрвеня 1899 года гродзенскаму губернатару быў накіраваны ліст наступнага зместу:

«…прошу выдать разрешение на установку статуи Спасителя собственными средствами против входных дверей на лестнице высотой три аршина».

На што атрымаў станоўчы адказ. Аднак усё перакрэсліў віленскі генерал-губернатар Троцкі:

«Вами представлено мне ходатайство Гродненскаго Декана и настоятеля местнаго Фарнаго костёла ксендза Элерта о разрешении ему поставить статую Спасителя, несущую крест, на перилах лестницы, против входных дверей костёла. Постановка этой статуи, без которой Фарный костёл до сих пор мог обходиться, видимо не вызывается религиозной необходимостью для населения, и так как население окрестностей г. Гродны не сплошное католическое, то постановка статуи будет соблазном для православнаго населения, а потому постановку оной я нахожу излишнею и не могу дать на это согласия».

Спачатку Хрыстос глядзеў у іншы бок

Настойлівы ксёндз 26 лістапада склаў яшчэ адзін ліст гродзенскаму губернатару:

«…Осмеливаюсь вторично утруждать Ваше Превосходительство о возобновлении вышесказаннаго мной ходатайства, причём прошу уважить те обстоятельства, что открытый в настоящее время фронт ремонтирующагося костёла весною будущаго года будет закрыт каменною стеною, которая достаточно закроет статую от глаз проходящих. К тому же на фронте Фарнаго костёла издавна существуют статуи Святых, к которым все привыкли и некатолическое население города смотрит на них вполне равнодушно…».

Пасля ўзгаднення пытання з Вільняй, губернатар вымушаны быў даць дазвол на ўстаноўку статуі пры ўмове, што яна будзе схаваная ад людскіх вачэй за высокай мураванай сцяной. Цікава, што першапачаткова фігура Хрыста была павернутая ў іншы бок — плячыма да плошчы. Верагодна, па загадзе царскіх уладаў. Гэта добра відаць на старых фотаздымках.

"Схаваная ад людскіх вачэй за мураванай сцяной". Гісторыя фігуры Хрыста ў Гродне
У 1925 годзе пры польскай уладзе яе развярнулі тварам да Катэдральнага пляца. Тады рамонт касцёла праводзіла львоўская фірма «Бюро тэхнічна-будаўнічае Вільгельм Альбрэхт». Прадстаўляў яе інжынер Альбрэхт, які часова пражываў па вул. Кірхавая, 7.

Паводле падпісанай умовы, будаўнікі абавязаныя былі правесці вонкавую і ўнутраную рэнавацыю касцёла (акрамя алтароў і фрэсак на сценах), рамонт ганка з фігурай Хрыста, а таксама аднавіць і памаляваць іншыя фігуры святых на фасадзе і ўнутры будынка.

Адна рука — драўляная

Фігура Хрыста, як і касцёл, пацярпелі ў савецкія часы. Можна меркаваць, што тады была страчаная і правая (выцягнутая) рука фігуры. На шчасце, знайшліся майстры, якія выразалі гэту дэталь з дрэва і ўмела далучылі да кампазіцыі. За сваю гісторыю фігура рамантавалася не адзін раз, пра што сведчыць значная колькасць схаваных пад слоем фарбы «штучных уставак». У такім стане помнік захаваўся да нашых дзён.

"Схаваная ад людскіх вачэй за мураванай сцяной". Гісторыя фігуры Хрыста ў Гродне
Варта адзначыць, што падобная фігура Хрыста стаіць пры ўваходзе ў Базыліку Святога Крыжа ў Варшаве.