Ужо паўгода гаспадары катоў і сабак заўважаюць: у Беларусі ўзнікаюць перабоі з пастаўкамі ў зоакрамы звыклых кармоў для жывёл. Прычыны: вайна ва Украіне, санкцыі і праблемы з лагістыкай, праз якія некаторыя пазіцыі аказалася нявыгадна дастаўляць у Беларусь. Hrodna.life спытаў у гродзенцаў, ці заўважылі яны праблему, і як плануюць далей карміць сваіх гадаванцаў. Што адбываецца ўнутры рынку, нам распавяла прадавачка з зоакрамы.

Меркаванні ў пакупнікоў і супрацоўніцы зоакрамы разышліся. Першыя лічаць, што праблема ёсць, і гэта падстава пераводзіць жывёл на «натуралку» або шукаць новы корм. Другая кажа, што пастаўкі нестабільныя ўжо некалькі гадоў, але якасны корм у крамах усё адно ёсць, і яго лёгка знайсці.

У траўні купілі 14 кг корму. Чым карміць далей — пакуль не ясна

Котка Юліі сілкуецца украінскім кормам «4 лапы». «У траўні мы паспелі купіць мяшок 14 кг перад тым, як ён цалкам знік з продажу. Я калісьці моцна пагрузілася ў тэму кармоў і догляду за хатнімі жывёламі, пачала разбірацца, чым карміць і чытаць склад. У гэтым корме мне спадабаўся вялікі працэнт бялку і адсутнасць цукру, а яшчэ адэкватны кошт (10−12 рублёў за кг)».

Дзяўчына заўважыла, што корм стаў знікаць з продажу ўжо праз месяц-два пасля пачатку вайны. Тады яна вырашыла закупіцца па магчымасці.

«Перавод на новы корм пакуль адцягваем, складана выбраць нешта за прыстойную цану і з прыстойным складам».

Зараз Юлія ў пошуку добрага корму, чытае склады, размаўляе з прадаўцамі.

«Ведаю, што многія думаюць перавесці жывёл на натуральны корм. Але мне такі варыянт не вельмі падабаецца, гэта складана. Не ў кожнага гаспадара ёсць столькі часу і ведаў. Лепш знайду новы добры корм».

Трэба пастарацца, каб знайсці патрэбны корм у маленькім горадзе

Святлана са Шчучына корміць свайго ката кормам Purina One для кастрыраваных катоў. «У сваёй цэнавай катэгорыі - найбольш прымальны па якасці. І кату падабаецца, а ён пераборлівы».

корм для животных беларусь цены исчез из продажи
Ілюстрацыя: Hrodna.life

Корм у продажы яшчэ ёсць, але ўжо з перабоямі. «Трэба проста пастарацца, каб знайсці яго ў маленькім горадзе. Па кошце падаражэў: сухі быў у раёне 10−11 рублёў, стаў 15. Вільготны быў да 1 руб., цяпер 1,5».

Дзяўчына паступова пераводзіць ката на натуральны корм. «Пакуль не знік [Purina One — Hrodna.life] канчаткова, але я ўжо стараюся пераводзіць ката на натуральны корм: крупы, „Бобік“, тварог і г. д. Кот раней ужо быў на натуральным харчаванні, так што прасцей, але ў цэлым стрэс для жывёлы, вядома».

Цана не змянілася, склад таксама. Але ёсць асцярогі

Карына корміць котку Purina Pro Plan французскай вытворчасці. «У крамах ёсць корм і вытворчасці Расіі. Але я не давяраю расійскаму вытворцу, плюс поўсць рэальна ад французскага лепш». Кошт за 400 грам — ад 12 руб. «Калі купляць па кілаграме або больш, магчыма, гэта і больш выгадна, але корм „ветрыцца“ і кот яго не есць. Таму даводзіцца купляць яму па 400 грам пачак, хапае яе на 4−5 дзён».

Дзяўчына пакуль не заўважыла зменаў ні ў кошце, ні ў складзе. Але асцярогі пасля пачатку вайны ў Украіне былі. «У продажы корм ёсць, хоць у канцы лютага прадаўцы казалі, што не ведаюць, ці будуць пастаўкі. Цана не змянілася, склад, па-мойму, таксама».

корм для животных беларусь цены исчез из продажи
Ілюстрацыя: Hrodna.life

Яшчэ раней Карына заўважала, што калі купіць такі ж корм, але на вагу, то кот проста не можа яго есці. Пры гэтым прадаўцы запэўнівалі, што гэта той жа французскі корм. «Такое адчуванне, што там можа нешта больш таннае. Але так было і да лютага 2022 года», — удакладняе Карына.

Калі такі корм знікне, яна будзе карміць гадаванца больш «чалавечай» ежай. «Я дакладна не буду даваць яму танныя Whiskas або Kitekat. Калі не будзе нічога нармальнага, тыпу Royal Canin, то буду цалкам „чалавечай“ ежай карміць».

Ці ёсць праблема насамрэч? Распавяла супрацоўніца зоакрамы

Прадавачка зоакрамы Вольга ўпэўненая, што сітуацыя яшчэ не крытычная. «Гадоў 15 таму зоакрамаў наогул было вельмі мала і выбар кармоў у Беларусі быў вельмі вузкім — 5−6 відаў максімум. Чуткі, што нібыта нешта знікае, — гэта ўсё „глупства“. Хто хоча — той заўсёды знойдзе».

Але Вольга не адмаўляе, што праблемы з лагістыкай у гэтай сферы ёсць. Праўда, яны не новыя.

У прыклад дзяўчына прыводзіць знакаміты корм Acana. «Ён прыходзіць з перабоямі ў Беларусь ужо каля двух гадоў. Але людзі, якія хочуць яго купляць, прыходзяць, купляюць вялікімі мяшкамі, заказваюць у інтэрнэце. Я нават сустракала кліентаў, якія прыязджалі з Расіі да нас па корм».

корм для животных беларусь цены исчез из продажи
Ілюстрацыя: Hrodna.life

Вельмі мала кармоў знікае цалкам, кажа Вольга. Часам корм перастаюць заказваць, бо ведаюць, што на яго не будзе попыту. Альбо ёсць іншыя праблемы, як з чэшскім кормам Brit. «Мы распрадалі рэшткі. Яго проста няма і не будзе. У гэтым выпадку ўсе кліенты перайшлі на іншы корм».

Вольга звязвае яго знікненне з санкцыямі і контрсанкцыямі. У ліпені 2021 года ўвоз кармоў і дабавак з Чэхіі ў Расію забараніў Рассельгаснагляд. А з пачатку 2022 года многія прадукты з Еўрасаюза трапілі пад санкцыі ў Беларусі. Праўда, кармы для жывёл у спіс забароненых прадуктаў не ўваходзяць.

«Дай бог, каб гэтыя кармы не вярнуліся»

«Цяпер аптавікі задралі працэнты за кармы кшталту Whiskas, Kitekat, Pedigree, Chappi — і яны зніклі. Гэта не выгадна зоакрамам: купляць мяшок, напрыклад, за 100 рублёў, а прадаваць за 105», — кажа яна. Пасля таго, як урад у кастрычніку 2022 забараніў падымаць кошты, аптавікі, якія гандлююць такімі кармамі, сталі забіраць усю дазволеную надбаўку сабе, мяркуе Вольга.

Яна рада, што цяпер купіць кармы эканом-класа стала больш складана.

«Дай бог, каб гэтыя кармы не вярнуліся. На дадзены момант яны будуць прадавацца толькі ў прадуктовых крамах». Там, на яе думку, цяпер альбо распрадаюць рэшткі са склада, альбо трымаюць іх як «тавары-кручкі». «Чалавек заходзіць па корм і бярэ яшчэ сабе нешта ў кошык. Гэта маркетынг».

Вольга ўпэўненая, што ўяўная таннасць такіх кармоў - гэта ілюзія. Сабака або кот недаатрымлівае спажыўных рэчываў і ўвесь час хоча есці, а значыць — гаспадары выдаткоўваюць на корм больш. «Людзі пачалі пытацца і пазнаваць, аказваецца Whiskas з яго складам — гэта чысты яд. Вы можаце за гэтыя ж грошы ўзяць нешта лепей, альбо крыху-крыху даражэй і нашмат лепш, задумацца пра здароўе вашага катка. І каток у двая менш будзе есці гэтага корму».

Добрыя кармы знайсці рэальна, упэўненая Вольга. Калі нешта адно знікае, з’яўляецца нешта іншае. Галоўнае, паступова пераводзіць.

«Чым даўжэй кот есць корм аднаго вытворцы, тым лепш для імунітэту і стрававання жывёлы. Арганізм падладжваецца пад формулу [адсоткавыя суадносіны бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і ўнікальны склад корму ў кожнага вытворцы — Hrodna.life] і пажыўныя рэчывы засвойваюцца лепш».

А што з коштамі?

Цана ў кармоў не змяняецца без прычын. А пасля ўказу аб стабілізацыі цэнаў некаторыя кармы патаннелі, сцвярджае Вольга. «Напрыклад, нямецкі корм Sanabelle на гэты момант патаннеў. Што будзе далей — невядома. У асноўным цяпер кармы таннеюць, знікаюць яны момантамі».

За апошні год кошты ў асноўным раслі ў сувязі з ростам курсаў еўра і долара, а таксама ў сувязі з закупачнай цаной. На хадавыя кармы таксама маглі накручваць цэны. «Дапусцім, калі склад корму дазваляе шалёную накрутку, а людзі купляюць. Цяпер такія кармы, пасля ўказа прэзідэнта, значна патаннелі».

корм для животных беларусь цены исчез из продажи
Ілюстрацыя: Hrodna.life

Вольга запэўнівае, што цэны на кармы не толькі раслі, але і падалі. «Увесну было моцнае падаражанне, скакалі цэны канкрэтна, летам яны ўпалі назад. Дастаткова стабільныя былі ўсё лета, а цяпер кошты падаюць з улікам новай пастаўкі з-за мяжы».

У прыклад дзяўчына прыводзіць суперпрэміум корм беларускай вытворчасці Pet’s Brunch. Яго вырабляе прыватная фірма з Верцялішак пад Гродна. Яго склад падабаецца Вользе.

«Мінулай зімой, калі толькі з’явіўся, яго было шмат на паліцах, ён каштаваў 15 рублёў за кг. Прыкладна ў красавіку ён пачаў каштаваць каля 18, потым упаў да 16 летам, потым пачаў зноў даражэць да 20 рублёў. А пасля ўказа аб рэгуляванні коштаў ён ужо каштуе 17».

Што кажуць пастаўнікі

Пастаўшчыкі прадукцыі папулярных брэндаў Whiskas, Kitekat і Friskes распавялі myfin.by, што ў расійскіх прадпрыемстваў па вытворчасці кармоў ёсць праблемы з сыравінай з-за санкцый. Праз гэта вытворчасць істотна скарацілася.

— Кошты, адпаведна, папаўзлі ўверх, і сёння многія беларускія імпарцёры проста адмаўляюцца везці сюды прадукцыю, на ёй цяпер складана зарабіць, — распавёў прадстаўнік адной з беларускіх кампаній-пастаўнікоў.

Паводле яго, з амерыканскімі і еўрапейскімі кармамі з-за ўвядзення санкцый адбыліся збоі ў лагістыцы. Таму многія кармы не зніклі зусім — але кошт, улічваючы дастаўку абыходнымі шляхамі, вырасла.