XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне, які пачнецца 3 чэрвеня 2022 года, будзе трохдзённым. Трэці дзень фестывалю адбудзецца на Аўгустоўскім канале. Пра гэта перад працоўнай нарадай паведаміла кіраўнічка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

Фестиваль национальных культур 2020
Фестиваль национальных культур в Гродно. Фото иллюстративное, Hrodna. life

«Мы паўтараем досвед 2018 года: у нас будзе трэці дзень фестывалю. Ён пройдзе на Аўгустоўскім канале. Яго рыхтуюць Гродзенскі райвыканкам сумесна з упраўленнем культуры аблвыканкама. Гэты вопыт вельмі добра сябе зарэкамендаваў. На канале будуць арганізаваны канцэртныя пляцоўкі, інтэрактыўныя», — сказала Алена Клімовіч БелТА.

На Аўгустоўскім канале чыноўнікі плануюць арганізаваць пляцоўку ад БРСМ. «Яна была заўсёды, але ў гэты раз ёй будзе нададзена большая ўвага», — сказала Клімовіч. Таксама арганізатары задумалі спартовую пляцоўку і прадстаўленне сілавога экстрыму. Як гэта будзе выглядаць, Клімовіч не паведаміла.

Колькі нацыянальных падвор’яў будзе працаваць на фестывалі

У ХІІІ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне возьмуць удзел прадстаўнікі 31 нацыянальнасці. Гэта на пяць менш, чым было на папярэднім фестывалі. Яны размесцяцца на 17 падвор’ях. Малалікія дыяспары аб’яднаюць.

Упершыню ў фестывалі прыме ўдзел дыяспара Манголіі. У сувязі з гэтым на алеі Сяброўства ў Каложскім парку пасадзяць новае дрэва.

Беларускі падворак размесцяць на плошчы Леніна. Там прадставяць усе рэгіёны Беларусі.

Што яшчэ будзе на Фестывалі нацыянальных культур

У першы дзень фестывалю, 3 чэрвеня, арганізатары плануюць адкрыць Дом рыбака на вуліцы Замкавай. У другі дзень на вуліцы Тэльмана, у скверы каля культурнага цэнтра «Фестывальны» і абласнога КДБ адкрыюць тэматычную скульптуру. Яна прысвечана фестывалю.

Фестываль нацыянальных культур стане трохдзённы. Але апошні дзень будзе не ў Гродне
Культурны цэнтр «Фестывальны».

У рамках фестывалю будуць працаваць выставы, адбудуцца канцэрты і майстар-класы. Дзяўчаты з прадстаўленых у Беларусі нацыянальных аб’яднанняў пакажуць нацыянальныя строі.

Акрамя гэтага, арганізатары запланавалі круглы стол «Беларусь — наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў». Ён адбудзецца ў галерэі імя Тызенгаўза [маецца на ўвазе не даўно існуючая прыватная «Галерэя Тызенгаўза», а новая прастора ў адноўленым будынку былога архіва — Hrodna.life]. Там павінны сабрацца кіраўнікі 21 нацыянальнага аб’яднання і іншыя зацікаўленыя, хто менавіта БелТА не ўдакладніла.

Падчас круглага стала, арганізатары правядуць прэзентацыю кнігі «Сёстры Хатыні». У ёй сабралі звесткі аб 309 населеных пунктах Гродзенскай вобласці, якія пацярпелі падчас Вялікай Айчыннай Вайны.

Падчас фестывалю плануюць паказаць дзве выставы. У экспазіцыі «Беларусь наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў» прадставяць фота і асабістыя рэчы «вядомых дзеячоў, якія ўнеслі ўклад у развіццё краіны ў пасляваенны перыяд». Маюцца на ўвазе палітычныя дзеячы, вайсковыя начальнікі, дзеячы культуры, адукацыі, навукі, спорта.

Як даўно ў Гродне праводзяць фестываль нацыяльных культур

Фестываль нацыянальных культур традыцыйна праводзіцца ў Гродне раз на два гады з 1996 года. У фестывалі ў 2018 годзе ў Гродне ўдзельнічалі прадстаўнікі 36 нацыянальнасцяў. У той жа год адкрылі культурны цэнтр «Фестывальны» на Тэльмана. Чарговы фестываль павінен быў адбыцца ў 2020 годзе ў 13-ы раз. Яго вырашылі перанесці на год праз каранавірус. У 2021 у Гродне яго зноў вырашылі не праводзіць. Праўда, у верасні 2021 яго адкрыццё правялі на Дзень горада ў Мінску з удзелам 25 нацыянальнасцяў. Летась фестывалю споўнілася 25 гадоў.

Чытайце таксама: