Езуіцкі калегіум — гэта не толькі вядомы кожнаму гродзенцу Фарны касцёл. Калегіум складаецца з комплексу рэлігійных, навуковых і гаспадарчых пабудоваў. Пра езуітаў і калегіум чытайце ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі»

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna. life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Е - Езуіцкі калегіум. 5 фактаў з гісторыі найстарэйшай навучальнай установы Гродна
Езуіцкі калегіум. Малюнак: Ігар Варкулевіч.

1. З’явіўся пазней праз смерць караля

Ідэя стварэння ў Гродне езуіцкага калегіума належала Стэфану Баторыю. Ён вельмі паважаў ордэн езуітаў. Сам у прыватных размовах неаднаразова казаў: «Калі б я не быў каралём, то быў бы езуітам». Першыя захады да стварэння калегіума ён зрабіў у 1584 годзе — падарыў езуітам маёнтак Кундзін і 10 тысяч злотых. Але хутка Баторый памёр. Смерць караля прыпыніла ажыцяўленне планаў на некалькі дзесяцігоддзяў.

2. Рэалізоўвалі рэлігійныя і свецкія задачы

Комплекс езуітаў пачаў фарміравацца на ўсходнім баку рынкавай плошчы ў 1622 годзе. З часам ён аб’яднаў касцёл, езуіцкі калегіум, бібліятэку, аптэку, друкарню, жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Калегіум стаў сапраўднай навучальнай установай, якая рэалізоўвала рэлігійныя і свецкія задачы. Езуіты зрабілі шмат для развіцця адукацыі і культуры ў Гродне.

3. Навучалі бясплатна, але самых здольных

Навучанне ў калегіуме падзялялася на малодшае і старэйшае аддзяленне. На малодшым вучыліся 5 класаў, на старэйшым 3. Адукацыя была бясплатнай, але бралі не ўсіх. У навучанне патраплялі толькі найбольш здольныя дзеці шляхты і гараджан незалежна ад іх хрысціянскага веравызнання. Навучэнцам выкладалі граматыку, рыторыку, дыялектыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію, музыку і багаслоўе. Акрамя гэтага вывучалі грэчаскую і лацінскую мовы.

4. Раней Фарны Касцёл быў драўляным

Першы езуіцкі касцёл Пятра і Паўла пабудавалі з дрэва. Будаўніцва мураванага касцёла пачалі ў 1678 годзе. Першае набажэнства ў новым храме адбылося ў 1700 годзе. У 1705 касцёл асвяцілі ў гонар Святога Францыска Ксаверыя.

На асвячэнні прысутнічалі кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ і расійскі цар Пётр І.

5. Калегіум стаў акружной школай

Папа рымкі ў 1773 годзе выдаў буллу аб роспуску ордэна езуітаў. Гродзенскі калегіум быў перададзены новастворанай Камісіі нацыянальнай адукацыі. На базе кляштара стварылі адну з дзевяці ў Рэчы Паспалітай акружных школ. Для навучальнай установы гэта стала катастрофай. Калі ў 1772 годзе кадравы склад налічваў 42 чалавекі, то ў новай установе месца для працы і жыцця было прадастаўлена толькі васьмі прафесарам.