Аматараў зімовай лоўлі рыбы на мармышку сабраў 18 лютага ў Азёрах фестываль «Крыга-2017». Гродзенскіх рыбаловаў прадстаўляў клуб аматараў спінінга і нахлыста, які ўзначальвае Васіль Быкаў, сын народнага пісьменніка. Удзел у спаборніцтвах бралі таксама рыбаловы з Баранавіч, Слоніма, Ваўкавыска, Азёр. Самая вялікая рыба, выцягнутая з-пад лёду, важыла 265 грамаў.

зімовая рыбалка (14)

Калі са спінінгам не развярнуцца

Арганізацыя, што аб’ядноўвае прыхільнікаў спінінга і нахлыста — лоўлі на штучную мушку, існуе ў Гродне каля 20 гадоў. Яна аб’ядноўвае рыбакоў - аматароў і спартсменаў. «Узімкку на спінінг ці мушку лавіць немагчыма. Каб не страчваць навыкі, выходзім на лёд, лавіць на мармышку», — распавёў старшыня арганізацыі, Васіль Быкаў.

зімовая рыбалка (3)

Мармышкай рыбакі называюць адмысловы грузік, да якога мацуецца кручок для рыбы і пятля для лескі. Форма мармышак можа быць вельмі рознай — ад «фасолінак» да «чорцікаў» і яе выбар залежыць ад мноства фактараў.

зімовая рыбалка (12)

«Чым далей, тым цікавей»

Без тактычнага і стратэгічнага мыслення на зімовай рыбалы няма чаго рабіць. «Тут як у футболе, — патлумачыў Васіль Быкаў. — Прыехаць без падрыхтоўкі і заняць першае месца немагчыма». З яго словаў, складнікамі поспеху ў рыбнай лоўлі з’яўляюцца веды пра вадаём, рыбу і прылады, а яшчэ — пастаянныя трэніроўкі.

зімовая рыбалка (7)

Адмыслоўцы ўлічваюць усё — якую леску ўзяць, як часта свідраваць новую лунку, калі варта перамяшчацца да наступнай, ці ёсць сэнс вяртацца да старой і так далей. Тут трэба не толькі ўмець упраўляцца з мармышкай. Перамагае той, хто правільна размяркоўвае сілы і абірае адпаведную ўмовам тактыку.

зімовая рыбалка (8)

Найбольш цікава лавіць рыбу, калі ўжо ёсць уласны досвед, назапашаны веданні тонкасцяў і нюансаў, мяркуе Васіль: «Чым далей ловіш, тым робіцца цікавей».

«Big fish» фестываля паедзе ў Слонім

Перамогу ў конкурсе на хуткасць лоўлі атрымаў Сяргей Мароз са Слоніма. За 6 гадзін, адведзеных на спаборніцтва яму ўдалося «нацягаць» з лункі рыбы агульнай вагой 583 грамы. Пераможным стаў акунь, злоўлены за пяць хвілін да сканчэння спаборніцтаў. Рыба важыла 265 грамаў і аказалася самай вялікай з усіх, злоўленых на дзень.

зімовая рыбалка (4)

Другое месца заняў Юрый Сідаровіч з Баранавіч. Яго ўлоў толькі на 20 грамаў меншы, чым у пераможцы. Сакрэт поспеху на незнаёмым вадаёме Юрый тлумачыць грунтоўнай падрыхтоўкай. Са старта ён прасвідраваў 12 лунак, выкарыстоўваў спецыяльную падкормку і дробнага матыля, каб прывадзіць рыбу. Дапамог, канечне, і досвед. Юрыю 22 гады, лавіць рыбу ён пачаў з чатырох, а спартыўнай рыбалкай займаецца з шасці гадоў.

зімовая рыбалка (26)

Трэцяе месца дасталося Віталю Некрашэвічу з Азёр за 530-грамовы ўлоў. Са словаў Віталя, рыбная лоўля для яго больш адпачынак, чым спорт. Мэты злавіць шмат рыбы ён ніколі не стаіць. Чысціць і гатуе злоўленую рыбу Віталь звычайна сам. Найбольш любіць смажаную ці сушаную.

Рыбак мае быць дужым

Другі конкурс фестывалю праводзіўся на хуткастае свідраванне лунак. У ім перамог Уладзімір Рамейка з Баранавіч. Сакрэт поспеху, яго меркаваннем, у добра заточаным інструменце і фізічнай сіле рыбака. Найбольш важнымі на рыбалцы часта бываюць не тэхнічныя прылады, а рыбацкія ўменні і спрыт.

зімовая рыбалка (23)

Сваю найвялікшую рыбіну — пудовага сама — Уладзімір злавіў на «старэнькі (думаў - пераламаецца) спінінг» на Нёмане: «Пашанцавала, вывеў і выцягнуў, не даў сыйсці ў карчы».

Што да рыбацкіх трафеяў, то зараз найчасцей яны дастаюцца знаёмым і сябрам Уладзіміра. «Мабыць, сваю рыбу я ўжо з’еў», — жартуе рыбак.

Тым не менш, без юшкі на фестывалі не абышлося.

зімовая рыбалка (1)