Гродзенцы па гэты дзень памятаюць гэтыя дзіўныя «дэфіле»: звонка чаканячы крок, на гарадскія маставыя выходзілі выпешчаныя зграбныя коні. Коннікі, ловячы захопленыя погляды мінакоў, усміхаліся з трохметровай вышыні, піша «Беларускі час».

Зразумела, гараджане ведалі - службу нясе конная міліцыя, але кожны раз гэта выклікала буру эмоцый.

Стваралі гораду непаўторны імідж. Як адзіны ў Беларусі конны ўзвод 15 гадоў патруляваў вуліцы Гродна

Сёння, на жаль, кавалерыстаў новага часу можна ўбачыць толькі на старых фатаграфіях і газетных выразках — яны паспелі стаць гісторыяй, легендай.

Асобны батальён патрульна-паставой службы, які складаўся з двух рот і коннага ўзвода, быў сфармаваны ў 1991 годзе па загадзе начальніка абласнога УУС Фёдара Гудзея. Пазней, пасля чарговай рэарганізацыі, кавалерысты сталі часткай АМАПа. На першым часе коннікі спасцігалі сакрэты верхавой язды і догляду за высакароднымі жывёламі ў Наваградку. Неабходнасць у частых раз’ездах знікла, калі ў 1992 годзе падраздзяленне ўзначаліў капітан Мікалай Данешчык, майстар спорту па конным спорце.

Былы камандзір узвода прызнаецца, што «літаральна памяшаны на конях»: агулам ён прысвяціў ім 30 гадоў свайго жыцця. Да службы ў міліцыі працаваў дырэктарам і трэнерам Ваўкавыскай конна-спартыўнай школы. Дыплом Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны дазваляў да таго ж самастойна клапаціцца пра здароўе гадаванцаў. Пераехаўшы ў Гродна, Мікалай Мікалаевіч з энтузіязмам узяўся за навучанне супрацоўнікаў, вальціжыроўку і заездку міліцэйскіх коней.

Стваралі гораду непаўторны імідж. Як адзіны ў Беларусі конны ўзвод 15 гадоў патруляваў вуліцы Гродна

— Чатырохногіх памочнікаў мы рыхтавалі з тых, якіх падавалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Пазней «калгаснікаў» замянілі на пародзістых, і ў выніку сфармавалі ўзвод з 10 выдатных жывёл латвійскай, рускай рысістай і беларускай запражнай парод, — распавядае Мікалай Данешчык.

Коней бралі дарослых і неаб’езджаных — такіх прасцей падрыхтаваць для канкрэтнага вершніка. Жывёл прывучалі да працы ў стрэсавых сітуацыях: побач з імі ўзрывалі петарды, кідалі дымавыя шашкі, пралазілі пад жыватом і паміж ног.

Стваралі гораду непаўторны імідж. Як адзіны ў Беларусі конны ўзвод 15 гадоў патруляваў вуліцы Гродна

За адной канём замацоўвалася па 2 супрацоўнікі, якія кармілі, паілі, да «бляску» чысцілі сваіх гадаванцаў і нават зараблялі ім правіянт, працуючы ў калгасах. Коні ж дапамагалі ім пазбавіцца ад стрэсу і негатыву, спраўляцца з жыццёвымі праблемамі, шчодра плацілі за клопат неверагоднай адданасцю.

Стваралі гораду непаўторны імідж. Як адзіны ў Беларусі конны ўзвод 15 гадоў патруляваў вуліцы Гродна

— Сярод 27 міліцыянераў-кавалерыстаў не было выпадковых людзей, — запэўнівае суразмоўца. — Падбіраліся супрацоўнікі, якія не баяліся жывёл і, безумоўна, любілі іх. Сярод іх Андрэй Зайко, Аркадзь Гесць, Дзмітрый Вітко, Іван Сава, Іван Жацько, вадзіцель Сяргей Шостка, мае настаўнікі Раман Клімкоўскі і Анатоль Грыцко. У нас не затрымліваліся аматары «лёгкага хлеба».

Патруляваў конны ўзвод цяжкадаступныя месцы ў Гродне і прыгарадзе ў дзённы час: лясны масіў «Пышкі», намётавы гарадок, тэрыторыю вакол дзіцячых лагераў, Румлёўскі парк і возера Юбілейнае, набярэжную Нёмана, дачныя кааператывы і, вядома, прылеглыя да зялёных зон вуліцы.

Стваралі гораду непаўторны імідж. Як адзіны ў Беларусі конны ўзвод 15 гадоў патруляваў вуліцы Гродна

Коннікі выклікалі трапятанне і павагу футбольных фанатаў: пасля таго, як конныя патрулі занялі свае месцы па перыметры стадыёна, выпадкі бясчынстваў пад уздзеяннем адрэналіну рэзка скараціліся. Сталі кавалерысты і сталымі ўдзельнікамі шматлюдных культурна-масавых гарадскіх мерапрыемстваў.

Стваралі гораду непаўторны імідж. Як адзіны ў Беларусі конны ўзвод 15 гадоў патруляваў вуліцы Гродна

— Памятаеце 1990-я гады? Нават уявіць страшна, што рабілася тады ў аддаленых раёнах горада: крадзяжы, рабаванні, разбоі, хуліганства, распіванне спіртных напояў, — працягвае Мікалай Данешчык. — Сапраўдным бумам стаў крадзеж меднага кабеля ад вулічных ліхтароў. Мы ж ведалі ўсе месцы, дзе ладзілі вячоркі п’яніцы і дэбашыры. дарэчы, яны адразу зразумелі, што з коннай міліцыяй жарты дрэнныя: ад каня уцячы няпроста, бо і непралазны лясны гушчар яму не перашкода. Быў выпадак, калі ўгоншчыкі матацыкла, ратуючыся ад пераследу, сіганулі ў Нёман… Магу з упэўненасцю сказаць, што на закрытых маршрутах мы звялі злачынствы да мінімуму. Раскрывалі злачынства аператыўна.

З трапятаннем успамінае Мікалай Мікалаевіч мянушкі верных і адданых памочнікаў: Даклад, Фокс, Тэма, Імбір…

Стваралі гораду непаўторны імідж. Як адзіны ў Беларусі конны ўзвод 15 гадоў патруляваў вуліцы Гродна

— Мой любімы — Даклад. Латвійскай пароды, рослы, моцны і ўраўнаважаны конь. Мы з ім 10 гадоў правялі ў адной запрэжцы, — голас камандзіра дрыжыць. — Памёр ад колік на маіх руках. Занадта позна я прыехаў. Цяжка перажываў гібель сябра, нават злёг у лякарню…

На думку Мікалая Данешчыка, праца па ахове правапарадку і прафілактыкі парушэнняў, якую праводзілі супрацоўнікі коннага ўзвода, была патрэбнай і эфектыўнай. Але падраздзяленне скарацілі ў 2006 годзе. Асноўным аргументам стала дарагоўля яго ўтрымання. Чатырохногіх прыгажуноў прыйшлося раздаць.

— За 15 гадоў службы мы чулі толькі словы падзякі, — прызнаецца Мікалай Мікалаевіч. — Дай Божа, каб новая змена міліцыянтаў атрымлівала ад сваёй справы такое ж задавальненне, якое атрымлівалі мы. Калі б конны ўзвод сфармавалі зноў, клянуся, усе б кінуў і зноў аддаў бы сябе, свае веды і ўменні коням. У мяне нярэдка гараджане пытаюцца: «Куды зніклі нашы коннікі?» Гэтая памяць дарагога варта і надае ўпэўненасці ў тым, што мы ўсё ж стваралі непаўторны імідж гораду над Нёманам.