Забыты ўсімі каштоўны будынак у цэнтры Гродна церпіць ад вільгаці і цвілі. Чым даўжэй гэта працягваецца — тым даражэй потым будзе каштаваць аднаўленне.
Два гады таму, яшчэ на «Тваім стылі», мы пісалі пра будынак былога яўрэйскага шпіталя, які пасля вайны быў чыгуначнай бальніцай, а не так даўно быў перададзены скурна-венералагічнаму дыспансэру.Бяда ў тым, што дыспансэру перадалі толькі сучасную частку шпіталя і досыць прыстойна яе адрамантавалі. Старую частку, якая з’яўляецца адным з самых старых будынкаў Гродна (некалі на фасадзе шпіталя была дата — 1869 год) рэстаўраваць так і не пачалі.
Між тым за апошнія 10 гадоў стан будынка пагоршыўся катастрафічна. На будынку яскрава бачная так званая чорная плесня. Заражаныя ёй сцены вельмі цяжка «вылечыць», бо з’яўляецца яна ад сырасці, але вельмі добра адчувае сябе на сонцы.
Асабліва пагоршыўся стан будынка цягам апошняга году. Гэта звязана з сапсаваным дахам і зліўнікамі. Падобнае становішча склалася некалі з палацам у Свяцку: там з-за сапсаваных зліўнікоў літаральна за два гады былі катастрафічна пашкоджаныя каланады-галерэі, якія потым прыйшлося амаль цалкам перакладваць.Выратавалі шмат, але не ўсё: як аднаўлялі палац у Свяцку ў міжваенны час
Добра было б, каб на стан гэтага будынка як мага хутчэй звярнулі ўвагу. Бо чым далей цягнецца яго заліванне, тым больш пасля прыдзецца аддаць грошай на аднаўленне.