Прыгажосць уратуе свет, казаў класік. А сучасныя прыгажуні ад словаў перайшлі да справы. Першая беларуская ўдзельніца конкурсу прыгажосці «Міс Зямля» Полі Канабіс і сёлетняя першая міс Гродзенскай ЖКГ Аксана Шэйка разам сталі за канвеер на смеццесартавальным заводзе. Паводле дзяўчат, іх прыклад дапаможа звярнуць увагу людзей на праблемы ўтварэння і перапрацоўкі смецця ды заахвоціць больш гродзенцаў сартаваць адходы.

Хочаш удзельнічаць у конкурсе прыгажосці - змяні лампы на энергазберагальныя

Летась Полі стала першай удзельніцай ад Беларусі ў Міжнародным конкурсе прыгажосці «Міс Зямля» і зацікавілася пытаннямі экалогіі. «Апроч патрабаванняў да знешняга выгляду важнай умовай для канкурсантак былі актыўны лад жыцця і ўдзел у экалагічных праектах у сваёй краіне. Напрацягу месяца перад спаборніцтвам трэба было кожны дзень рабіць якое-небудзь экалагічнае дзеянне, каб папярэдзіць глабальнае пацяпленне і захававаць планету для будучых пакаленняў», - узгадвае Полі.

This slideshow requires JavaScript.

Вярнуўшыся ў Беларусь, яна працягвае экалагічны актывізм. Аднадумцы для гэтага знайшліся не толькі ў сталіцы. У Гродне Полі супрацоўнічае з грамадскім аб’яднаннем «Экаманіторынг». Разам з яго кіраўніком Яўгенам Філімонавым Полі прыехала на завод па сартаванні смецця.
Чытайце яшчэ:  Замест звалкі – на канвеер. Пад Гродна пачаў працу завод па сартаванні смецця

Кожны дзень рабіць экалагічнае дзеянне

За час падрыхтоўкі да конкурсу Полі ўдзельнічала ў пасадцы дрэваў, замяняла на энергазберагальныя ўсе лампы ў сваёй кватэры, здавала на перапрацоўку батарэйкі і капсулы ад кава-машыны, прызвычаілася ашчаджаць ваду і электрычнасць ды не набываць у краме пластыкавых пакетаў. Кажа, сваім прыкладам хацела паказаць — простыя дзеянні па сілах кожнаму, а экалагічны лад жыцця можа быць цікавым і захапляльным. Пра свае адкрыцці Полі расказвала сябрам — зараз ці не кожны з іх ведае аб недахопах ртутных ляпмаў ці перавагах біяраспадальнага пластыку.

5R — пабачыць і змяніць сябе

Конкурс для самых экалагічных прыгажунь праводзіў ідэю «5R» — RETHINK, REUSE, REDUCE, RECYCLE, RESPECT (задумайся, выкарыстай інакш, зменшы, перапрацуй, пастаўся з павагай). Кожная з удзельніц пасля вяртання ў сваю краіну мае данесці гэту ідэю да суайчыннікаў. Паездка ў Гродна на завод стала адной з першых яе экалагічных акцый дома.

«Раней я ніколі не была на такіх прадпрыемствах, таму ўзрадавалася магчымасці пабачыць працэс на ўласныя вочы. Хацелася даведацца, што робяць з адходамі на заводзе. Зараз я пад уражаннем, колькі смецця утвараецца ў горадзе за адзін дзень і як шмат людзей занята, каб забяспечыць магчымасць яго перапрацоўкі», — расказала Полі Канабіс.

Навучыць дарослых праз адукацыю дзяцей

«Каб нагадаць гараджанам пра неабходнасць сартавання смецця, актывісты аб’яднання „Экаманіторынг“ плануюць праводзіць адукацыйныя акцыі для дзяцей і падлеткаў», — распавёў кіраўнік аб’яднання Яўген Філімонаў. Зараз распрацоўваюцца гульні для дзіцячых садоў і ўлёткі для школьнікаў.

Праводзіць заняткі разам з іншымі валанцёрамі арганізацыі збіраецца і Полі. Тым больш, што за час знаходжання канкурсантак на Філіпінах яны атрымалі такі вопыт. Разам з мясцовымі школьнікамі і студэнтамі прыгажуні з 84 краін свету праводзілі сустрэчы, саджалі дрэвы, чысцілі дно акіяна ад пластыку і нават высаджвалі на каралы малюскаў, што фільтруюць ваду.

This slideshow requires JavaScript.

Як пераканаліся экаактывісты, экскурсіі на завод таксама могуць стаць цікавымі адукацыйнымі мерапрыемствамі. Праводзіць іх гатовыя для самых розных наведвальнікаў. «Да нас прыязджалі студэнты з ГрДУ і аграрнага ўніверсітэта, наведвалі школьнікі і была нават адна група з дзіцячага садка», — распавёў дырэктар завода Вячаслаў Андрэеўскі. — Трэба толькі патэлефанаваць загадзя і ўзгадніць час. Мы нават дастаўку групы можам арганізаваць на ўласным аўтобусе".

А папярэдне пазнаёміцца з заводам можна праз віртуальную экскурсію на старонцы прадпрыемства.

Што гродзенцы выкідаюць на сметніцы?

Завод працуе ў тры змены без выходных і святаў. Штодня сюды дастаўляюць 240 — 260 тон смецця, столькі адходяў штодзень утвараецца ў горадзе. «Сярэднестатыстычныя» адходы складаюцца з рэшткаў харчовых прадуктаў, пластыкавай, шкляной і металічнай тары, веташы. Аднак часам трапляюцца і «цікавосткі» кшталту ручной гранаты, вучэбнай міны ці цынка з патронамі.

Змешаныя адходы сартуюць на двух канвеерных лініях. Праз кожную з іх праходзіць 15−17 тон смецця за гадзіну. За год завод здольны рассартаваць каля 120 тысяч тонн отходаў. З іх каля 20% складае другасная сыравіна.

На канвеерах рабочыя асобна выбіраюць метал, каляровыя і малочныя пластыкавыя бутэлькі, плёнку і пакеты, паперу. На усё гэта, па словах дырэктара, ёсць спажыўцы. Ды і на месцы маюць намер пачаць ператвараць адходы ў даходы. Ужо апробавалі тэхналогію выпуску тратуарнай пліткі з плёнкі і пяску, рыхтуюць да запуску праект па ўтылізацыі медыцынскіх адходаў і задумваюцца над уласнай вытворчасцю РДФ-паліва.

Экалагічная міс ЖКГ

Што да гродзенскай прыгажуні з ЖКГ, то Аксана Шэйка таксама мае да экалогіі непасрэднае дачыненне. На смеццесартавальным заводзе яна працуе юрыстам і спецыялізуецца на экалагічным праве. Але стаяць за канвеерам у цэху ёй раней не прыходзілася.

«Дома мы сартуем смецце, асобна збіраем паперу, пластык і шкло. Калі пытанні па сартаванні і ўзнікаюць, то тычацца, звычайна, больш дробязяў. Кшталту — куды кінуць „жасцянку“ ад напою ці камбінаваную упакоўку. Зараз ведаю, што нават калі хто з гараджан памыліцца з вызначэннем кантэйнера, на заводзе ўсё адпаведна рассартуюць».

А можа, так і трэба?

У тым, што гродзенцы прызвычайваюцца да сартавання смецця, на прадпрыемстве ужо ўпэўніліся. Па назіраннях Вячаслава Андрэеўскага, напачатку чэрвеня, калі завод пачаў працаваць, доля адсартаванага смецця складала каля 5%. Зараз яна набліжаецца да 20%. «Гродзенцы хутка вучацца — пабачылі, што суседзі сартуюць смецце, што за мяжой гэта звычайная справа, і самі пачынаюць падцягвацца».

Чытайце яшчэ:  У Гродне ЖКГ будзе праз відэакамеры назіраць як людзі выкідаюць смецце

Прыгажосць уратуе свет

Калі ж нехта яшчэ не пачаў сартаваць смецце, то мае шанец натхніцца прыкладам экалагічных прыгажунь проста зараз.

Такія акцыі, меркаваннем экаактывістаў, здольны прыцягнуць увагу да рацыянальнага абыходжання са смеццем і паспрыяць вырашэнню экалагічных праблем.

«Варта выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы каб распаўсюдзіць карысную інфармацыю і зацікавіць людзей. Уласны прыклад і пазітыўныя ўчынкі ў такіх сітуацыях працуюць лепш за словы.»

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.