У Фарным касцёле Гродна аднаўляюць драўляны алтар Святога Язафата, як мяркуецца, створаны ў пачатку XVIII стагоддзя. Спецыялісты ўмацоўваюць ацалелыя дэталі, замяняюць разбураныя і здымаюць пазнейшыя слаі фарбы. Завяршыць работы плануюць у 2027 годзе перад пачаткам Вялікага посту.

Пра гэта паведамляе «Гродно Плюс». Перад рэстаўрацыяй спецыялісты даследавалі стан алтара. У цэлым ён захаваўся дастаткова добра, але некаторыя элементы разбурыліся ад часу і насякомых — іх давядзецца замяніць.

Захоўваюць старое дрэва і сляды ранейшай афарбоўкі

Галоўная задача рэстаўратараў — захаваць гістарычны матэрыял і аблічча алтара. Дрэва апрацоўваюць адмысловымі саставамі, пры неабходнасці ўмацоўваюць. Работы ідуць паралельна: пакуль адны спецыялісты падрыхтоўваюць дэталі, іншыя ўжо пакрываюць гатовыя элементы пазалотай.

За сваю гісторыю алтар двойчы перафарбоўвалі. Цяпер пазнейшыя пакрыцці здымаюць, пакідаючы невялікія ўчасткі — зандажы, па якіх можна ўбачыць, як змянялася афармленне. Каляровае рашэнне адноўленага алтара ўзгодняць з астатнім інтэр’ерам касцёла.

У Фарным касцёле Гродна рэстаўруюць алтар XVIII стагоддзя. Адкрыць яго плануюць у 2027 годзе
Так выглядае алтар. Фота: instagram.com/muzej.by

За 20 гадоў аднавілі восем з трынаццаці алтароў

Сістэматычная рэстаўрацыя кафедральнага сабора Святога Францішка Ксаверыя — Фарнага касцёла — працягваецца каля 20 гадоў. Да канца 2025 года тут аднавілі палову памяшканняў і восем з трынаццаці алтароў. Большасць алтароў створаныя ў XVIII стагоддзі.

У 2013 годзе завяршылі рэстаўрацыю алтара Святога Міхала Арханёла — самага старога ў храме. Яго перанеслі з ранейшага драўлянага касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла. Да аднаўлення канструкцыя знаходзілася ў аварыйным стане: пробашч Ян Кучынскі расказваў, што яна магла нахіліцца і ўпасці.

У 2018 годзе аднавілі алтар Маці Божай Ружанцовай, а ў лютым 2024-га адкрылі алтар «Бічаванне Пана Езуса». Апошні давялося цалкам разабраць: падчас Другой сусветнай вайны вокны ў гэтай частцы храма былі выбітыя, унутр трапляла вільгаць і дрэва падгніло.

У канцы лістапада 2025 года пасля рэстаўрацыі адкрылі алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Яго канструкцыю таксама разбіралі і збіралі нанова, умацоўвалі абраз, рамантавалі драўляныя элементы і аднаўлялі пазалоту.

Наперадзе застаюцца і іншыя работы. Паводле пробашча, асабліва складаная рэстаўрацыя чакае алтар Святога Казіміра.

Маштабныя работы пачаліся пасля пажару

Пажар у Фарным касцёле адбыўся ў ноч з 12 на 13 ліпеня 2006 года. Прычынай стала кароткае замыканне. Агонь пашкодзіў галоўны драўляны алтар, знішчыў частку разьбянога дэкору і чатыры скульптуры XVIII стагоддзя.

Страчаныя элементы аднаўлялі па фотаздымках. Работы занялі некалькі гадоў — галоўны алтар адкрылі ў 2011 годзе. Пасля гэтага рэстаўратары працягнулі аднаўляць астатнія алтары і інтэр’ер храма.