Адзін з двух на Беларусь валанцёрскіх кіналагічных атрадаў з 2014 года працуе ў Гродне. Разам з кінолагамі тут валанцёраць сабакі. Яны сталі часткай атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, каторы быў арганізаваны пры аддяленні Чырвонага Крыжа.

Валанцёрскі атрад — не спецпадраздзяленне, таму адбора паводле пароды ад самага пачатку не было. Ніякіх умоваў не ставілі, проста павесілі абвесткі на пляцоўках для выгула сабак, размясцілі інфармацыю ў сеціве. Адразу прышло шмат ахвотных, а вось засталося на стала менш за дзясятак. Першымі з «касцінга» выбылі пакаёвыя і дэкаратыўныя сабачкі, пасля «адваліліся» тыя, кого прывялі павучыцца «чыста для сябе».

Увесь час - разам

З сабакамі з валанцёрскага атрада працуюць трохі інакш. Тут поспех навучання палягае на шчырых адносінах з гаспадарамі і ўзаемаразуменні на мяжы ледзь не чытання думак адно аднаго. Калі сабака здольны вучыцца і адчувае жаданне гаспадара, то разам ім падуладна многае. У атрадзе ёсць сабакі, у пароду каторых генетычна не закладзены вялікія здольнасці да пошуку. Узяць аляскінскага маламута Осціна ў прафесійныя шукальнікі нікому б не прыйшло на думку. А ён ужо пасля некалькіх трэніровак змог у рэальнай сітуацыі знайсці чалавека.

сабакі-валанцёры (6)
Осцін, аляскінскі маламут 1,5 гады, у пашуковым атрадзе ад кастрычніка 2016. У свабодным пошуку ў горадзе знайшоў чалавека, што заснуў у мароз на вуліцы. «Мне падабаецца быць пашукавіком-ратавальнікам. Я дужы і надзейны. І заўсёды даводжу справу да канца. Сказалі - трэба знайсці, значыць знайду. На рабоце я заўсёды спакойны. Хвалююся толькі, калі хто іншы ідзе на пошук, а мне прыходзіцца чакаць. Тады ўвесь час думаю — чаму не выбралі мяне? Як яны там адны? Каб не наказ гаспадыні, сарваўся б і пабег следам — дапамагаць».

Святлана Касценка, у сям'і якой жыве сабака, расказала як усё адбылося:

«Мы тады толькі пачалі хадзіць на заняткі, толькі шэсць разоў павучыліся. І вось позна ўвечары, калі выйшлі гуляць, атрымалі сігнал — у нашым раёне шукаюць мужчыну. Ён выскачыў з хаты лёгка адзеты — пасварыліся з жонкай. Мінула ўжо некалькі гадзін, а на вуліцы — мароз. Жанчына шукала яго па раёну, плакала, бо баялася, каб дзе не замерз.

Так мы з Осцінам атрымалі першае заданне — знайсці чалавека ў свабодным пошуку. Пачалі прэчэсваць раён, як нас вучылі. Праз хвілін 20 сабака змог выйсці на след і пацягнуў за сабой праз кусты. Там і знайшлі прапажу. Мужчына і праўда заснуў, скруціўшыся ад холаду. Разбудзілі, дапамаглі дабрацца дадому".

Святлана прыводзіць на трэніроўкі яшчэ аднаго сабаку — Шэрі. Гэта меціс аўчаркі, ці па-просту — дварняга. У прафесійныя шукальнікі шлях і яму быў бы закрыты. А Шэрі здольны да навукі - хапае ўсё на ляту і дае надзею стаць добрым ратавальнікам.

сабакі-валанцёры (23)
Шэрі, дварняга, 2 гады. У пашуковым атрадзе ад кастрычніка 2016. Добра шукае па рэчы, працуе ў свабодным пошуку. «Спакойна, я іду шукаць. І няма чага думаць, што калі я не самых чыстых крывей, то не спраўлюся. Я выдатна ўсе бачу і чую, а шукаць люблю ад малога. Проста раней думала, што гэта гульня, а зараз кажуць — праца. Люблю пачуццё, калі ўдаецца ўзяць след. Тады мяне нічым не стрымаць — лячу наўпрост праз кусты і ямы. А знайшоўчы — супакойваюся. Справа зроблена. Усё ў парадку».

Калі праца — як любімая гульня

З назіранняў валанцёраў-кінолагаў, чым больш сабака гуллівы і «куражны», тым лягчэй ён вучыцца і тым большая верагоднасць, што будзе паспяхова працаваць у пошуку. «Гэта для людзей ёсць розніца — рэальны пошук ці трэніроўка на мясцовасці. Для сабак задача аднолькавая — шукаць. Нібы гэта гульня. Яны так робяць, таму што цікаўныя. Сабакам падабаецца, калі ім ставяць задачы, яны любяць працаваць галавой, — распавядае Наташа Кавалёва, гаспадыня лабрадора Аціка. — Як толькі Аціка бачыць, што я знімаю з вешака форменную куртку ці бяру ў рукі доўгую шлейку — усё! Ні на крок не адыдзе, будзе пры дзвярах ажно зямлю рыць, каб хутчэй на працу!»

сабакі-валанцёры (29)
Аціка, лабрадор, 5 гадоў, у пашуковым атрадзе ад самага пачатку, з 2014 года. Браў ўдзел у пашуковых аперацыях у лесе, умее працаваць удзень і ноччу, мае дыплом сацыяльнага сабакі. «Кожны годны сабака мае мець сваю справу, я гэта даўно зразумеў. А калі мяне пачалі вучыць пошуку, то стала ясна — вось яно — маё пакліканне. Я гатовы шукаць хоць цэлы дзень, кожны куст абнюхаць, пад кожны выварацень зазірнуць. Калі едзем на машыне да месца новага пошуку, то больш за ўсё злуюся на чырвоныя светлафоры. З-за іх прыходзіцца спыняцца, а так праца чакае».

У сабак службовая форма таксама ёсць. Гэта — шлейкі ці хустачкі з сімволікай Чырвонага Крыжа. Яны патрэбны, каб тыя, каго знойдуць у лесе, не палохаліся і зразумелі - сабака - гэта не небяспека, а дапамога.

Наташы з Ацікай ўжо даводзілася працаваць у рэальных умовах пошуку. Валанцёраў вызвалі на дапамогу, калі некалікі сутак не маглі знайсці пенсіянера з вёскі, што пайшоў у лес. «У той дзень, калі мы працавалі, яго не знайшлі. Але вынік у пошуку — гэта тыя „квадраты“, што ўжо праверылі. Кожны з іх павышае верагоднасць выніку на іншых накірунках і дапамагае правільна размеркаваць сілы для далейшага пошуку».

Сабак не падманеш, бо ў выніку яны падмануць цябе

На трэніроўках сабакі выходзяць у лес. Некалькі кіламетраў масіва імітуюць «квадраты» пошуку, якія звычайна выдзяляюцца кожнаму з кінолагаў-валанцёраў. Месца для трэніроўкі заўжды выбіраюць іншае — то рэдкалессе, то кустоўе, то халмістая паверхня, то буралом. Колькасць «згубленых» на ўчастку чалавек і адлегласць да іх ад старта таксама ўвесь час змяняюць.

Гэта патрэбна, каб у сабак не замацоўвалася ў свядомасці адна схема працы. Кшталту, што заўсёды трэба шукаць на адлегласці не далей чым кіламетр, ці не больш за двух чалавек. Сабакі вельмі добра лічаць — і людзей, і кіламетры. Таму ў навучанні ўвесь час трэба «гуляць» — мяняць уводныя, ставіць новыя задачы. Толькі тады ў рэальным пошуку яны будуць працаваць з поўнай аддачай, шукаць, пакуль не атрымаюць каманду спыніцца.

[irp posts="9529″ name="Дапамагчы сабе і людзям: найстарэйшая валанцёрка-кінолаг з атрада ратавальнікаў аб тым, як валанцёрства змяняе жыццё"]

Валанцёрам-кінолагам таксама даводзіцца працаваць напоўніцу. Усе адведзеныя на занятак кіламетры яны праходзяць услед за сабакам. І фізічнымі нагрузкамі іх удзел у пошуку не абмяжоўваецца. «Праца сабакі складае 70% поспеху, бо сабака можа адчуць і ўбачыць тое, што для чалавека немагчыма. Але тыя 30%, што залежаць ад чалавека, не менш важныя», — даводзіць Міхаіл Гатоўчыц, прафесійны кінолаг і кіраўнік атрада. Для сабакі гаспадар — галоўны, каго ўвесь час трэба браць пад увагу. Сабака «чытае» яго намеры і памкненні. Таму трэба навучыцца аналізаваць сітуацыю, адчуваць, куды можа быць скіраваны пошук. Бо пакуль у сабакі няма аб’ектыўных слядоў, яна арыентуецца на кінолага — пойдзе шукаць, куды ён паварочваецца, ці скіроўвае позірк. Пошук — гэта заўжды праца на дваіх.

Досвед паказвае, што кінолаг-пашукавік з часам робіцца і псіхолагам — у пошуку трэба ўлічваць усе акалічнасці сітуацыі. Калі чалавек пайшоў у лес і заблукаў - ён будзе хацець, каб яго знайшлі, адгукацца. Калі згубіўся сталы ці слабы чалавек, трэба браць пад увагу, што ён можа страціць прытомнасць і не адзавецца. «Трэба ўмець паставіць сябе на месца таго, каго шукаеш, каб вызначыць кірункі пошуку больш дакладна. Але без сабакі ніводзін следапыт з пошукам не справіцца. Свайму сабаку трэба давяраць. Часам глядзіш — здаецца, нікога і быць не можа, а сабака акурат у тым месцы чалавека знаходзіць».

Ва ўмовах, набліжаных да рэальных

«Мядзьведзь — Вега! Прыём! Знайшлі другога чалавека», — Міхаіл звязваецца па рацыі з тымі, што застаўся на ўскрайку лесу і адначасова паказвае Андрэю, каб змяніў схованку.

«Вега - Мядзведзю! Прыём! Наступны выходзіць на пошук».

сабакі-валанцёры (17)
Міхаіл Гатоўчыц — прафесійны кінолаг, у выходныя па-валанцёрску праводзіць заняткі дабраахвотнікаў з атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі

Валанцёр Андрэй Кавалёў пераходзіць на іншае месца — ад паваленага дрэва, дзе яго знайшла Шэрі, спускаеца ў лажбіну, хаваецца ў кустоўніку. Зараз яго будуць шукаці Лабрадор Фанта і Ганна Уласенка. «Фанта такая ж добрая, як усе лабрадоры — пойдзе да любога, што прылашчыць і будзе з ёй гуляць. А калі на яе накрычаць, то пакрыўдзіцца, як дзіця».

Для Фанты пошук - любімы занятак. Тая самая гульня, у якую гуляюць з ёй дома. Толькі замест цацкі тут трэба шукаць людзей. Фанта хутка навучылася, што знайшоўшы чалавека ў лесе, трэба заставацца на месцы і падаваць голас. Яна ўжо ведае, што сыходзіць нельга і трэба чакаць гаспадыню. Бо любімую цацку за добра выкананае заданне дасць менавіта яна.

сабакі-валанцёры (21)
Фанта, лабрадор, 4 гады. У пашуковым атрадзе ад 2015 года. Мае здольнасці да свабоднага пошуку, добра бярэ след. «Што нам жыццё-о-о-о-о? Гульня-а- а-а-а-а» — Я пачынаю спяваць ад нецярпення, калі разумею, што зараз! Пойдзем! На пошук! Толькі самыя недарэкі думаюць, што гэта я выю перад працай. А ў мяне ажно шкура пачыне гарэць, усё ў машыне носам «пыласошу» у прадчуванні. А калі знайду таго, хто схаваўся ці згубіўся, то буду моцна-моцна брахаць, каб усе пачулі і пабачылі, як я старалася і ўсё зрабіла правільна. Ой, цікава, што Аня хавае ў кішэні? Што мне зараз дасць? І дзе мая новая цацка? Ужо схавалі? Можна, я пабягу шукаць?"

Пакуль толькі вучацца, але ўжо ратуюць, каго могуць

Сабакі з Гродзенскага кіналагічнага атрада пакуль толькі «студэнты». Гучных поспехаў яшчэ не маюць, але вучацца вельмі добра. Пра тое сведчаць атрыманыя некаторымі з іх дыпломы «сацыяльнага сабакі». Апроч трэніровак у лесе сабакі-валанцёры маюць яшчэ адну працу. Яны наведваюць дзяцей з інваліднасцю — прыходзяць да іх дадому ці разам выходзяць на шпацыры.