У пачатку ліпеня Марыя (імя зменена ў мэтах бяспекі – Hrodna.life) разам з калегай адкрыла касметалагічны салон у цэнтры Беластока. Беларускі робяць манікюр, педыкюр, масаж і касметалагічныя працэдуры. Здараюцца дні, калі Марыя прымае да дзесяці кліентаў. З Гродна яна прыехала з дзецьмі – старэйшае дзіця ўжо здало экзамены ў польскай школе і зусім хутка перад ім стане выбар, куды рухацца далей. Зрэшты, як і перад Марыяй – яна ўжо выбірала для сябе прафесію, горад і хобі, але эміграцыя ўсё абнуліла. У Беларусі жанчына паспела папрацаваць настаўнікам музыкі, уладкавалася на дзяржаўнае прадпрыемства, а потым знайшла сябе і занялася масажам. Hrodna.life пагаварыў з беларускай і даведаўся, як з Гродна Марыя апынулася ў Беластоку.

«Я заўсёды ведала, што буду ў Гродне»

Марыя нарадзілася і вырасла ў вёсцы пад Ваўкавыскам. Упершыню ў Гродне яна апынулася, калі прыехала на вучобу ва ўніверсітэт. Вучылася Марыя на музычную выкладчыцу па класе баяна і ўжо ў студэнцкія гады зразумела, што Гродна  – яе горад. 

– Калі я вучылася, ўжо тады ведала: я заўсёды буду ў Гродне. Было адчуванне, што ты прыехаў дадому. Гэта тое месца, дзе я хацела б жыць, – успамінае жанчына. 

Любімым месцам у горадзе для Марыі стаў мост на вуліцы Савецкай – яна прыходзіла туды ўвечары, усаджвалася на горку і праз Нёман любавалася на драматычны тэатр.

Драмтеатр: pixabay.com/snibl111
Драмтэатр. Фота: pixabay.com/snibl111

Пасля ўніверсітэта Марыі давялося вярнуцца ў Ваўкавыск на адпрацоўку. У 1999 годзе было незразумела, як выжываць на настаўніцкі заробак, распавядае жанчына. 

– Заробак залежаў непасрэдна ад нагрузкі. Даводзілася хадзіць па школе і шукаць дзяцей, якія б хадзілі на заняткі. 

Бянтэжыла Марыю і тое, што кіраўніцтва не ўспрымала музыку як мастацтва. Ад дзяцей патрабавалі, каб “яны гралі весела”.

– Для мяне прафесіяналізм і паняцце “весела” – розныя рэчы. Увогуле тое, што зараз адбываецца ў школах, мне зусім не падабаецца. Пачалі змешваць класіку з поп-музыкай – ставяць у адну пазіцыю эстраду і класічнае спяванне, – лічыць Марыя. 

Пасля размеркавання жанчына звольнілася з школы. “Хацелася большага, усе маладыя людзі амбіцыёзныя”, – дадае яна. 

Да вяртання ў Гродна заставалася яшчэ некалькі гадоў. 

“Калі бачыш несправядлівасць, у цябе ідзе ўнутраная барацьба”

З дзяцінства Марыя прызвычаілася, што ўсяго трэба дасягаць уласнымі намаганнямі. Таму складанасцяў не баялася, а ўспрымала іх як неабходны этап на шляху да мэты.

Так Марыя апынулася на адным з дзяржаўных прадпрыемстваў у Ваўкавыску. 

– Была цяжкая фізічная работа, я некалькі гадоў адпрацавала. Але там былі моцныя сямейныя кланы: ты прыходзіш, працуеш, імкнешся дасягнуць пэўнага ўзроўню, а цябе намагаюцца заткнуць. Сядзі і не высоўвайся – мяне гэта заўсёды напружвала, – дзеліцца жанчына. 

Аккордеон. Фото: pixabay.com/Schlumpf98
Акардэон. Фота: pixabay.com/Schlumpf98

У сваіх разважаннях Марыя амаль не здзіўляецца таму, што апынулася ў эміграцыі – усё пачалося яшчэ дваццаць гадоў таму на прадпрыемстве. 

– Напэўна, гэта пайшло адтуль. Калі ты бачыш несправядлівасць, у цябе ідзе ўнутраная барацьба. Тады я, як і шмат іншых, яшчэ не ведала, што такое апазіцыя. Я не разумела, што адбываецца, але мне гэта не падабалася. На тых узроўнях, дзе я была, імкнулася змагацца. І атрымалася так, як атрымалася. 

Адпрацаваўшы адну з сменаў на заводзе, Марыя вырашыла, што “больш ніколі там не застанецца і з’ехала ў нікуды”. Гэтым “у нікуды” стаў Гродна. 

– Так, было складана. Я сядзела ў машыне і плакала: іншы горад, ты нічога не ведаеш, у цябе няма сяброў. Ты павінен неяк выграбці з той сітуацыі, у якой апынуўся.

І ў Марыі атрымалася. Жанчына знайшла працу, пабралася шлюбам і нарадзіла. 

Калі жыццё наладзілася, Марыя прыгадала сваю даўнюю мару. Яшчэ ў юнацтве яна хацела звязаць сваё жыццё з медыцынай, але тады ўмяшаліся бацькі і настаялі: дзяўчыне лепш займацца музыкай. 

Цяпер Марыі нічога не перашкаджала зрабіць так, як ёй хацелася: у 2014 годзе яна скончыла курсы масажу, увайшла ў прафесію і моцна яе палюбіла. 

«Проста забрала дзяцей і з’ехала»

Размернае жыццё Марыі, як і ў многіх беларусаў, скончылася ў 2020 годзе. 

– Вельмі складана сядзець і чакаць, калі цябе забяруць. Ты выходзіш на вуліцу і пачынаеш вар’яцець, таму што не ведаеш, з кім можаш паразмаўляць. На цябе напішуць данос ці не? Ты чалавека ведаеш 15-20 гадоў, а ён ад цябе пачынае шарахацца. Жывеш з суседзямі, але не разумееш, хто яны. 2020 год зрабіў вельмі добрае адлюстраванне – стаў паказальным, калі ты даведаўся, хто ёсць хто. І я лічу, гэта добра. 

На эміграцыю жанчына наважылася праз год. Амаль адначасова Марыя страціла сваіх блізкіх: першым пайшоў з жыцця бацька, праз некалькі месяцаў не стала брата, а праз тры месяцы сыйшла маці. 

– Гэта быў кароткі прамежак часу. Ім была патрэбна дапамога – я не магла іх пакінуць. А калі іх не стала, я зразумела, што тут мяне нічога не трымае. Я проста забрала дзяцей і з’ехала, – успамінае Марыя.  

“Жыццё ў эміграцыі цячэ па-іншаму”

Марыя абрала Беласток, “падобны да Гродна, але, канешне, іншы горад”. Яна проста не магла дазволіць сябе марнаваць час на настальгію і сум. Трэба было гадаваць дзяцей і выбудоўваць жыццё з нуля – тут і адразу. 

Белосток. Фото: pixabay.com/kamzyw
Беласток. Фота: pixabay.com/kamzyw

– Жыццё ў эміграцыі цячэ па-іншаму. Здараецца, у цябе няма часу ні на што ўвогуле. Таму што тут такі тэмп жыцця, дзе ты імкнешся выжыць і нешта зрабіць. Ты не можаш проста прыйсці дамоў і ногі задраўшы ляжаць. Калі ты хочаш быць тут, значыць, цані свой час – па-іншаму гэта не працуе, – лічыць Марыя. 

Аб’яднаўшыся з яшчэ адной гродзенкай, напачатку ліпеня Марыя адкрыла касметалагічны салон у цэнтры Беластока. 

Салон працуе з дзевяці гадзін раніцы і да васьмі гадзін увечары. За невялікі прамежак часу гродзенкі паспелі напрацаваць кліенцкую базу. У дзень Марыя прымае да дзесяці кліентаў, яшчэ столькі ж прыходзіць да яе калегі. 

– Ёсць тыя, хто прыходзяць да мяне як на працу – кожны тыдзень. У мяне ёсць полька, якая сказала: “Будзеш масажыраваць мяне да маёй смерці. Калі ласка, толькі не з’яжджай адсюль”, — распавядае Марыя.

Жанчына адзначае, што любы бізнэс звязаны з рызыкай, і за адзін дзень пачаць уласную справу не атрымаецца. “З іншага боку, не паспрабуеш – не даведаешся”, – дадае Марыя.

Предметы для массажа. Фото: pixabay.com/stevepb
Прадметы для масажу. Фота: pixabay.com/stevepb

– Гэта месяцы працы, адкладвання сродкаў, каб зрабіць нешта нармальнае. І ў любым выпадку павінна быць разуменне, што ў першыя месяцы работы ты будзеш выходзіць у нуль або ў мінус – гэта нармальна. Але ніколі нельга сядзець на месцы, не атрымаецца ў соты раз, атрымаецца ў сто першы, – лічыць жанчына. 

“Я люблю свабоду выбара”

Марыя глядзіць ў будучыню з упэўненасцю. Але ўсё ж такі ў Гродне засталіся важныя для яе месцы. Першае, што яна хацела бы зрабіць, калі прыедзе дамоў – наведаць могілкі бацькоў. 

Сумуюць па Гродне і дзеці Марыі. У сям’і была традыцыя – па выхмдных яны выбіраліся ў “Трыніці” на піцу. 

– Малодшаму дзіцёнку хочацца пабачыць сваіх сяброў. Старэйшы хоча пашпацыраваць па старым горадзе. Беластока дзецям мала, ім яго не хапае – я па іх гэта бачу, – дадае Марыя. 

Успаміная сваё жыццё да эміграцыі, жанчына адзначае: грошы даваліся складана, але ў кожнай, нават самай складанай сітуацыі, выхад атрымлівалася знайсці. 

– Чаму я люблю свабоду выбара, таму что я нікому нічога не павінна. Той шлях, які я прайшла – я прайшла сама. У мяне не было ні дапамогі, ні фінансавай падтрымкі. Захацела здаць на правы: зарабіла грошы, адвучылася – зарабіла грошы зноў і набыла машыну. Гэта класныя моманты майго жыцця, калі ў мяне былі сілы, было шмат энергіі – я ішла туды, куды хацела.

Салон. Фото: pixabay.com/ChristianeBrand
Салон. Фота: pixabay.com/ChristianeBrand

Пакуль жанчына не загадвае, дзе будзе яе дом: “Калі мае дзеці застануцца тут, я таксама буду тут. Наш дом там, дзе мая сям’я”.

І ўсё ж такі планы на Гродна ў яе ёсць. 

– Я бы адкрыла салон і працавала там з вялікім задавальненнем, – усміхаецца Марыя.