Гродзенская батлейка касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы мае 5,5 метраў у даўжыню і 5 метраў у шырыню. Гэта самая вялікая рухомая батлейка ў Беларусі. На ёй месцяцца больш за 100 лялек, 50 авечак, 14 качак, 13 аўтамабіляў, 5 караблёў і 1 самалёт. Батлейка існуе амаль 7 гадоў і даступная да агляду круглы год. Для Hrodna.life манахі-рэдэмптарысты расказалі пра гісторыю батлейкі, яе сюжэты, лялек і стваральнікаў.

рухомая батлейка, касцёл на Дзевятоўцы

У Польшчы на батлейку ішлі натоўпы, а ў Гродне — амаль ніхто

Ідэя зрабіць рухомую батлейку ў Гродне паўстала ў ксяндза Юзафа Гэнзы — самага старэйшага з мясцовых айцоў-рэдэмптарыстаў. Упершыню ён пабачыў падобную ў 1957 годзе ў Торуні. Пазней сустракаў рухомыя батлейкі ў касцёлах у Бардзе Слёнскім, Кракаве і Тухаве.

«Гэта батлейка паўстала, бо я быў заахвочаны тым, што адбывалася ў Польшчы. Бо цэлыя натоўпы ішлі, каб паглядзець на гэтую батлейку. Але тут, у Гродне, асаблівай ахвоты ў людзей няма, людзі маюць такое скупое жаданне», — кажа айцец Юзаф Гэнза.


Чытайце таксама: «А вы думалі - звычайны спальнік». Адзіная экскурсія Фэста экскурсаводаў за межамі цэнтра прайшла на Дзевятоўцы


рухомая батлейка, касцёл на Дзевятоўцы

Механікам быў ксёндз, а мастаком — дворнік

Галоўным канструктарам батлейкі стаў ужо пакойны айцец Казімір Зымула. Ён каля 30 гадоў займаўся батлейкамі і будаваў падобныя ў Балівіі, Бразіліі, Казахстане, Расіі, Украіне, Польшчы.

рухомая батлейка, касцёл на Дзевятоўцы

«Айцец Казімір Зымула зрабіў у Кракаве групы лялек, якія танцуюць і рухаюцца. Такімі элементамі батлейка была перавезена да нас у Гродна. Мантаж усіх элементаў быў хуткі. Справіліся за два тыдні», — расказвае Юзаф Гэнза.

Навошта ў касцёле 150 лялек. Як у Гродне стварылі самую вялікую рухомую батлейку

Каб усе героі батлейкі рухаліся, механізмы трэба рэгулярна даглядаць і абслугоўваць.

«Калі штосьці сапсуецца, трэба выняць, паправіць. Але так усё проста зроблена, што нават я магу гэтыя механізмы адрэмантаваць. Механічныя часткі вельмі проста направіць, бо там ёсць рухавічок і ланцужок, як ад ровара, і працуе так, нібы чалавек едзе на ровары. Рухавік круціць ланцуг і фігуркі рухаюцца па коле. А яшчэ можна змяніць хуткасць руху маторчыкаў і элементаў».

youtu.be/t2CQkEBp2kI

Першыя гады батлейку збіралі толькі на калядныя святы. Зрабіць яе пастаяннай вырашылі, калі скончылася будаўніцтва касцёла.

У пакоі, дзе месціцца батлейка, адмыслова размалявалі сцены. Роспіс зрабіў Казімір Сядзянеўскі. Ён малюе і рэжа з дрэва іконы. У 2014-м, калі стваралі батлейку, мастак працаваў пры касцёле дворнікам.

Не адна рухомая батлейка, а дзве

Самай вялікай у Беларусі батлейка стала амаль выпадкова. Яна вырасла ўдвая, калі гродзенскім манахам перадалі недаробленую батлейку з Тухава.

Навошта ў касцёле 150 лялек. Як у Гродне стварылі самую вялікую рухомую батлейку

«У Тухаве ў нашай семінарыі быў такі святар — Станіслаў Станьчык. Ён прыдумваў батлейку на фотаэлементах, з сюжэтам ад стварэння свету да нараджэння Езуса. Але, на жаль, ён раптоўна памёр. Гэтыя элементы падаравалі нам і тады з’явілася ідэя, што можна аб’яднаць батлейкі айца Станіслава і айца Казіміра. Але ўжо ўсе элементы дапасавалі да механікі», — распавядае айцец Андрэй Урублеўскі.

Дарослым таксама цікава

«Мы бачым на самым версе розныя эпізоды з гісторыі Збаўлення: Рай, Вавілонскую вежу, Ноеў каўчэг і палац Ірада. Гэта гісторыі са Старога запавету», — расказвае айцец Андрэй.

рухомая батлейка, касцёл на Дзевятоўцы

«Унізе батлейкі бачым, як Хрыстос уваходзіць ў штодзённасць, тут розныя работы простых людзей: яны сякуць дровы, пілуюць, дояць карову, граюць на скрыпцы, на віяланчэлі, танцуюць, спяваюць, пасвяць коз, мелюць зерне. Ёсць нават манах, які б’е ў звон, каб памяталі аб малітве».

Апроч анёлаў і біблейскіх герояў у батлейцы ёсць сучасныя мадэлі аўтамабіляў, самалёт, што ляціць над райскім садам, і караблі, што плывуць па моры. Хаця батлейка задумана як дзіцячая забава, дарослым таксама будзе цікава на яе паглядзець.

Навошта ў касцёле 150 лялек. Як у Гродне стварылі самую вялікую рухомую батлейку

«Можна пабачыць батлейку ў любы момант, любому жадаючаму, — кажа айцец Юзаф, — веруючаму ці няверуючаму, з любой канфесіі, любога веравызнання».

Да слова, рухомыя батлейкі пры касцёлах у Тухаве, Бардзе Слёнскім і Торуні сталі папулярнымі сярод турыстыстаў і паломнікаў. А пра тое, што ў Гродне існуе самая вялікая батлейка ў Беларусі, нават сярод мясцовых жыхароў мала хто ведае.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life