На некалькі дзён вуліца Замкавая ў Гродне стала пешаходнай. Гэта адбылося дзякуючы замене камунікацый на скрыжаванні ля пажарнай часткі. Жыхары вуліцы, карыстаючыся выпадкам, прапануюць мясцовым уладам разгледзець магчымасць абмежавання ўезду транспарту на Замкавую.
Як і раней, калі замянялі камунікацый на Замкавай, працоўныя натыкаюцца на старую брукаванку. Ёй больш за 100 гадоў. На некаторых фрагментах вуліцы яна захавалася пад асфальтам, а недзе ўжо знішчана.
Сабралі подпісы, але яшчэ не адправілі
Жыхары вуліцы лічаць, што брукаванка гэта ўсяго толькі адна з падстаў зрабіць Замкавую пешаходнай.
«На нашай вуліцы паставілі пяць знакаў аб забароне ўезду, але машыны ўсё едуць і едуць, — распавядае жыхар вуліцы Ян Баркоўскі. — Турыстаў на Замкавай заўсёды шмат і яны не заўсёды змяшчаюцца на гэтых маленькіх ходніках, выходзяць на праезную частку. У нас ужо даўно была ідэя прапанаваць уладам зрабіць Замкавую пешаходнай. Нават сабралі подпісы з пяці дамоў, але не паспелі яшчэ адправіць. Замкавая — гэта сэрца нашага горада, тут тры музеі і яна павінна быць адназначна пешаходнай».
[irp posts="3268″ name="Яшчэ адна вуліца з брукаванкай. Ці можа Замкавая стаць другой пешаходнай вуліцай у Гродне?"]
Замкавая круцейшая за Савецкую
Сёння на Замкавай працуе тры папулярныя у горадзе кафэ, якія прыцягваюць людзей на вуліцу. Многія прыязджаюць сюды на машынах. На думку аднаго з наведнікаў «Нашай кавы», Уладзіміра, гэта надае Замкавай асаблівы каларыт.
«Вулачка тупіковая, таму аўто па ёй рухаюцца павольна, кіроўцы і пешаходы тут павінны адчуваць сабе аднолькава ўтульна. Аўтамабільны рух робіць вуліцу больш «жывой», — казаў Уладзімір, калі мы распытвалі яго пра начное жыццё горада. Таму для яго Замкавая круцейшая за Савецкую.
Спачатку забароняць машыны, а потым і кавярні?
Уладальнік «Нашай кавы» Дзмітрый Захарка лічыць, што такія вуліцы, як Замкавая, павінны быць адназначна пешаходнымі. Ды і ўвесь цэнтр павінен быць такі.
Дзмітрый кажа, што можна было б забараніць паркоўку асобам, якія проста паркуюцца на Замкавай і ідуць у горад, а дазволіць тым, хто тут працуе ці жыве, або наведвае музеі або іншыя ўстановы на Замкавай.
«Калі забараніць паркавацца цалкам, то мы адчуем гэта, бо многія да нас прыязджаюць на машынах. Адразу зрабіць вуліцу пешаходнай — не варыянт. Трэба разумна падысці, усё зрабіць у комплесе, пусціць рух міма цэнтра. Тады ўсё будзе добра».
На думку Захаркі, жыхары вуліцы кіруюцца тым, што проста хочуць цішыні і спакою, а не стварэння камфортнай грамадскай прасторы — пешаходнай зоны. «Наступны крок па іх логіцы — збіраць подпісы за забарону кавярняў? Пешаходная зона наадварот прадугледжвае шум, гоман, вулічных музыкаў і г. д. Пытанне трэба абмяркоўваць, бо ў розных бакоў рознае бачанне праблемы».
Лапеха: Зрабіць вуліцу Замкавую пешаходнай трэба даўно
Гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха яшчэ ў 2017 годзе спецыяльна для Hrodna.life падрыхтаваў матэрыял, у якім распавёў, як зрабіць Замкавую пешаходнай, захаваўшы пры гэтым большасць парковачных месцаў.
«Замкавая — гэта самая „бардачная“ вуліца гістарычнага цэнтра. Вечнае газаванне манеўруючых аўтамабіляў, суцэльны паркінг, на якім пешаходы павінны ціснуцца да сценаў будынкаў і абыходзіць кузавы, калі заглянуць у двары, яшчэ большы жах — аўтамабілі месяць балота, якое павінна называцца газонам. Які тут камфорт, якое тут захапленне рэшткамі ансамбля?! Даўно наспела патрэба зрабіць вуліцу Замкавую пешаходнай», — пісаў Лапеха.
На лёс вуліцы паўплывае новы аб’ект
Восень 2018 будзе, верагодна, апошняй для невялікага скверу за палацам тэкстыльшчыкаў Замкавай. У 2019 годзе на гэтым месцы можа распачацца будаўніцтва гандлёва-офіснага цэнтру. Ён шмат у чым і вызначыць будучыню вуліцы. Аўтамабільная нагрузка на Замкавую значна павялічыцца пасля гэтай будовы.
[irp posts="83 500″ name="Сквер за «тэкстылямі» перажывае апошнюю восень: там пабудуюць офісны цэнтр. Што думаюць гродзенцы?"]