Людзі і справы

Забраў грошы і з’ехаў у Гродна: як адзін палітычны ўцякач абакраў двух іншых у Польшчы

Гродзенец Аляксандр збег у Польшчу з-за пераследу ў Беларусі ў кастрычніку 2020 года. Палітычнага прытулку ён не прасіў, здымаў кватэру ў Беластоку і спрабаваў знайсці працу. У лістападзе ў яго пасяліліся дзве ўцякачкі з Беларусі. Ён дапамагаў ім знайсці падтрымку ад беларускіх і міжнародных фондаў. У канцы снежня Аляксандр знік са здымнай кватэры. Разам з ім зніклі і грошы дзяўчат. Аказалася, ён вярнуўся ў Беларусь, а на паведамленні былых суседак зараз не адказвае. Дзяўчыны падалі заяву ў польскую паліцыю. Карэспандэнт Hrodna.life запісаў іх гісторыю.

Сказаў, што дапаможа запоўніць заяўку

Юліі давялося з’ехаць з Беларусі пасля таго, як яе затрымалі 9 кастрычніка і завялі крымінальную справу. Яна сабрала мінімум рэчаў, узяла дзіця і збегла ва Украіну. Там зрабіла польскую візу і перабралася ў Польшчу.

«Падчас праходжання каранціну са мной звязалася знаёмая, якая таксама збегла па палітычных матывах. Яна сказала, што забярэ нас з дзіцём у Беласток. Прыехала яна з гродзенцам Аляксандрам. Мы разам жылі на здымнай кватэры два тыдні. Аляксандр мне падаўся прыстойным чалавекам. Ён нават прапанаваў сваю дапамогу ў вырашэнні некаторых пытанняў».

Чытайце таксама: З’ехалі. Гісторыі тых, хто ўцёк з краіны праз палітыку

Гродзенец сказаў Юліі, што дапаможа ёй запоўніць заяўку на грашовую дапамогу ад фондаў.

«Дапамога была мне патрэбна. Бо я апынулася з дзіцём у чужой краіне. У мяне былі ўсе дакументы, якія пацвярджаюць рэпрэсіі. Я запоўніла анкету і выслала Аляксандру. Нават не думала, што ён можа мяне падмануць».

У адной зніклі наяўныя, да іншай грошы не дайшлі наогул

Ужо знаходзячыся ў Варшаве, Юлія даведалася, што ў момант яе ад’езду з Беластока у другой суседкі Аляксандра знікла € 3000, якія ляжалі ў кватэры. Анастасія (імя зменена па просьбе гераіні) звярнулася ў паліцыю, але грошы так і не знайшлі.

«Ужо тады я насцярожылася і пыталася на працягу месяца ў Аляксандра наконт аднаго з фондаў: адобрылі маю анкету ці не. Ён казаў, што са мной звяжуцца. Нават прыязджаў у госці да мяне ў Варшаву, сядзеў са мной і дзіцём за адным сталом. У той момант грошы, якія прызначаліся мне, былі ўжо на яго банкаўскім рахунку», — распавядае Юлія.

Атрымаў грошы і з’ехаў у Гродна

У студзені Юлія самастойна звярнулася ў фонд, каб даведацца, калі разгледзяць яе заяўку. Як аказалася, грошы — € 3300 — былі ўжо 3 снежня пераведзены на рахунак Аляксандра. Сам Аляксандр у канцы 2020 г. вярнуўся ў Гродна.

«Ён вёў падвойную гульню, уваходзіў у давер да мяне і да сваёй знаёмай. Падмануў фонд, камунікуючы замест мяне з падробленай старонкі [акаўнта ў Telegram — Hrodna.life]. Сказаў, што ў мяне няма банкаўскага рахунку ў Польшчы і папрасіў усё адправіць яму. Натуральна, грошай ніякіх я не бачыла і нават не ведала, што яны ў яго».

Юліі дапамагла ў Варшаве беларуская дыяспара. Цяпер яна працуе, дзіця ходзіць у школу, жыццё наладжваецца.

Чытайце таксама: «Если пойду за документами — получу повестку в военкомат». Гродненские студенты о своей судьбе после протестов и отчислений

Hrodna.life удалося даведацца, што Аляксандр вярнуўся ў Гродна. На званкі і паведамленні ён не адказвае. Свайму знаёмаму ён распавёў, што спакойна перасёк польска-беларускую мяжу, а яго справу закрылі з-за недахопу доказаў. Але пазней, з яго ж словаў, ён быў затрыманы ў ДАІ Гродна, калі ставіў прычэп на ўлік. Там у базе дадзеных выявілі інфармацыю, што Аляксандр знаходзіцца ў вышуку за падзеі жніўня 2020 года. У выніку ён быў асуджаны па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным маршы) і адседзеў суткі. Зараз Аляксандр наладжвае жыццё ў Гродне.

Першы выпадак

У фондзе, які аказваў дапамогу Юліі, Hrodna.life пацвердзілі, што Аляксандр прысвоіў грошы, якія прызначаліся для жанчыны з дзіцём.

«Ад гвалту рэжыму ў Беларусі ўжо паўгода ўцякаюць людзі. У пераважнай большасці выпадкаў гісторыі пераследу пацвярджаюцца. Так было і ў выпадку мужчыны з Гродна. Уся яго гісторыя была праверана і пацверджана праваабаронцамі. Для нас гэта быў першы выпадак за гэтыя паўгода, калі адзін пацярпелы прысвойвае грошы іншых пацярпелых, будучы, па сутнасці, у адной лодцы», — распавёў прадстаўнік фонду.

Усе дакументы, якія пацвярджаюць гісторыю Юліі і Анастасіі, у тым ліку лісты ў польскую паліцыю і адказы на іх, ёсць у распараджэнні рэдакцыі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025