Пра хуткае закрыццё крамы-атэлье «Феафаніі» за тры тыдні да гэтага паведаміла ў Instagram уласніца, Святлана Антановіч.

У допісе Святлана ўспомніла, як стварала для крамы-атэлье інсталяцыю беларускай вясковай хаты з печчу. Прычыны закрыцця яна не паведаміла. «Прашу, ніякіх пытанняў. Будзем рады, калі нас падтрымаеце. І тады наша крама, спадзяюся, праз некаторы час зноў адчыніць дзверы. Але гэта будзе іншае…», — напісала яна.

Крама «Феафанія» адкрылася на Кірава, 3 летам 2022 года. На адкрыцці ладзілі беларускія традыцыйныя танцы. У краме прадаваліся тканіны, быў шырокі выбар ільну, можна было набыць гатовы або замовіць пашыў хатняга тэкстылю. Акрамя таго, там ладзілі сустрэчы і майстар-класы, прысвечаныя беларускім традыцыям і рамёствам, такім як набойка, маляваныя дываны, беларуская вышыўка і іншае, можна было пафатаграфавацца ў інтэр'еры беларускай хаты. У Instagram крамы расказвалі пра беларускія традыцыйныя святы.

Да таго Святлана Антановіч у 2016 годзе адкрыла краму-атэлье «Еўдакія» на вуліцы Перамогі. Назвала яе па імені маці. У 2017 адкрыла пашыўны цэх. У 2018 — яшчэ адну краму «Еўдакія» на Ліможа. У 2019 адкрылася вытворчасць у Лідзе, у 2022 годзе яе закрылі.

Чытайце таксама: Сетка дзіцячых крам «Буслік» у крызісе: з кастрычніка стала ўтрая менш крамаў, у Гродне засталася адна