Кожны чацвер з 23 чэрвеня па 4 жніўня 2022 года ў касцёле Маці Божай Анёльскай (Францішканскі касцёл) можна будзе паслухаць самы стары ў Беларусі арган. Там адбудуцца канцэрты ў межах фестывалю арганнай музыкі «Ars Magna Organi».

Арганны фестываль пройдзе ў Гродне: музыкі зайграюць на самым старым аргане Беларусі
Касцёл Маці Божай Анёльскай (Францішканскі касцёл). Крыніца: msj.by

Якая праграма і хто будзе граць?

  • 23 чэрвеня, 19.30 — Кацярына Іванова (Віцебск)
  • 30 чэрвеня, 19.30 — Калініка Мядзведзева (Мінск)
  • 7 ліпеня, 19.30 — Ірына Разанава (Санкт-Пецярбург) — арган і Васілій Мельнікаў (Любляны) — скрыпка
  • 14 ліпеня, 19.30 — Інна Шпілеўская (Наваполацк)
  • 21 ліпеня, 19.30 — Ганна Горбач (Мінск)
  • 28 ліпеня, 19.30 — Анастасія Скідзельнікава (Масква)
  • 4 жніўня, 19.30 — Канстанцін Воластнаў (Масква)

Уваход на ўсе канцэрты бясплатны.

Таксама канцэрты арганнай музыкі адбудуцца ў касцёле Найсвяцейшага адкупіцеля на Курчатава, 41. Там усталяваны сучасны электронны арган.

  • 3 верасня, 20.00 — Калініка Мядзведзева (Мінск) — арган, Анастасія Турчанінава (Мінск) — скрыпка
  • 10 верасня, 20:00 — Вераніка Багдановіч-Язвінская (Віцебск) — арган, Аляксандра Палятаева (Віцебск) — флейта
  • 17 верасня, 20.00 — Ганна Горбач (Мінск)

Што за фестываль Аrs Magna Organi

Рэспубліканскі фестываль Аrs Magna Organi (Вялікае мастацтва аргана) у 2022 годзе адбудзецца ў 11 гарадах Беларусі. У Гродзенскай вобласці канцэрты адбудуцца ў Гродне, Лідзе і вёсцы Мсцібава [Ваўкавыскі раён — Hrodna.life]. Агулам па Беларусі з 18 чэрвеня па 18 верасня адбудзецца 54 канцэрты арганнай музыцы. У фестывалі прымуць удзел арганісты з Беларусі і Расіі.

Большая частка сродкаў фінансавання фестывалю — сродкі, якія ў 2020 годзе ў спадчыну фестывалю пакінуў Юрый Зісер.

Чым адметны арган у Францішканскім касцёле ў Гродне

Арган на 12 галасоў, які размяшчаецца ў касцёле Маці Божай Анёльскай, лічаць самым старым у Беларусі. Яго вырабіў ў 1750 годзе Мацей Краеўскі па фундацыі Канстанцыі Міхаліны Лазавой. Яго цана тады была тры тысячы злотых і 150 тымфаў (крэдытных манетаў) за яго транспарціроўку ў Гродна.

Арганны фестываль пройдзе ў Гродне: музыкі зайграюць на самым старым аргане Беларусі
Арган у Францішканскім касцёле. Крыніца: vgr.by

Арган двойчы перабудоўвалі, у 1884 і 1988 гадах, але праспект [пярэдні бок аргана — Hrodna.life] і частка трубаў захавалі з 1750 года. Апошні грунтоўны рамонт інструмента адбыўся ў 2014 годзе. Да гэтага часу інструментам не карысталіся працяглы час.