Жыхары дома каля крамы «Фіялка» дамагліся адмены будаўніцтва вышыннага дома поруч. Шматпавярхоўку ля кальца Горкага-БЛК прадугледжваў генеральны план горада. Праект прайшоў працэдуру грамадскіх абмеркаванняў. І ўсё ж будаўніцтва не будзе. Паводле прадстаўніцы ініцыятыўнай групы Ірыны Шатыронак, пра гэтае рашэнне 18 кастрычніка паведаміў ім старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой. Як атрымалася жыхарам звычайнай блокавай шматпавярхоўкі дамагчыся рашэння на сваю карысць, высвятляў Hrodna.life.

Паводле папярэдняй інфармацыі, участак канфіскаваны ў ранейшага пакупніка і будзе зноў выстаўлены на аўкцыён. На месцы пусткі каля «Фіялкі» замест 16-павярховага дома зараз плануюць пабудову будынка вышынёй не больш за два паверхі пад аб’ект грамадскага харчавання. На прылеглай тэрыторыі размесцяць сквер і малыя архітэктурныя формы. Новы праект таксама пройдзе працэдуру грамадскіх абмеркаванняў.

Супраць чыноўнікаў і «монстра»

«Бітву» з чыноўнікамі за свой двор і прылеглую тэрыторыю жыхары дома 78 па вуліцы Горкага вялі з 2019 года. З таго моманту, калі ўчастак прадалі з аўкцыёна мінскаму забудоўшчыку ТАА «Амкадор-Прамбуд» пад будаўніцтва шматпавярхоўкі, прадугледжанай генпланам горада. Участак тады сышоў з малатка па цане ўдвая большай за пачатковую.

Встреча жителей дома с чиновниками в августе 2019 г. Фото из архива Hrodna.life
Сустрэча жыхароў дома з чыноўнікамі ў жніўні 2019 г. Фота з архіва Hrodna.life

Убачыўшы прапанаваны праект, жыхары дома № 78 ўспрынялі ідэю ў штыкі. На сустречы з чыноўнікамі у жніўні 2019 яны эмацыйна выказвалі асцярогі, што іх дом абрынецца, як толькі пачнуць забіваць палі, двор ператворыцца ў суцэльную паркоўку, а дрэвы высякуць і насаджаюць замест іх дубчыкаў. Няўхвальныя каментары гучалі і ў адрас спраектаванага дома. Яго называлі «монстрам» і раілі будаваць такое «ў чыстым полі».

Тады намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Жук запэўніў гараджан — горад зацікаўлены, каб на гэтым месцы з’явіўся прыгожы сучасны будынак: «Гэта ўезд у горад з боку Літвы, ён мусіць выглядаць годна».

Площадка, на которой должен был появиться 16-этажный дом. Сейчас его планируют продать под строительство двухэтажного здания общепита
Пляцоўка, на якой мусіў з’явіцца 16-павярховы дом. Зараз яго плануюць прадаць пад будаўніцтва двухпавярховага будынка ўстановы грамадскага харчавання

Пагаварыўшы з гараджанамі, чыноўнікі палічылі сваю задачу выкананай: «Вы напісалі зварот — мы прыйшлі, патлумачылі, — сказаў на развітанне Андрэй Жук. — Гатовыя і далей сустракацца з ініцыятыўнай групай. Зараз давайце дачакаемся праекта».

Замоўца будаўніцтва: не дапускалі парушэнняў

Да замоўцы будаўніцтва, мінскай фірмы ТАА «Амкадор-Прамбуд», ініцыятыўная група таксама звярталася. Адказ атрымалі ў верасні 2020 года. У лісце, падпісаным намеснікам гендырэктара па будаўніцтве Сяргеем Радаманам, паведамлялася: працавалі ў адпаведнасці з рашэннем Гродзенскага гарвыканкама № 173 ад 2019/03/20, якое дазваляла праводзіць праектныя і пошукавыя работы па будаўніцтве шматпавярхоўкі. Акт выбару ўчастка пад будаўніцтва быў зацверджаны гарвыканкамам 1 чэрвеня 2020 года.

У рэзюмэ ліста напісалі, што ў працэсе распрацоўкі праекта прадпрыемства выканала ўсе патрабаванні горадабудаўнічага пашпарта, пратаколаў горадабудаўнічых саветаў, рашэнняў Гродзенскага гарвыканкама своечасова і ў поўным аб’ёме пералічыла ў бюджэт фінансавыя сродкі; не дапусціла парушэнні заканадаўства, у тым ліку горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў планавання пры забудове населеных пунктаў.

Зыграл «фактар Караніка»?

Сітуацыя, калі гараджане не згаджаюцца з рашэннямі па змене гарадскога ландшафту — звычайная. Але ўлічыць настальгію і жаданні кожнага атрымліваецца не заўсёды. Будынак «Гарачага хлеба» не выратавала петыцыя гродзенцаў, дом на Валковіча знеслі ноччу, нягледзячы на пратэсты абаронцаў Новага Света, а кафэ каля вакзала пабудавалі, нягледзячы на стыхійныя мітынгі жыхароў суседняга дома і іх зварот да дэпутатаў.

Спрэчны гмах ля "Фіялкі" пабудуюць у іншым месцы. Спрацаваў "фактар Караніка"?
Супраць будаўніцтва гэтай кавярні выступалі жыхары дома на Ажэшкі, 42, але безвынікова

Ініцыятыва жыхароў дома ля «Фіялкі» магла б стаць у шэраг з такімі ж просьбамі. Але сітуацыя нечакана змянілася і рашэнне пра шматпавярховік перагледзелі. У жыхароў дома № 78 з’явіўся «козыр у рукаве" — прызначаны пасля выбараў 2020 года старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Высветлілася, што ў гэтым доме з 1980 года жыве сям’я Каранікаў. «Так, у тым самым двары, дзе хочуць пабудаваць 13−16−13 павярховую секцыю. Валодзю [Караніка] суседзі там добра памятаюць хлопчыкам. Адсюль ён у школу на Сухамбаева хадзіў», — распавёў Hrodna.life крыніца, блізкая да жыхароў дома.

Пра гэта ж у верасні 2020 года пісала для газеты «Перспектыва» Ірына Шатыронак, адна з сябраў ініцыятыўнай групы: «Даведалася пра прызначэнне Уладзіміра Караніка старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, па-суседску патэлефанавала Марыі Сцяпанаўне, яго маці. Мы больш за сорак гадоў жывём у адным доме».

Таксама крыніца паведаміла, што жыхары сустракаліся са старшынём аблвыканкама, але хутчэй, у неафіцыйнай абстаноўцы. На думку крыніцы, наўрад ці можна выказаць здагадку, што Каранік «паспрыяў» наўпрост: «Ён такі прыстойны чалавек!» Але выключыць уплыў «фактара Караніка» на тых, хто прымаў рашэнне, таксама не бярэцца.

Жыхары мараць пра новы «Чырвоны капялюшык»

Зараз сітуацыя вакол спрэчнага ўчастка выглядае так: гмах будаваць не будуць, а ўчастак зноў прададуць. Тут з’явіцца аб’ект грамадскага харчавання і сквер. «Амкадор-Прамбуд» для рэалізацыі свайго праекта атрымала ўчастак на вуліцы Дубко, недалёка ад упраўлення МНС.

Жыхары дома кажуць, што з аб’ектаў грамадскага харчавання ў Гродне дакладна не хапае дзіцячай кавярні. Яны ўспамінаюць, што калісьці на БЛК працаваў знакаміты «Чырвоны капялюшык» (сёння гэта рэстаран «Золотой теленок»). Што з’явіцца зараз — залежыць ад рашэння таго, хто купіць ўчастак на аўкцыёне.

Чытайце таксама: