Пірог з ласосем, слойкі з садавінай ці тварожныя вафлі – давайце адзначым Сусветны дзень выпечкі па-сапраўднаму. Гэта значыць – знойдзем просты рэцэпт, спячом нешта дома і пачастуем родных і сяброў. Сёлета Дзень выпечкі адзначаюць 19 траўня. Выбірайце рэцэпт ад цёці Іры і разам зробім сабе свята!

Пірог са слаёнага цеста з ласосем і брокалі

Пірог з ласосем і брокалі
Пірог з ласосем і брокалі

Складнікі:

  • Слаёнае цеста  (1 упакоўка) – 250 г;
  • Брокалі 150 – 200 г;
  • Квяцістая капуста – 100 – 150 г;
  • Ласось – 300 г;
  • Брынза (лепш салёная) – 70 г;
  • Яечны жаўток – 1 шт;
  • Кунжут – 1 сталовая лыжка;
  • Соль – на смак.

Разбіраем брокалі і квяцістую капусту на суквецці. Варым у злёгку падсоленай вадзе 7-10 хвілін. Па гатоўнасці ваду зліваем.

З рыбы выдаляем костачкі, здымаем скурку і рэжам на невялічкія кавалкі па 2-3 см даўжынёй.

Брынзу кроім нажом ці крышым пальцамі.

Гатовае замарожанае цеста пакідаем пры пакаёвай тэмпературы для размарозкі.

Форму для выпечкі засцілаем пергаментам ці фольгай і выкладаем цеста па донцы і сценках. Частку цеста трэба пакінуць, каб закрыць пірог.

Гатаванне пірага з ласосем і брокалі
Прыгатаванне пірага з ласосем і брокалі

Паверх цеста выкладаем у форму спачатку сумесь брокалі з квяцістай капустай, потым слой ласося, потым – слой брынзы. Зверху закрываем апошнім кавалкам цеста і зашчыпваем край. Па версе пірага робім некалькі касых надрэзаў.

Каб дадаць пірагу смаку і водару, прамажам верх жаўтком і пасыплем кунжутам.

Выпякаць у духоўцы пры 180 градусах. На першыя 20 хвілін лепш накрыць форму фольгай. На наступныя 10 мінут фольгу зняць, каб зарумянілася скарынка.

Глядзіце таксама пакрокавы рэцэпт з фота.

Тварожныя вафлі з вяршкамі і мандарынамі

Тварожныя вафлі з вяршкамі і мандарынамі
Тварожныя вафлі з вяршкамі і мандарынамі

Складнікі:

  • Тварог – 360 г (2 пачкі);
  • Яйкі – 4 шт.;
  • Масла – 30 г;
  • Цукар (ці замяняльнік) – 70 г;
  • Мука – 90 г;
  • Разрыхляльнік для выпечкі – 1 ч.л.;
  • Ванілін ці ванільны цукар – на смак;
  • Соль – на смак;
  • Вяршкі 30%  (па жаданні);
  • Садавіна ці ягады да падачы.

Масла трэба растапіць і дадаць да тварагу. Туды ж убіць яйкі і ўсыпаць цукар і ванілін. Змяшаць блэндарам.

Да мукі дадаць разрыхляльнік. Гэтую сумесь высыпаць у ёмістасць з тварагом. З дапамогай блэндара перамяшаць да аднастайнасці. Цеста мае атрымацца ўмерана густым.

Вафельніцу нагрэць, паверхні змазаць алеем. Выкладваць цеста ў формы і выпякаць па 3–5 хвілін.

Пакуль выпякаюцца вафлі, зоймемся вяршкамі. Іх трэба ўзбіць міксерам да ўстойлівай пены.

Дадаткам да вафель з узбітымі вяршкамі будзе любая садавіна, ягады ці сочыва.

Глядзіце таксама пакрокавы рэцэпт прыгатавання тварожных вафель з фота.

Слойкі з трускалкамі і садавінай

Слойкі з трускаўкамі і садавінай

Складнікі:

  • Слаёнае цеста ў пласцінах – 500 г (1 упакоўка);
  • Трускалкі – 150 г;
  • Крухмал – 2 сталовыя лыжкі;
  • Цукар – 2 сталовыя лыжкі (не абавязкова);
  • Апельсін – палова;
  • Ківі  – 1 шт.;
  • Жаўток курынага яйка – 1 шт.

Цеста раскласці пластамі і даць размарозіцца. Парэзаць на квадраты. На кожным квадраце зрабіць надрэзы ўздоўж кожнага бока на адлегласці 1 см ад краю. У двух кутах па дыяганалі не даразаць да канца па 0,5 см. Скласці надрэзаныя палосы дыяганальна.

Схема складвання цеста ў форму для слоек

Бляху засцяліць пякарскай паперай. Пакласці слойкі. У кожную ўсыпаць троху крухмалу і цукру. Крухмал патрэбны, каб сок з трускалак не размачыў цеста. Калі начынне будзе не з такіх сакавітых ягад, можна абысціся без крухмалу.

Жаўток узбіваем венчыкам да аднароднасці. Змазваем верхні слой цеста.

Выпякаем слойкі пры тэмпературы 160-180 градусаў, 20-30 хвілін, у залежнасці ад духоўкі.

Пакуль слойкі пякуцца, падрыхтуем садавіну. Ківі ачысцім і парэжам паўколцамі. Апельсін – на сегменты.

Гатовыя слойкі выкладзем на талерку і ўпрыгожым кавалачкамі апельсіна і ківі. Можна падаваць.

Глядзіце пакрокавы рэцэпт слоек з фота.

Смачна есці!

Чытайце таксама: