Скрыжаванне вуліц Сабалянскай і Рудзянскай – самы цэнтр новага гродзенскага раёна Забалаць. Пакуль няма дажджу, сюды яшчэ можна даехаць. Найлепш – на джыпе. Тут 5 студзеня сустрэліся гараджане і чыноўнікі. Жыхары лічаць, што ўлады ігнаруюць прэзідэнцкі Указ №72 па забеспячэнні мінімальных умоваў добраўпарадкавання новых раёнаў.

Размова з большага нагадвала дзіцячую гульню ў глухі тэлефон. Гараджане эмацыйна запытвалі пра дарогі і “як тут жыць, калі нельга жыць”, чыноўнікі – гучна тлумачылі, што грошай у бюджэце няма і не будзе. У выніку дзвюхгадзіннай дыскусіі з прадстаўнікоў улады вырвалі абяцанне – упарадкаваць адну вуліцу. Знайсці грошы на гравійку паабяцалі да канца вясны.

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта
Жыхары Забалаці збіраюцца на сустрэчу з чыноўнікамі

 Забалачанскія лайфхакі

Расповеды пра тое, як гразь засмактала боты, а паход да бліжэйшай крамы ператварыўся ў трофі-тур у Забалаці цалкам натуральныя. Гэта такая прыкмета мясцовага патрыятызму і добрага тону.

– Маё дзіця днямі босае з вуліцы вярнулася. Гумавікі так у гразь засмактала, што не выцягнуць.

– А мой сусед  прызвычаіўся бампер не прыкручваць, а проста падвешваць, каб машыну не псаваць.

– Каля нас такая лужына, што мабыць і са спадарожніка відаць.

– жартуюць і дзеляцца лайфхакамі тутэйшыя ў чаканні высокіх гасцей.

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта
Гарадскіх дзяцей з Забалаці дакладна ні ў кога язык не павернецца назваць “дзецьмі асфальту”. Тут ім мора забавак – гразь, лужыны, гурбы пяску – чым не дзіцячая пляцоўка?

Праблема новага раёна, са словаў жыхароў, у адсутнасці транспартнай інфраструктуры. Ад “цывізізацыі” – забудаванай шматпавярховікамі Дзевятоўкі – да колішняй вёскі вядзе адзіная асфальтавая дарога.  Далей на раёне дарог увогуле няма – хіба толькі напрамкі.

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта

“Прывезці будаўнічыя матэрыялы вельмі складана. Тэхніка гразне, праехаць немагчыма, – кажа адін з жыхароў раёна Андрэй Фралоў. – Пачалі засяляцца маладыя сем’і з дзецьмі. Выйсці пагуляць з дзіцячым вазком, адвезці дзяцей і садок ці школу вельмі складана”.

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта

“Як тут жыць, калі нельга жыць”

Як мяркуюць тутэйшыя жыхары, сітуацыя ў Забалаці сведчыць аб парушэнні прэзідэнцкага Указа №72. Паводле гэтага дакумента, у раёнах новабудаў маюць быць папярэдне забяспечаны мінімальныя транспартныя і інжынерныя камунікацыі. З камунікацыямі ўсё склалася добра – святло, газ і электрычнасць у Забалаць прыйшлі ў 2012 годзе. Як тут кажуць, “яшчэ пры Худыку” – папярэдніку Мечыслава Гоя на пасадзе старшыні гарвыканкама. А вось дарог па-ранейшаму няма. Як і дзіцячага садка. Каб патрапіць у бліжэйшыя дзевятоўскія яслі, трэба прайсці пару кіламетраў пешшу і адстаяць пару гадоў у чарзе па месца.

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта
Дзеятоўка для Забалаці – амаль недасягальная “цывілізацыя”. Тут знаходзяцца бліжэйшыя да новых гараджан крамы, школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі, пошта ды іншыя даброты гарадскога жыцця.

Лісты ў гарвыканкам і сутрэчы з чыноўнікамі сталі для забалачан звыклай справай. Адказ звычайна адзін – няма грошай. Пытанняў у мясцовых значна больш. Маўляў, і ўчасткі многія набывалі за грошы, і падаткі плацім і ў дарожны збор робім унёскі.

“Спадзяемся, што зараз удасца “прабіць” гравійку і дзіцячы садок. Інакш, як тут жыць, калі нельга жыць?”

“Пасёлак ведаем, праблемы знаем, але грошай няма”

У складзе дэлегацыі ад уладаў прыехалі прадстаўнікі ЖКГ, Гарсвятла, Рэмбудаўтадару, ДАІ. Узначальваў каманду намеснік старшыні гарвыканкама Казімір Гецэвіч.

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта

“Пасёлак ведаю, знаю, што самая вялікая праблема тут – праезды і пад’езды да дамоў”, – пачынае размову Казімір Гецэвіч.

З яго словаў, сёлета з гарадскога бюджэта выдзяляюцца грошы на адну вуліцу ў Пагаранах-Кашэўніках і на адну ў Баранавічах, бо гэтыя раёны даўжэй чакаюць. Забалаць сёлета дабраўпарадкаваць не плануецца.

Далей госці пачынаюць расказваць пра тое, што не варта пракладваць дарогі, пакуль усе не падвялі да дамоў газ і ваду, бо “усё роўна ўсё паперакопваюць і папсуюць” і што “ўсім цяжка, але грошай на ўсё адразу няма”.

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта
– Паслухайце… – Нет эта вы паслухайце!..

Не праедзе ані хуткая, ані пошта, ані смеццявоз

– Майму дзіцяці амаль штотыдзень трэба выклікаць хуткую. А як яна тут праедзе?

– Дзеці, каб у школу дайсці, пакеты на боты надзяваюць. Два – у школу, два – абратна. Чатыры пакеты на дзень!

– Каналізацыі цэнтралізаванай няма, трэба выклікаць машыну, каб выпампоўвала сцёкі. Але ЖКГ і дамову заключаць з намі не хочуць, бо няма пад’ездаў, “газоны” камунальнікаў тут не пройдуць. І з вывазам смецця тое самае.

– У Забалаці ёсць ліхтары, а як да Забалаці дайсці? Вузкая дарога без асвятлення, няма ні тратуара, ні ўзбочча. Як дзецям са школы з другой змены ісці? Колькі ўжо аварый і выпадкаў было!

Урэшце, пад канец дзвюхгадзіннай перапалкі кшталту “Нет, эта вы паслушайце, я вас слухаў!” ды “Нету денег, і не будзе!» мясцовыя вырвалі з чыноўнікаў абяцанку “знайсці грошы” на адзін з цэнтральных праездаў раёна ўжо сёлета.

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта
У пошуках рашэнняў і грошай – гараджане і чыноўнікі над планам забудовы раёна

– Як няма грошай на добраўпарадкаванне, то навошта размяркоўвалі тут участкі? – абураюцца “ў кулуарах” забалачане. – Ва Указе ж напісана – папярэдне забяспечыць. Будзем пісаць у дзяржкантроль!”

– Пішыце, – уздыхаюць чыноўнікі. Усе і так гэту праблему ведаюць.


На галерцы пад канец ужо страцілі ўвагу да таго, што адбываецца, і абмяркоўваюць з суседзямі надзённыя пытанні:

– Паштарка званіла сёння, пыталася, ці зможа праехаць да нас з газетамі. То кажу – не, зараз не даедзеце, гразка. Самі ў канцы месяца прыедзем забраць.

– А навошта тады выпісваеце тыя газеты?

– Ну як, навошта? На рабоце «рэкамендуюць»…

– Нічога, па Калядах маразы паабяцалі, замерзне наша гразь, будзем як людзі, нармальна ездзіць.

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта