Натхнёная першымі поспехамі, рэдактарка Hrodna.life трэці тыдзень займаецца ў трэнажорцы і сочыць за сваім харчаваннем у праекце #мінус10. Пачаліся першыя цяжкасці на шляху.
Я не ем пасля 8 вечара, адмовілася ад хуткіх вугляводаў (выпечка, хлеб, прысмакі), цягаю гантэлі і качаю прэс. І ні-чо-га. За трэці тыдзень мая вага не паменшылася ні на грам. На вагах па-ранейшаму 93. Гэта на 5 кг менш, чым было на старце нашага праекта. І на 5 кг больш пастаўленай мэты. Шклянка ці то напалову поўная, ці то — напалову пустая
Гуру пахудання называюць такую адсутнасць прагрэсу «эфектам плато». Мне хочацца абазваць яго эфектам «Якога чорта?» Я ж усё раблю правільна, дзе мае жаданыя #мінус10?
Таццяна Ліопа, лекар, кандыдат навук і дыетолаг, якая мяне кансультуе, ацэньвае вынікі па-іншаму. Вынік — гэта правільнае харчаванне і рухальны рэжым. Калі атрымалася без нерваў і напружання ўпісаць гэтыя рэчы ў сваё жыццё — гэта добры вынік. А вось калі вага сыходзіць хутчэй, чым адзін кілаграм на тыдзень, — трэба разабрацца, што адбываецца. Мая праблема лішняй вагі капілася гадамі. Наіўна чакаць рашэння за тыдзень ці нават за тры.
З гэтым цяжка не пагадзіцца. Але і закладзенае са школьных гадоў жаданне зрабіць усё за раз, выканаць пяцігодку за тры гады дні, таксама нікуды не падзенеш. З пахуданнем гэта не працуе. А калі працуе, то не доўга.
Яшчэ 20−30 гадоў таму жанчыне 50+ можна было пакінуць усё як ёсць. Людзі жылі менш і на пенсію сыходзілі раней. За апошнія 10 гадоў працягласць жыцця беларусаў павялічылася на 4 гады, а ўзрост выхаду на пенсію для жанчын вырас амаль на 3. Зараз беларускі жывуць у сярэднім да 79,4 гадоў.
Не хочацца да такога ўзросту толькі пакутаваць і скардзіцца. Значыць, прыйдзецца жыць па-іншаму. Па словах Таццяны Ліопа, змены ў харчаванні здольныя моцна паўплываць і на здароўе, і на знешнасць.
«Я ўжо дзесяцігоддзямі планую ежу на кожны дзень разам са справамі», — падзялілася лайфхакам дыетолаг. Кожны дзень мы абмяркоўваем з ёй мае сняданкі, абеды і вячэры. Стараюся напісаць ёй вечарам, што планую гатаваць на заўтра. Але потым вечна нешта мяняю. З пачуцця супярэчнасці. Вось замяню агурок у салаце на салеру, а льняны алей на гарбузовы і ўжо лягчэй перанесці абмежаванні.
А то што гэта я-учорашняя раскамандаваўся тут мной-сённяшняй. Цяпер мне лепш ведаць, што з’есці. «Галоўнае, што не на бульбу замяняюць, — згаджаецца з гэтым падыходам Таццяна. — Значыць, трэба забяспечыць разнастайнасць, каб заўсёды было з чаго выбіраць».
Гэта не ацэнкі. Усяго толькі гантэлі, з якімі я працую ў зале. «Двоечкі» выціскаю, «троечкі» трымаю ў руках, калі крочу на бясконцую прыступку, а з «пяцёрачкай» раблю прысяданні.
Антон падазрае, што ў мяне ёсць прэс. Прынамсі, стаў уключаць у мае кругі практыкаванні на гэтую групу цягліц. Пасля заняткаў я пачынаю здагадвацца, у якім месцы хутка будзем рабіць стан. Паглядзела. Кубікаў пакуль не відаць, але смяяцца было балюча.
Па парадзе Таццяны я дадала ў свой расклад масаж. Агульны лімфадрэнажны і асобна — для твару і шыі. Не ведаю, калі б я яшчэ сабралася запісацца на такую працэдуру. Апошні год рукі да гэтага не даходзілі. Але цяпер жа ў мяне праект і мэта #мінус10. І нарэшце дазваляю сабе вылучыць дзве гадзіны ў тыдзень на прыемныя працэдуры.
Лімфадрэнажны масаж дапамагае выводзіць з арганізма лішнюю вадкасць і «разганяе» азызласць. Тое, што лімфа рухаецца хутчэй, уплывае на паскарэнне абмену рэчываў і павінна спрыяць пахуданню.
На першым сеансе масажу твару я заснула пад медытатыўную музыку і пахі экзатычных алеяў. Што там рабіла майстар — нават не ведаю. Эфект ад аднаго сеансу адразу не заўважыш. Затое я адчула, што ў мяне даўно не было вось такой гадзіны — настолькі прыемнай і толькі для сябе. І яшчэ трошкі паспаць — гэта крута.
Калі не ўспамінаць, што па вазе вынік нулявы, то тыдзень прайшоў добра. Мне ўдалося сумясціць спартзалу, масаж і здаровае трохразовае харчаванне з маёй працай, сям’ёй, падарожжамі, сном і адпачынкам. На маёй картцы з фітнес-цэнтра засталося толькі два нявыкарыстаныя заняткі за месяц. Калі раней я купляла абанемент і абяцала сабе пачаць новае жыццё, то мяне хапала на 2−3 заняткі. Здаецца, я ўпершыню ў жыцці выкарыстоўваю абанемент цалкам.
Чытайце таксама
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…