Больш за 50 твораў беларускіх дызайнераў прадставілі гродзенцам на выставе «Беларускі плакат. Візуальны код часу», што адкрылася 6 сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця. Гэта не толькі мастацкія працы, але і гістарычныя дакументы, сведчанні эпохі. Кіраўнік Саюза дызайнераў Беларусі Дзмітрый Сурскі кажа, што «гэта частка беларускай візуальнай мовы, каторая вядома ўсяму свету». Беларускія плакаты экспануюцца ў галерэях Францыі, Чэхіі, Фінляндыі, Злучаных Штатаў ды іншых краін. На радзіме ж яны застаюцца малавядомымі. Сёлета, з нагоды 30-годдзя Саюза дызайнераў, выставу пакажуць ва ўсіх абласных цэнтрах цэнтрах. Гродна стаў другім пасля Брэста горадам, дзе яе дэманструюць.

Беларускі плакат. Візуальны код часу (3)
Адкрыццё выставы «Беларускі плакат. Візуальны код часу» Гродна, 6 сакавіка. Фота: Ян Лялевіч

«Цікавая і моцная з’ява»

Менавіта так акрэсліў беларускі плакат мастак Аляксандр Сільвановіч. «Важна, каб людзі ведалі, што плакат — гэта не толькт КукРыНікСы ці савецкія карцінкі пра шпіёнаў, што ў беларускага плаката ёсць свая эстэтыка і цікавыя знаходкі». Што да актуальнасці плаката, то некаторыя тэмы і формы твораў з 90-х і нулявых застаюцца зразумелымі і надзённымі да сёння.

Беларускі плакат. Візуальны код часу (32)
Плакат «Бюракрату…», створаны за савецкім часам, не страціў актуальнасці і да сёння. Такіх табурэтаў даўно не знойдзеш ва ўстановах. А вось бюракраты яшчэ захаваліся. Фота: Ірына Новік

Важнасць выставы менавіта для Гродна, яго меркаваннем, у тым, што пабачыць творы змогуць студэнты, навучэнцы каферды дызайну з універсітэта і коледжа мастацтваў. Гэта тое, што павінна іх «падсілкаваць».

«Ідэя раз і назаўсёды»

На думку мастака Алеся Сурава, плакат і сёння застаецца актуальнай формай лаканічнага выказвання ідэі. У вехах жыцця змяняецца толькі яго стылістыка. «Зараз плакат набывае яшчэ большую выразнасць і запатрабаванасць. Уявіць сабе мегаполіс без плаката проста немагчыма. Гэта самыя моцныя і яркія „плямы“ гарадской прасторы. Не важна, з чым звязаны — з музычнымі рэчамі, ці з чым іншым. Заўсёды ёсць плакат. Гэта — ідэя раз і назаўсёды».

Беларускі плакат. Візуальны код часу (31)
«Уявіць сабе мегаполіс без плаката проста немагчыма. Гэта самыя моцныя і яркія „плямы“ гарадской прасторы», лічыць мастак Алесь Сураў. Колішні Гродна плакаты таксама ўпрыгожвалі. Фота Ірыны Новік

Тое, што плакат стаў неад’емнай часткай сучаснага жыцця, людзі часам проста не заўважаюць, лічыць мастак. Плакат у многім змяніў форму, ператварыўся ў прынт, стаў часткай дэкору, перайшоў з паперы на вопратку. Плакатны дызайн стаў шырэйшым, цікавейшым і знайшоў шляхі для далейшага развіцця.

Ад білбордаў да фотажабаў

Беларускі плакат. Візуальны код часу (2)
Аўтар выставы, Дзмітрый Сурскі, лічыць, што выстава мае не толькі паказаць дасягненні беларускіх дызайнераў у гэтым напрамку мастацтва. Фота: Ян Лялевіч

Плакат, паводле аўтара выставы Дзмітрыя Сурскага, развіваецца і далей. Сёння ён з’яўляецца ў розных формах — ад масштабных білбордаў да фотажабаў. «Гэта тыя ж прыемы — сціслыя, гіпербалічныя, нешматслоўныя візуальна выказванні». Такія жанры як тэатр ці рэклама таксама ў многім карыстаюцца яго сродкамі. Нават карцінкі на старонках сацыяльных сетак па сутнасці з’яўляюцца плакатамі, ствараюць візуальнае атачэнне свайго часу.

Беларускі плакат. Візуальны код часу (41)
Плакат Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі «LEVIS» — адзіны твор мастакоў з Беларусі, што набыў Лувр. У Гродне яго таксама можна пабачыць. Фота Ірыны Новік

Што да беларускіх плакатаў, то многія з прац канца мінулага стагоддзя не адбалелі ў Беларусі і да сёння. «Тэма вайны і міру - спрадвечная. „Голуб-слімак“ зразумелы і зараз. Ён паказвае, як павольна мы рухаемся ў тым накірунку».

Беларускі плакат. Візуальны код часу (42)
Дзмітрый Сурскі: «Тэма вайныі міру — спрадвечная. „Голуб-слімак“ зразумелы і зараз. Ён паказвае, як к павольна мы рухаемся у тым накірунку». Фота Ірыны Новік

Выстава, што будзе экспанавацца ў Гродне да канца сакавіка — гэта частка праекта па стварэнні адзінага лічбавага архіва беларускага плаката. Праект мае на мэце не толькі пашыраць веды пра гэту галіну мастацтва, але і знаходзіць малавядомыя творы беларускіх дызайнераў. Ужо зараз іх сабрана каля 1000. Вынікам працы, апроч лічбавага архіва, мае стаць і альбом-каталог беларускага плаката.