Дамаўляцца з адміністрацыяй горада ў пратэстным жніўні 2020 гродзенскім актывістам дапамог ранейшы досвед сумеснай працы. Тэкст патрабаванняў да ўладаў каманда прыняла за 40 хвілін. Калі б такія працэсы адбыліся ў іншых гарадах, то сёння мы жылі б у іншай краіне. Такое меркаванне выказаў старшыня партыі БНФ Вадзім Саранчукоў у інтэрв'ю на YouTube-канале Veisnoria. Hrodna.life паглядзеў яго і запісаў самае цікавае.
Вадзім Саранчукоў — грамадскі і палітычны дзеяч. Старшыня гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага Народнага Фронта (БНФ). З красавіка 2022 года выконваючы абавязкі старшыні партыі БНФ.
Дабіцца перамоваў і саступак з боку ўладаў дапамагла ранейшая практыка сумеснай працы актывістаў, лічыць Вадзім Саранчукоў.
«Пачынаючы ад папярэдніх выбарчых кампаній, прашлі разам праз валанцёрства „кавіднае“. У нас быў досвед супольнай працы. Мы ведалі адзін аднаго, хто чаго варты, хто што можа».
Да парламенцкіх выбараў 2019 года ў Гродне аформілася так званая «Каманда28». У яе ўвайшлі прадстаўнікі самых розных арганізацый: партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху «За Свабоду», сацыял-дэмакраты, прафсаюзнікі, правабаронцы і іншыя актывісты. Яны шчыльна супрацоўнічалі і раней, але асабліва блізка пачалі працаваць у 2019−2020 гадах. Лічба «28» у назве каманды адсылае да 2028 года, калі Гродна будзе святкаваць 900-годдзе. Касцяк каманды працаваў разам не адзін год, а ў жніўні 2020-га да гэтых людзей далучыліся многія новыя.
«Я прыйшоў у палітыку ў 1996 годзе і ўвесь час жыву ў Гародні. Усе дзесьці перасякаліся ці рабілі нейкія справы. Касцяк каманды працаваў апошнія гадоў пяць-сем», — сказаў Вадзім.
Гэтая каманда разам праводзіла ў Гродне святкаванне 100-годдзя і 101-годдзя БНР, адукацыйныя і культурніцкія праекты. Таксама каманда аднаўляла месцы пахаванняў паўстанцаў Каліноўскага. «Гэта былі людзі, якія добра разумелі адзін аднаго».
Падчас пандэміі COVID-19 далучылася вялікая колькасць актывістаў, якія не былі раней заангажаваныя ў палітыцы. «Гэта была стрэсавая сітуацыя, калі людзі праяўляліся. І падчас жнівенькіх падзеяў гэта сыграла сваю ролю».
Усё тады адбывалася вельмі хутка і галоўнае было — не разгубіцца. У гэтым дапамаглі досвед і разуменне, як працуе дзяржава і горад.
У каманду, якая прадстаўляла гараджан на перамовах з уладамі, увайшлі каля 60 чалавек: як дасведчаных грамадскіх актывістаў, так і зусім новых у палітыцы людзей. На сходах яны абмяроўвалі патрабаванні да адміністрацыі горада. «Нам трэба было вельмі хутка, вельмі дакладна і зразумела пакласці на паперу тое, што мы хацелі б мець і тое, што хацелі б бачыць».
Тэкст патрабаванняў Вадзім напісаў за 30 хвілін. Раніцай 15 жніўня 2020 года каманда за 40 хвілін абмеркавала яго і падтрымала.
«Мы разумелі, што 60 чалавек не можа патрапіць у гарвыканкам. Таму мы выбралі 12 ці 14 чалавек, якія б маглі зайсці да старшыні гарвыканкама. Тэкст быў вельмі просты, вельмі дакладны і вельмі адрасны. Ён быў зроблены так, каб чалавек, які яго бярэ, зразумеў, што ён можа яго выканаць», — сказаў Вадзім Саранчукоў.
Тэкст патрабаванняў, які падрыхтавалі актывісты, складаўся з дзвюх частак. Першая тычылася ўсёй краіны, другая — канкрэтна Гродна. У ёй было пакрокава апісана, што можа зрабіць мясцовая адміністрацыя, каб сітуацыя нармалізавалася.
Падчас мітынгаў, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, у Гродзенскім гарвыканкаме адбыліся дзве сустрэчы прадстаўнікоў народа і мясцовай адміністрацыі. Першая сустрэча адбылася 15 жніўня, другая — 17 жніўня.
«На першай сустрэчы спачатку было нежаданне слухаць і казаць. З боку адміністрацыі ішла гаворка, што яны не змогуць выканаць нашыя патрабаванні. Але калі [адміністрацыя горада — Hrodna.life] убачыла, як выкладзены пытанні, то рыторыка змянілася», — сказаў Вадзім.
Падчас другой сустрэчы прысутнічалі сілавікі і дэпутаты. «Там было ўжо трошку складаней. Па ўстойлівай чынавенскай традыцыі была спроба забаўтаць сітуацыю, перайсці на статыстыку, на выдаткі, якія горад траціць. Але, трымаючы галаву халоднай, у нас атрымалася настаяць на сваім і не звесці гаворку ў бок».
Па выніках сустрэч гарвыканкам вырашыў стварыць Савет народнага даверу. Планавалася, што гэта будзе сталадзейнічаючы орган. Там павінны былі быць і дэпутаты, і палітычныя актывісты, і прадстаўнікі працоўных зменаў з заводаў, якія па вечарах пасля працы выходзілі на плошчу.
У наступныя два дні пасля сустрэчы мітынгі на плошчы Леніна ў Гродне лічыліся дазволенымі. На вуліцах на нейкі час спыніўся гвалт з боку сілавікоў. Усіх затрыманых, якія за тыдзень атрымалі суткі па адміністрацыйных справах, вызвалілі.
Усе дамоўленасці з гарадской адміністрацыяй скасавалі пасля таго, як з Мінска прыйшоў загад, думае Саранчукоў. «Адменены дазволы на правядзенне масавых мерапрыемстваў, спынілі ўсе трансляцыі [прамыя трансляцыі з вечаровых мітынгаў некалькі дзён праводзілі на гарадскім тэлеканале „Гродна Плюс“ — Hrodna.life], зноў пачаліся жорсткія дзеянні з боку сілавікоў».
«Калі б такія працэсы, як у Гродне, прайшлі яшчэ б у некалькіх гарадах, я ўпэўнены, сёння мы жылі б у іншай краіне, — кажа Вадзім. — Досвед супрацы ў Гародні дапамог нам зрабіць гэта вельмі хутка. У іншых гарадах проста не паспелі. Усё ішло на лічаныя гадзіны. Сабрацца, дамовіцца, сфармуляваць агульныя каштоўнасці і мэты».
«Праз тры дні, як у нас адбыліся дамоўленасці, знялі старшыню аблвыканкама. І прыехаў новы старшыня [Аляксандр Лукашєнка прызначыў на пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка — Hrodna.life]. Пасля быў заменены спецпрадстаўнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці [гаворка пра Юрыя Караева, якога ў лістападзе 2020 года Аляксандр Лукашэнка прызначыў на пасаду памочніка па Гродзенскай вобласці - Hrodna.life]».
На думку Вадзіма, гэтыя людзі прыехалі з дакладным разуменнем, што трэба спыняць працэс камкнікацыі, які наладжваўся.
«Мы спрабавалі камунікаваць праз тых, з кім ў нас была ранейшая камунікацыя. Але рашэнне аб спыненні гродзенскіх працэсаў, я так разумею, было прынята ў Мінску на нацыянальным узроўні. Таму знайсці нейкі падыход не атрымалася», — сказаў Вадзім.
Паводле яго словаў, думак пра сілавыя варыянты, нават не было ў галаве. «У той момант, план B быў як план A. Мы спрабавалі дайсці да дээскалацыі сітуацыі, у нас гэта было асноўнае. Выдумаць нешта іншае, не дай божа, выдумаць нейкія сілавыя варыянты».
Страйкі ў Беларусі не атрымаліся, бо незалежныя прафсаюзы ў Беларусі знішчаюцца апошнія гадоў 20, кажа Саранчукоў. Таму далёка не на кожным прадпрыемстве была ячэйка прафсаюза, які мог бы сфармуляваць патрабаванні. Паводле заканадаўства Беларусі, забаронена страйкаваць па палітычных матывах, а патрабаванні ў людзей у жніўні 2020-га былі менавіта палітычныя: спыніць гвалт і навесці парадак з выбарамі. Стачкі не набралі крытычнай вагі, бо наткнуліся на шквал рэпрэсій, якія былі па ўсёй Беларусі.
«І пры гэтым усім у Гародні гэтыя прафсаюзныя ячэйкі утварылі вельмі хутка. Не атрымался, каб яны разрасліся да асноўных арганізацый і рыхтаваліся да пераходу ў стачку», — кажа Вадзім. Гэта, на яго погляд, характарызуе сітуацыю па ўсё краіне. Пры гэтым у аб’яднаны стачачны камітэт у Гродне ўваходзілі прадстаўнікі каля 40 прадпрыемстваў горада: ад маленькіх да вельмі буйных.
Сёння Вадзім лічыць, што тады трэба было больш увагі ўдзяляць камунікацыі з іншымі гарадамі. «Але гэта не памылка, гэта досвед. Зараз бы я ўдзеляў гэтаму больш увагі».
Адміністрацыя пайшла на камунікацыю з народам, бо гэта нармальнае чалавечае жаданне, лічыць Вадзім. «У горадзе ў той момант адбываліся вельмі жорсткія працэсы. Людзей білі, а якая б ні была адміністрацыя, яны ўсё роўна людзі. Інтыітыўна ўсе людзі імкнуцца да дабра і гэтае дабро было ў выглядзе нейкіх сумесных рашэнняў, якія б былі прымальныя і выгадныя для ўсіх бакоў».
Тое, што 40 тыс. чалавек выходзяць пратэставаць, у Гродзенскім гарвыканкаме ніякай радасці не выклікала, думае Вадзім.
«З іх боку таксама было разумнае жаданне знайсці нейкі кампраміс. Ясна, у іх былі свае чаканні, яны тычыліся прадпрыемстваў якія пераходзілі ў передстрайкавы стан. Для адміністрацыі горада вельмі важна было, каб прадпрыемствы працавалі, каб горад функцыянаваў».
«Любое дзеянне эфектыўнае, калі яно максімальна простае. Мы гэты ўвесь працэс максімальна спрашчалі, мы рабілі нашыя тэксты даходліва і прымальна. Мы не будавалі паветраныя замкі, мы сыходзілі з рэальнасці сітуацыі і гэта атрымалася», — сказаў Вадзім.
Вадзім лічыць, што знаходзіцца ў «вымушанай камандзіроўцы» ўжо год. На яго думку, у Беларусі вельмі хутка спатрэбяцца якасныя змены — і ён рыхтуецца да гэтага.
Ён раіць тым супольнасцям, якія застаюцца ў Беларусі, альбо тым, хто з’ехаў, фармаваць каманды, а таксама фармаваць бачанне для свайго рэгіёна. «Чым больш канцэнтравана яно будзе, тым лепш», — сказаў Вадзім.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…