«С каждым годом всё больше туристов посещают Гродно – один из древнейших городов Белоруссии» – пісалі пра наш горад на вокладцы паштовак, выпушчаных у 1979 годзе. Hrodna.life паглядзеў, чым прыцягвалі турыстаў у Гродна ў часы СССР.

Усяго ў камплекце 12 паштовак. На кожнай нейкая славутасць горада.

открытки 1979 гродно ленин

Першы ў спісе – бронзавы помнік правадыру сусветнага пралетарыяту, заснавальніку першай у свеце дзяржавы рабочых і сялян Уладзіміру Ільічу Леніну.

Далей па спісе – абеліск у гонар “воінаў-вызваліцеляў верасня 1939 года”. Далей – помнік Сакалоўскаму. У апісанні да паштовак значная частка тэксту прысвечана тэме ВАВ.

Аўтары не забыліся згадаць пра дасягненні савецкай улады: «За годы послевоенных пятилеток Гродно вырос в большой промышленный, культурный и административный центр Принеманского края». Насельніцтва горада ў той час налічвала каля 200 тысяч чалавек.

открытки 1979 гргу купалы

З архітэктурных аб’ектаў у наборы – галоўны корпус ГрДУ імя Янкі Купалы. У апісанні да фота напісана, што Гродна – горад студэнтаў і вучнёўскай моладзі.

открытки 1979 театр

Ёсць паштоўка з будынкам драматычнага тэатра. Праўда, на фота не звыклы нам тэатр на Маставой, а сучасны будынак тэатра лялек. Гэта не памылка – менавіта там раней знаходзіўся драмтэатр.

открытки 1979 почтамт

Галоўпаштамт у апісанні назвалі будынкам, які ўпрыгожвае адну з вуліц у цэнтры горада. Таксама адзначана, што ў ім шмат святла і паветра.

открытки 1979 кинотеатр гродно

На іншым здымку можна паглядзець на кінатэатр “Гродна”. Гэтая паштоўка – адзіныя, на якіх можна ўбачыць што-небудзь з тых помнікаў архітэктуры, якія ў наш час сапраўды карыстаюцца попытам у турыстаў.

У апісанні паштоўкі з кінатэатрам сказана: «Гродно ярко отразил различные стили и направления многих столетий. Современным проектировщикам и архитекторам города удалось найти такое решение новых застроек, которое позволяет слить воедино старое и новое».

открытки 1979 танк

Яшчэ адна славутасць – помнік-танк на Савецкай плошчы. Яго і сёння любяць турысты.

открытки 1979 дворец текстильщиков

«Народ і партыя адзіныя» – такі лозунг у тыя гады быў размешчаны на даху палаца культуры тэкстыльшчыкаў. Сёння палац нават даху не мае – ідзе маштабны рамонт.

Помнік Леніну і паштамт. Чым у 1970-х прываблівалі турыстаў у Гродна

У наборы знайшлося месца і помніку Элізе Ажэшцы. Яе ў савецкі час лічылі ледзь не камуністкай і пра помнік клапаціліся.

Акрамя гэтага патэнцыйным турыстам расхвальваюць турбазу «Нёман» і гасцініцу “Беларусь”.

Турыстам, каб больш даведацца «об историческом прошлом города и его настоящем дне, об огромных успехах, социально-культурных преобразованиях, произошедших здесь за годы Советской власти», раілі азнаёміцца ​​з экспазіцыяй гісторыка-краязнаўчага музея.

«Гродненский областной Совет по туризму и экскурсиям приглашает посетить прекрасный город на Немане», – такімі словамі сканчалася апісанне камплекта.

А вы, паглядзеўшы такія паштоўкі, захацелі б наведаць Гродна?