Раздзяляй і ўладар. У Гродне паказваюць выставу пра смецце

На другім паверсе забаўляльнага цэнтра «Галактыка» да 22 чэрвеня праходзіць экавыстава ZaWtra. Уваход вольны, а бясплатную экскурсію па стэндах правядзе прадстаўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў, аднаго з арганізатараў. Гэта першая ў Беларусі інтэрактыўная выстава пра тое, як не проста правільна сартаваць смецце, што не так і лёгка, а як змяншаць яго колькасць штодзень у сваім уласным жыцці.

Гродна — другі горад пасля Мінска, дзе паказваюць выставу. У назве ZaWtra зашыфраваны тэрмін Zero waste — «нуль адходаў». Гэта прынцып, лад жыцця, згодна з якім можна ўтвараць менш смецця: купляць прадукты ў пакунках, якія магчыма перапрацаваць, мяняцца ўжо непатрэбнымі, але яшчэ добрымі рэчамі і адзеннем, перастаць ужываць аднаразовыя рэчы. Нават вельмі дасканала сартуючы смецце, мы не вырашым праблему цалкам, трэба навучыцца яго не ствараць.

Выстава — супольная ідэя Цэнтра экалагічных рашэнняў і дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Тут расказваюць менавіта пра Беларусь, пра нашыя лічбы, сітуацыі, праблемы. Раней такога не было.

Акрамя фізічнай выставы, ёсць вялікае мультымедыйнае суправаджэнне на сайце zawtra.by. Там расказваюць пра розныя шляхі адходаў - перапрацоўка ці сметнік, што адбываецца ў тым ці іншым выпадку. І, галоўнае — што рабіць, каб прадухіліць утварэнне вялікай колькасці адходаў. Рэсурс можна выкарыстоўваць для адукацыі, там ёсць канкрэтныя і простыя парады.

Экалагічна — значыць эканомна

«Стратэгія карыстання шматразовымі рэчамі ў доўгатэрміновай перспектыве больш эканомная і выгадная,» — лічыць Яўгеній Лабанаў, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Калі не купляць штодзень летам бутэлькі з вадой, а браць з сабой у шматразовай, калі ў краме не купляць штораз пакеты, а складаць пакупкі ў сваю экаторбу — кожны раз эканоміцца нейкая невялікая сума. Перш у Мінску, а пазней і ў іншых гарадах Беларусі набірае папулярнасць ініцыятыва my cup, калі каву робяць ва ўласны шматразовы кубак, і кошт аднаразовага выключаецца. На мапе з такімі кавярнямі ёсць і Гродна.

Яўгеній Лабанаў, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў

Экалогія для дзяцей

Выстава вельмі наглядная і запамінальная. Яўгеній Лабанаў расказаў, што яе рыхтавалі два гады. Тут і экраны з ролікамі пра ступень засмечанасці прасторы, і стэнды з лічбамі і прадметамі, і прыклады таго, што робяць з перапрацаванага смецця і якія рэчы штодзённага карыстання не падлягаюць перапрацоўцы, а значыць, застаюцца пасля нас на сотні гадоў. Уключаюцца лямпачкі, падсветкі, усё можна кранаць.

Гэта вельмі цікава для дзяцей, якіх прыводзяць з летніх прышкольных лагераў на экскурсіі. Для розных узростаў падаюць інфармацыю па-рознаму: малым - прасцей, дарослым — тлумачаць хімію працэсаў і асабісты ўдзел. Дзяцей невыпадкова абралі як важную частку аўдыторыі: чым раней чалавек даведаецца, як ён асабіста ўплывае на навакольны свет, і што рабіць, каб уплыў быў менш разбуральным, тым больш шанцаў на тое, што экалагічная сітуацыя не прыйдзе да катастрофы.

Наталля Грынцэвіч, дырэктарка дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», сказала, што яны нават маюць агульны ўзгоднены з Мінадукацыі план навучальнай працы з дзецьмі. Бачныя вынікі і адукацыйнай працы з дарослымі: калі раней людзі абураліся, што іх прымушаюць сартаваць смецце, то цяпер запытваюць, што менавіта варта кідаць у адмысловы кантэйнер. Адходы ў кантэйнерах сталі чысцейшымі.

Наталля Грынцэвіч, дырэктарка дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», і янот з рэкламнага роліка пра сартаванне смецця

З развіццём прагрэсу змяніўся змест смеццевага вядра

Наталля Грынцэвіч расказала, што паводле даследаванняў, 40% усіх пластыкавых рэчаў выкарыстоўваецца не больш за адзін месяц. «З развіццём прагрэсу змяняецца змест смеццевага вядра. Многія не задумваюцца, што смецце праблема, бо ў нас чыста, прыбіраюць, яны папросту не бачаць горы звалак, якія растуць. Таму мы падрыхтавалі стэнды аб тым, як змяніліся адходы за апошнія дваццаць год, колькі з’явілася камбінаванай упакоўкі з розных слаёў палімераў, якую цяжка перапрацоўваць, і яе колькасць расце».

Штомесяц у Беларусі купляюць 700 тон пластыкавых пакетаў, якія пасля асядаюць у «пакеце з пакетамі», на сметніках, на прыродзе, дзе жывёлы прымаюць каляровыя пакеты за ежу. Перапрацоўцы не падлягаюць крамныя чэкі, шпалеры, ламінаваная папера.

«Вы і не думалі, што ваша зімовая куртка раней была бутэлькай»

Арганізатары кажуць, што невыпадкова прывезлі выставу менавіта ў Гродна. Тут ёсць і арганізаваны раздзельны збор смецця, і смеццясартавальны завод, і прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць смецце. Гродзенскі завод «Белвторполимер» перапрацоўвае нават забруджаны пластык, шклозавод з адходаў шкла робіць новыя бутэлькі, працуе «Экологическая альтернатива» і завод па перапрацоўцы макулатуры. У Гродне большы спіс адходаў, якія перапрацоўваюцца, чым у Мінску. Дзецям паказваюць, што робяць са шклабою, старых пакрышак, адсартаванага пластыку. Напрыклад, з ПЭТ-бутэлек можна атрымаць штучны напаўняльнік для зімовага адзення.

Для галоўнага інжынера ЖКХ Гродзенскай вобласці Аляксандра Карповіча таксама відавочна, чаму выстава пра смецце апынулася ў Гродне: тут шмат робіцца ў галіне працы з адходамі. Абнавілі смеццявозы, смеццявозы з зялёным кантэйнерам збіраюць другасныя рэсурсы для далейшага сартавання на заводзе. «Забруджваць прыроду бясконца ў нас не атрымаецца,» — патлумачыў ён дзецям, якія прыйшлі на экскурсію.

Зразумелыя лічбы

У Гродзенскай вобласці за 2018 год сабралі 81,8 тон другасных матэрыяльных адходаў. Гэта ў два з паловай разы больш, чым у 2010 годзе. За 2018 годзе па краіне ў разліку на 1 чалавека сабрана 75,2 кг другасных адходаў, а ў Гродзенскай вобласці - 78,3 кг на чалавека.


Каралевы прыгажосці сартуюць адходы! Першая беларуска з конкурса Міс Зямля і першая Міс Гродзенскай ЖКГ сталі за канвеер смеццесартавальнага завода


Карысць ад выкарыстання сабраных адходаў лёгка патлумачыць у больш зразумелых рэчах і лічбах. Напрыклад, з сабраных за год на Гродзеншчыне 36,8 тыс. тон макулатуры можна вырабіць 138 млн новых каробак для абутку, або захаваць лес плошчай у 1000 футбольных палёў. Дзякуючы сабраным і пераплаўленым 25,3 тыс. тон шклабою захавалася столькі энергіі, якой хапіла б, каб праехаць машынай 95 млн км. Шкло ў прыродзе раскладаецца да 500 год, але гэта адзін з нешматлікіх матэрыялаў, які можна перапрацоўваць колькі заўгодна разоў.

Праваслаўная царква супраць пластыку. Што на дзяржаўным узроўні?

Яўгеній Лабанаў лічыць, што на афіцыйным узроўні адбываецца вялікая праца. «У Еўрасаюзе канчаткова прынялі пастанову, каб цягам бліжэйшых год забараніць некаторыя віды аднаразовага посуду. У нас таксама зараз ужо і прэзідэнт выказваецца наконт аднаразовага пластыка. Сёлета Мінпрыроды выступіла з афіцыйнай рэкамендацыяй адмовіцца ад паветраных шароў на школьных святах, а ў праваслаўных храмах з’явіліся плакаты на тэму штучных пластыкавых кветак на могілках».


Сартуй смецце гуляючы і атрымай падарункі. Выйшла камп’ютарная гульня, якая навучыць сартаваць смецце


«На Беларусь вельмі ўплываюць экалагічныя працэсы, якія ідуць у іншых краінах, а законы, што прымаюцца ў суседнім Еўрасаюзе, закрануць і нас». Яўгеній лічыць, што Беларусь пройдзе гэты шлях нашмат хутчэй, чым папярэднікі, бо зможа запазычыць чужы правераны досвед. Праўда, у нас тэма экалогіі пакуль далёка не найпершая ў палітычнай павестцы дня, як, прыкладам, у Германіі ці Швецыі.

«Там людзей хвалюе, што канкрэтны дэпутат думае пра змену клімату».

Наталля Грынцэвіч расказала, што з 2012 года уведзеная пашыраная адказнасць вырабнікоў і імпарцёраў: яны мусяць або самі арганізаваць сістэму збору выкарыстанай упакоўкі, або ўнесці пэўную плату, каб гэта зрабілі за іх. Прадугледжаныя ільготы для прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць другасную сыравіну.

Выстава працягнецца да 22 чэрвеня па адрасе Лідская, 1 (другі паверх МЗЦ «Галактыка»).

Час працы: 10:00—18:00 па буднях, 12:00—19:00 у суботу.

Уваход вольны.

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024