У гродзенскім Фарным касцёле рамантуюць арган. Працы ідуць ужо некалькі месяцаў. Аднак афіцыйна пра гэта нічога не кажуць, а пробашч Ян Кучыньскі наогул адмаўляе, быццам нейкія працы вядуцца, паведаміў Telegram-канал Urban Hrodna.
Рыштаванні на аргане з’явіліся яшчэ ў верасні. Ахоўнік з касцёла расказаў чытачу Hrodna.life, што арган пачалі рамантаваць тры-чатыры месяцы таму. Рамонтам займаецца адзін майстар. Ён чысціць і рамантуе трубы інструмента. Працы працягнуцца прыкладна год.
Гістарычны Telegram-канал Hrodna 11:27 са спасылкай на пост гродзенскага дызайнера Ігара Варкулевіча ў Facebook піша, што рамонтам інструмента займаецца спецыяліст па арганах Аляксандр Бурдзялёў, аўтар энцыклапедыі «Арганы Беларусі». Аднак па стане на 16 лістапада ў публікацыі Варкулевіча ў Facebook адсутнічаюць згадкі Бурдзялёва, пост таксама даступны толькі для сяброў аўтара.
Ксёндз Ян Кучыньскі адмовіўся расказваць Urban Hrodna пра рамонт аргана. «Адкуль вы ўзялі такую інфармацыю?», — запытаў Кучыньскі і параіў звяртацца да тых, хто такую інфармацыю публікаваў, бо ён нічога публічна пра арган не расказваў.
Але трубы аргана ў Фарным касцёле сапраўды адсутнічаюць. Яго праспект [пярэдні бок аргана — Urban Hrodna] абнесены рыштаваннямі.
Hrodna.life звярнуўся непасрэдна да Аляксандра Бурдзялёва, каб даведацца больш пра рамонт аргана і пацвердзіць або абвергнуць яго ўдзел у працах. Аднак Аляксандр сказаў, што «інфармацыя пра рамонт з’явілася памылкова і выдалена з першакрыніцы. Зараз ніхто не зацікаўлены ў публікацыі гэтага факта».
Што вядома пра арган з Фарнага касцёла
Арган у кафедральным саборы Святога Францыска Ксаверыя — адзін з найбуйнейшых у Беларусі. Яго зрабілі ў 1937 годзе ў варшаўска-віленскай фірме «Wacław Biernacki». У тыя часы гэта была адна з трох найбуйнейшых фірмаў па вытворчасці арганаў у Польшчы. У ёй выраблялі арганы для Вавельскага сабора ў Кракаве, Варшаўскай і Кракаўскай кансерваторый, а таксама для сабораў святога Казіміра, кафедральнага сабора, сабора святога Мікалая, святога Стэфана, святога Георгія ў Вільні.
Верагодна, Бернацкі разбудоўваў ужо існуючы раней арган. Ёсць таксама гарадская легенда, што пачаткова арган стаяў у Фары Вітаўта і быў перанесены ў кафедральны сабор у час Другой сусветнай вайны. Там яго нібыта размясцілі ў шафе ад папярэдняга аргана. Гэта можа пацвярджаць налепка ўнутры аргана з пазнакай атрымальніка заказа — «prob.par.wojsk.» — што азначае «настаяцель вайсковага прыхода». А Фара Вітаўта ў міжваенны час была менавіта гарнізонным касцёлам.
На фірмовай таблічцы «W. Biernacki Warszawa» знайшоўся таксама дробны надпіс «Rausch — Toruń» — гэта фірма, якая вырабляла такія таблічкі.
Самы стары дзейсны арган Беларусі таксама знаходзіцца ў Гродне
Арган на 12 галасоў 1750 года вытворчасці размяшчаецца ў касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскім). Яго лічаць самым старым у Беларусі. Арган двойчы перабудоўвалі, у 1884 і 1988 гадах, але праспект [пярэдні бок аргана — Urban Hrodna] і частка трубаў захавалі з 1750 года. Апошні грунтоўны рамонт інструмента адбыўся ў 2014 годзе. Да гэтага часу інструментам не карысталіся працяглы час.
Чытайце таксама: