Яўген Бурбіцкі пачаў лавіць рыбу ў шэсць гадоў. Яшчэ школьнікам ён «выпадкова» перайшоў у прафесійную лігу, а ў 19 гадоў стаў майстрам спорту і чэмпіёнам года па рыбнай лоўлі на мармышку. Зараз Яўгену 24. Сёлета каманда, за якую ён выступаў, перамагла ў чэмпіянаце Рэспублікі па лоўлі рыбы фідэрам, а Яўген стаў срэбраным прызёрам у асабістым заліку. Для Hrodna.life Яўген Бурбіцкі распавёў, як ён рыхтуецца да чэмпіянату свету па рыбнай лоўлі, які пройдзе ва Украіне летам 2022 года, і ў чым галоўная памылка рыбакоў.

«Пачынаў як усё — у вёсцы ў бабулі»

У першы раз на рыбалку Яўген пайшоў са старэйшым братам Дзмітрыем. «Хадзілі на бліжэйшыя да вёскі азёры. Лавілі ў асноўным акуня і карася». Потым з’явілася свая кампанія сяброў-рыбакоў. Адзін з іх распавёў, што лавіць рыбу можна прафесійна, і пра тое, што ў Гродне можна гэтаму навучыцца. Праз некалькі дзён Яўген ужо пазнаёміўся з Вадзімам Смаляковым, кіраўніком «Беларускага рыбалоўнага клуба», і стаў яго вучнем.

Галоўнае — жаданне

«Калі хтосьці захоча перайсці з аматарскага ўзроўню на прафесійны — ён пяройдзе», — лічыць Яўген. Зараз можна знайсці шмат групаў і форумаў, дзе збіраюцца і камунікуюць прасунутыя рыбаловы. Там жа звычайна падбіраюцца і каманды, з якімі можна зарэгістравацца на спаборніцтвы.

Катэгорыі спаборніцтваў па рыбнай лоўлі:

  • Лоўля рыбы спінінгам з лодкі;
  • Лоўля рыбы спінінгам з берага;
  • Лоўля рыбы летняй паплавочнай вудай;
  • Лоўля рыбы дновай вудай метадам квівертып (фідэрам).

Рыбацкие удачи Евгения Бурбицкого

Самая буйная рыба, якую злавіў Яўген, важыла 7 кг. Гэта быў амур, злоўлены на спаборніцтвах у возеры Новым у Брэсцкай вобласці, каля вёскі Стрыгінь. У Нёмане Яўгену ўдавалася лавіць шчупакоў і ляшчоў вагой каля 3 кг.

Евгений Бурбицкий, соревнования, рыбалка, рыбная ловля
Звычайны ўлоў з Нёмана. Фота: асабісты архіў Яўгена Бурбіцкага

Але буйная рыба — гэта або асобныя конкурсы, або асаблівай рыбацкае хобі. На звычайных спаборніцтвах рабіць стаўку на буйную рыбу не варта. Там абмежаваны час лоўлі, і марнаваць яго на злоў вялікай рыбы небяспечна. «Каб перамагчы, трэба ўсе пяць гадзін лавіць самую „стабільную“ рыбу», — раскрыў Hrodna.life свой сакрэт Яўген. У асноўным гэта рыба вагой да кілаграма. На спаборніцтвах, па назіраннях Яўгена, буйныя асобнікі трапляюцца рэдка. Што тычыцца выбару месца для рыбалкі, то яно залежыць ад «мэтавай» рыбы.

Евгений Бурбицкий, соревнования, рыбалка, рыбная ловля
Трэніроўка перад першым этапу чэмпіянату Гродзенскай вобласці па лоўлі рыбы з лёду на мармышку. Трапілася ў асноўным плотка. Фота: асабісты архіў Яўгена Бурбіцкага

Яўген ходзіць рыбачыць не толькі днём, але і ноччу. На адной з такіх рыбалак у кастрычніку ён злавіў свайго першага «начнога» судака: «Пазнавальная лоўля на воблера і ратліны. Будзем вучыцца далей».

Евгений Бурбицкий, соревнования, рыбалка, рыбная ловля
«Начны» судак восені 2021 года. Фота: асабісты архіў Яўгена Бурбіцкага

У планах ездзіць на начныя рыбалкі зноў і павышаць выніковасць. Пакуль, кажа Бурбіцкі, «9:1 на карысць судака».

Правільны выбар і галоўная памылка рыбака

Некалькі гадоў Яўген працуе ў рыбалоўнай краме «На кручку». Хітом продажаў у пакупнікоў з’яўляюцца воблеры. Гэта цвёрдая вялікая прынада для рыбы, напрыклад спінінгам, або «дарожкай». Пры лоўлі на воблера, прынада, часцей за ўсё ў форме рыбкі, капіюе рух рыбкі, якая ўцякае або параненая, чым прыцягвае рыбу-драпежніка патрапіць «на кручок».

Чароўных вудаў «для ўсяго» таксама няма, лічыць Яўген. Некаторыя любяць лавіць на айчынныя вуды, іншыя — на замежныя снасці. Ёсць аматары больш жорсткіх або больш мяккіх вудаў. «Кожны выбірае сабе вуды па душы», — кажа Яўген. Калі рыбаку яна падабаецца — гэта правільны выбар.

Адзінай і самай сур’ёзнай памылкай на рыбалцы Яўген лічыць «алкашку» — большасць людзей не ўмеюць піць. Зрэшты, такія аматары перайсці ў прафесіяналы шанцаў не маюць.

«Наперадзе трэніроўкі»

Падрыхтоўку да чэмпіянату свету ва Украіне Яўген пакуль паставіў на паўзу — не сезон. «Зараз проста катаюся па пару гадзін на рыбалку са спінінгам. Для такой лоўлі патрэбныя толькі пару блешань і вуда. Паўнавартасныя трэніроўкі пачнуцца ў наступным годзе, калі дакладна буду ведаць — які вадаём і якая мэтавая рыба. Буду шукаць падобныя месцы і трэніравацца».

Выступаць на прафесійных спаборніцтвах Яўген пачаў у 2013 годзе. У 2017 годзе стаў чэмпіёнам Беларусі па лоўлі на мармышку з лёду ў камандным заліку. Гэта быў першы чэмпіянат, у якім удзельнічаў Бурбіцкі. Тады ён выступаў у камандзе «Фаварыт». Зараз Яўген знаходзіцца ў камандзе «Feeder.by». У 2021 годзе ён завяршыў зімовы спартыўны сезон бронзай у асабістым заліку на кубку «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў» на вяслярным канале ў горадзе Заслаўе. У 2021-м атрымаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах срэбра.

Чытайце таксама:

Евгений Бурбицкий, соревнования, рыбалка, рыбная ловля
Яўген Бурбіцкі з уловам. Фота: асабісты архіў

«Рыбалка любіць цішыню»

На спаборніцтвах па рыбалоўным спорце няма ні трыбун, ні фанатаў. «Рыбалка любіць цішыню», — кажа Яўген. Выключэнні з правіла ёсць, але іх няшмат. Напрыклад, самоў прыцягвае своеасаблівы гук квакання, які выдаюць іншыя самы падчас жора. Калі рыбы яго ўлоўліваюць, яны плывуць да гуку ў надзеі знайсці пражытак і для сябе. Але часцей шум і гукі адпужваюць рыбу. Таму сем'і і сябры падтрымліваюць сваіх спартсменаў здалёк.

«Спачатку блізкія не зусім разумелі, што такое рыбалоўны спорт. Але негатыву дакладна не было. Зараз заўсёды падтрымліваюць мяне добрымі словамі».