У краме «OZ книги» ў гандлёва-забаўляльным цэнтры Triniti прыбралі на склад кнігу «Лето в пионерском галстуке». Яна распавядае пра аднаполае каханне ў савецкім піянерлагеры. Пра тое, што кнігу прыбралі, паведаміла сама актывістка. Інфармацыю Hrodna. life пацвердзілі ў дзвюх крамах. Актывістка вяла вайну з кнігамі некалькі тыдняў, звярталася ў Мінінфарм і гарвыканкам.

Кніга знікла ў двух крамах OZ — у Triniti і ГЦ «Нёман». Там паведамілі, што выдання больш няма і адмовіліся ад каментароў. На сайце крамы інфармацыя і фотаздымак кнігі адсутнічае. На яе можна пакінуць заяўку.

У краме OZ у Triniti прыбралі кнігі пра аднаполае каханне пасля звароту Бондаравай
Кніга «Лето в пионерском галстуке» на сайце OZ. Скрыншот Hrodna.life

«Пералік тавараў, прадстаўленых у продажы ў OZ, вызначаецца асартыментнай палітыкай кампаніі. Гэта тычыцца, у прыватнасці, і кніжнай прадукцыі на вітрыне. Так, напрыклад, топ кніг рэгулярна абнаўляецца, а літаратура з нязначным узроўнем попыту альбо яго адсутнасцю можа быць выключаная з асартыменту. На любыя звароты мы адказваем па пісьмовым запыце кліентаў, а характар такіх зваротаў у публічным полі не каментуем» — адказалі ў піяр-аддзеле на зварот Hrodna.life.

Аўтары кнігі - Кацярына Сільванава і Алена Малісава. Кнігу выпусціла выдавецтва Popcorn Books у 2021 годзе. Кніга распавядае пра каханне двух хлопцаў - піянера і важатага. Абмежаванні - 18+. На сайце livelib.ru у кнігі адзнака 4,6 з 5.

Анатацыя: Юра вяртаецца ў піянерскі лагер сваёй маладосьці праз дваццаць гадоў. У руінах мінулага ён спадзяецца адшукаць шлях у цяпер, да чалавека, якога калісьці любіў. Гэтая гісторыя пра тое, што ў СССР не ўсё было гладка, правільна і безаблічна. Што былі перажыванні, страсці, цягі і пачуцці, якія не ўпісваліся ў рамкі маралі на шляху да «светлай будучыні». І што гэта будучыня аказалася не такой ужо і светлай.

У канцы траўня 2022 года пра кнігу «Лето в пионерском галстуке» напісала прапагандыстка «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Гладкая. «Як гэты бруд, відавочна небяспечны для падлеткавай псіхікі, аказваецца на кніжных паліцах беларускіх крам?» — задалася пытаннем Гладкая. Пасля гэтага, па паведамленнях праўладных актывістаў, крама кніг Booklover.by прыбрала кнігу.

Напісала скаргу

У Гродне пасля гэтага 1 чэрвеня «цэлы дзень займалася» пошукам кнігі Вольга Бондарава. Яна знайшла яе толькі ў краме OZ. «Разбэшчванне непаўналетніх OZ паставіў на паток і робіць гэта свядома і з асаблівым цынізмам. Я малю праваахоўныя органы і пракуратуру даць прававую ацэнку дзейнасці сеткі крам OZ і ТАА „Приносим радость“ — што па сутнасці адно і тое ж! Дапамажыце на дзяржаўным узроўні абараніць нашых — і вашых жа таксама — дзяцей ад навязвання вычварэнстваў!» — напісала яна ў Telegram-канале. Таксама яе абразіла тое, што з-за кнігі ў людзей можа змяніцца стаўленне да савецкага мінулага.

Таксама Вольга ўбачыла яшчэ дзевяць «кніг з ЛГБТ». Яна пакінула заўвагу у кнізе скаргаў і прапаноў крамы.

Пазіцыя ўладальнікаў

Пералічаныя Вольгай кнігі не забароненыя для рэалізацыі ў Беларусі, напісаў у адказе на зварот 9 чэрвеня дырэктар кампаніі Дзяніс Ткачоў. Ён сцвярджае, што на кнігах пазначана ўзроставае абмежаванне «18+». Іх не прададуць кліентам, малодшым за гэты ўзрост. Кнігі прадстаўлены ў пакаванні, таму азнаёміцца з яе зместам да пакупкі немагчыма.

Таму крама не парушае закон і не павінна здымаць з рэалізацыі кнігі, паведаміў тады Ткачоў.

У краме OZ у Triniti прыбралі кнігі пра аднаполае каханне пасля звароту Бондаравай
Кніга «Лето в пионерском галстуке». Фота: olx.ua

Дайшло да Мінінфарма

На кнігі Вольга паскардзілася першаму намесніку міністра інфармацыі Андрэю Кунцэвічу. «Пра кнігу пра піянерскі лагер чуў, тэма трымаецца на кантролі, запэўніў Андрэй Міхайлавіч», — паведаміла яна.

10 чэрвеня скаргу на кнігі ад Бондаравай атрымаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. 16 чэрвеня Вольга напісала, што кнігі прыбралі. «Па паведамленні прадаўца, паступіла такая просьба», — паведаміла Вольга Бондарава.

Рэпрэсіі супраць ЛГБТ-супольнасці

Пасля пратэстаў-2020 ЛГБТК-людзі сталі адной з рэпрэсаваных груп. Актывіста і блогера спрабавалі зняважыць з дапамогай відэа з аднаполым сэксам. Затрыманы на відэа з «раскаяннем» распавядаў пра аднаполыя сувязі. Адразу некалькіх мужчын у канцы верасня 2021 года вымусілі казаць аб аднаполых сувязях, гэта значыць, здзейсніць аўтынг (публічнае разгалошванне інфармацыі аб сэксуальнай арыентацыі або гендэрнай ідэнтычнасці чалавека без яго згоды — Hrodna. life). Дзяржаўныя журналісты актыўна прымалі ўдзел у дыскрэдытацыі.

У кнізе — пагрозы нацыянальнай бяспецы

UPD 24 чэрвеня. «Указаная кніга па стане на 22.06.2022 г. не прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам, — адказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі на зварот Вольгі Бондаравай.

Разам з тым, у кнізе ўгледжваюцца прыкметы пагрозы нацыянальнай бяспецы, выяўленыя ў папулярызацыі і прапагандзе амаральных формаў паводзінаў, якія не адпавядаюць дзяржаўным прыярытэтам і каштоўнасцям, якія фарміруюцца ў адпаведнасці з агульнапрынятымі грамадскімі нормамі, а таксама замацаванымі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і нарматыўнаправавымі актамі краіны.

У рамках кампетэнцыі па дадзенай кнізе і падобнага роду выданням зацікаўленым дадзены адпаведныя даручэнні".