Ад сёлетняга фестывалю нацыянальных культур можна было чакаць чаго заўгодна. З аднаго боку – нарэшце можна святкаваць пасля пандэміі. З іншага – зусім недалёка ідзе вайна. У выніку анансаваная праграма аказалася як дзве кроплі вады падобнаю да мінулагодняй ці пазамінулагодняй. Для аматараў звыклых забаваў – тое што трэба. А бард і літаратар Віктар Шалкевіч кажа, што такога ўжо наглядзеўся і лепш паедзе на вёску.
Адмыслова для Hrodna.life ён прагназуе, як пройдзе свята, а рэдакцыя прапануе напрыканцы фестывалю праверыць, ці спраўдзілася прадказанне.
“Я не люблю народных ігрышчаў! Для асьвечанай душы і ўзвышанага розуму яны не ўяўляюць сабою аніякай карысці!”(Словы шкаляра Самахвальскага з “Несцеркі” А.Вольскі.)

Сьвяты і ўсё звязанае з імі – гэта вельмі файна. Ёсць магчымасць выбрацца ў горад, патаўчыся то там, то тут, пастаяць у чэргах па піва ці шашлыкі, наліць сабе з рукава ў шклянку прынесенае з сабою гарэлкі, пасварыцца з кімсьці, згубіць ў натоўпе уласнае дзіця, знайсці яго, пазырыцца на сцэну, дзе нібы змяняюцца выканаўцы, а песьня, здаецца, якая была, такая і засталася…
Панаперла на меншыя эстрадныя пляцоўкі рознага кшталту ансамбеляў тупату і сьвісту, народнай вясковай песьні. Закрадаецца ў галаву думка – гораду амаль тысяча год, а песьні ў ім гучаць скрозь вясковыя. Чаму, нашто…Ат, хай сабе, мо ў вёсцы няма ўжо перад кім выступаць, а тут усё ж людзі. У канцы вечара, задраўшы галаву, падзівіцца на нібы велічны салют, убіцца з сям’ёй , калі ўлезеш, у аўтобус і вярнуцца дахаты. Сесці перад тэлевізарам, “дагнацца” літрам піва, і легчы спаць, каб назаўтра прачнуцца з цяжкаю галавою і ўспамінаць, лежачы ў ложку – а што там такое адбывалася, і дзе я быў?
Czemu świętujecie Dzień Kurczaka? A Dzień Batorego – nie?
– Bo na Dzień Kurczaka mamy pieniążki, a na Dzień Batorego – nie!
(з размовы з пэўным чыноўнікам у адным невялічкім польскім мястэчку)
Падкаст “Гаворыць Гродна” з Віктарам Шалкевічам слухай тут:
На добрае, душэўнае, малазідэалагізаванае сьвята патрэбныя вялізарныя грошы, добры сцэнар, брыгада рэзвых рэалізатараў, бэзпраблемная сітуацыя ў краіне і за яе межамі (пажадана), выдатнае надвор’е, зацікаўленыя слухачы і гледачы з поўнымі кішэнямі грошай альбо з немалым рахункам на банкаўскай карце.
Добрае сьвята задавальняе ўсе варствы насельніцтва: жыхароў цэнтральных вуліцаў і спальных раёнаў, вытанчаных інтэлектуалаў і аматараў пазорнай папсы, нацыяналістаў і нэакамуністаў. А калі яшчэ на кожным кроку прадаецца якасная і параўнальна недарагая ежа, слабы алкаголь – ну та hulaj, duszo, рiekła niema!
Такога сьвята я Вам ўсім і жадаю!А сам паеду за Парэчча,на сядзібу, адпачываць. Я не люблю цёгацца па сьвятах…
Чытайце таксама: Кветкі нацый, дзяўчаты з легендамі і 170 кропак харчавання. З’явіліся новыя падрабязнасці пра фестываль нацыянальных культур у Гродне
Адкрыецца без рыбкі. Ці патрэбны гораду «гістарычны» Дом рыбака
Фестываль нацыянальных культур стане трохдзённы. Але апошні дзень будзе не ў Гродне
Дж — У Гародні дожДЖ. «Гарадзенская азбука» вырушае на шпацыр па радках песні Віктара Шалкевіча



