Ад 27 лютага да 5 сакавіка наш сайт тэсціраваў Аляксей Буранок. Ён нарадзіўся ў Гродне, тут скончыў ліцэй № 1. Пасля вучыўся ў Вільні, Варшаве ды Маскве. У Беларусі яго ведаюць як былога сустрашыню «Ініцыятывы Вольная Беларусь» і суарганізатара канцэртаў «Салідарныя з Беларуссю» ў Варшаве. Незважаючы на тое, што з 2014 года Аляксей жыве ў Маскве, ён лічыць сябе гродзенцам і сочыць за гарадскімі навінамі. На допіс рэдакцыі аб пошуку чытачоў-тэсціроўшчыкаў ён адклікнуўся адным з першых.
«Сайт вельмі спадабаўся, — напісаў нам Аляксей. — Прыемны дызайн, зручная навігацыя, правільнае размяшчэнне блокаў навін, файны каляндар гарадскіх падзей». Не хапае, яго меркаваннем, большай колькасці блогераў. «Вельмі суб’ектыўны, блогерскі погляд на рэчы, цікавы і часам прыводзіць да вялікіх дыскусій, розгаласу ў грамадстве і, разам з гэтым, папулярызуе сайт».
Разынкаю Нrodna.life, якая набывае асаблівую важнасць, калі чытаць старонку здалёк, Аляксей назваў «навіны з падкрэсленым гродзенскім ухілам». Напрыклад, як артыкулы
пра перамогу Яўгена Каралька ці адстаўку Велерыя Цапкалы.
«Каб не Нrodna.life, не даведаўся б, што яны гродзенцы»
— адзначае Аляксей.
Галоўным плюсам нашай старонкі, паводле Аляксея, з’яўляецца ўнікальны аўтарскі кантэнт — вялікія тэксты пра цікавосткі ў гродзенскай штодзённасці.
Менавіта такія матэрыялы Аляксей абраў для свайго ТОП-3, які аказаўся ТОП-5 :
«Вельмі спадабаўся артыкул пра гродзенскі кіналагічны атрад. Я, як хутчэй за ўсё і шмат іншых чытачоў, не ведаў што ў Горадні існуе такі цікавы атрад! Выдатна раскрыта тэма, вялікія каментары ўдзельнікаў атраду, расказваецца і тое, як ён ствараўся. А сапраўдная разынка артыкулу — гэта подпісы да фатаздымкаў „хвастатых ратавальнікаў“! Проста выдатна атрымалася!»
Кожны артыкул з міжпакаленчай жывой бібліятэкі - кландайк ведаў ды жыццёвага досведу. Пасля прачытання артыкулаў адчуваецца такая ж асалода, як ад доўгай сяброўскай размовы. Ад артыкула пра Уладзіміра Рунге і артыкула пра спадарыню Тамару засталіся вельмі прыемныя адчуванні.
Зусім іншы, але не менш цікавы, артыкул пра веганаў. Іншы погляд на жыццё заўсёды цікава пачуць.
Прыкладам таго, як пра звычайны спальны раён можна распавядаць захапляльна, назваў Аляксей артыкул пра Пярэселку.
«Не ведаю, ці будзе цікава жыхарам іншых гарадоў ды раёнаў, але мне цыкл Яна Лялевіча вельмі падабаецца! Я вельмі шмат часу праводзіў на гэтым раёне — таму проста не мог адарвацца ад артыкула».
Асобна адзначыў Аляксей і артыкул пра конны ўзвод міліцыі. «Думаю, шмат гродзенцаў адчула настальгію пасля прачытання артыкула», піша ён.
«Агулам, тыдзень чытання гарадскіх навін быў вельмі прыемным. З асалодай карыстаўся сайтам ды адкрыў для сябе новыя, цікавыя старонкі роднага горада»
— напісаў Аляксей.
Мы абавязкова скарыстаемся яго парадамі і шчыра дзякуем за зваротную сувязь. Наш фірмовы кубак будзе нагадваць Аляксею пра Гродна незважаючы на адлегласць і час. А старонка Нrodna.life дапаможа і надалей трымаць руку на пульсе гарадскога жыцця.