Накрылі «родным сцягам». Як у Бярозаўцы развіталіся з Вітольдам Ашуркам

«Вітольдзік наш», — плача нехта. Дзясяткі людзей 26 траўня прыходзяць развітвацца з памерлым у шклоўскай калоніі палітвязням Вітольдам Ашуркам. Яму нясуць кветкі і вянкі, і рыхтуюцца правесці ў апошні шлях.

Раніцай 26 мая ў Бярозаўцы сонечна. Дзесьці шпацыруюць маладыя сем'і з каляскамі. На ўездзе ў горад стаіць лідская міліцыя. Па расказах жыхароў, спыняюць ўсіх, акрамя аўтамабіляў гродзенскага рэгіёну. «Ганаравая варта — не кожны заслужыў», — з горыччу жартуюць мясцовыя. Аўтамабілі міліцыі катаюцца і ў горадзе.

У гэты дзень тут развітваюцца з палітвязнем Вітольдам Ашуркам. Развітанне праходзіць у Доме быту. Раніцай 26 мая тут ужо больш за 20 вянкоў. Людзі працягваюць несці кветкі і вянкі. На ўваходзе ў Дом быту стаяць некалькі дзясяткаў мясцовых жыхароў. Сярод іх — брат Вітольда Андрэй. «Ну, як. Мы ж жывыя», — коратка адказвае ён на пытанне аб сваім самаадчуванні. Раніцай гэтага дня яго выклікалі ў міліцыю па справе аб хуліганстве, якое распачалі пасля таго, як на прысудзе Вітольду хтосьці крыкнуў «Ганьба!» і «Верым! Можам! Пераможам!». Андрэй абяцаў прыйсці пасля пахавання.

Пасярэдзіне — брат Вітольда Андрэй. Фота: Алена Кавальчук

Побач з Вітольдам пастаянна сядзіць яго мама Алена Міронаўна. «Не пазнала, не пазнала», — перагаворваецца яна з кімсьці. Мама не спала ўсю ноч, распавядалі былыя тут учора. Яна перыядычна нахіляецца да труны і нешта шэпча сыну.

Ля гроба — мама Вітольда Ашурка. Фота: Алена Кавальчук

Большасць людзей з Бярозаўкі, якія прыйшлі з ім развітацца, сапраўды ведалі Вітольда, распавядаюць мясцовыя жыхары. Да яго актывізму ставіліся «добра, пазітыўна», адказваюць яны. Людзі стаяць групкамі і перагаворваюцца. У многіх — заплаканыя вочы. Некаторыя ўвесь час паляць. Жанчына ў зале сціскае ў руках лісты — імаверна, ад Вітольда. Прыехалі і сябры Ашурка з Гродна.

 — Вітольд Ашурак — гэта сапраўдны беларус, сапраўды сябра. Ён шмат зрабіў для Ліды, для Бярозаўкі. Замест таго, каб даць яму медаль за тое, што ён дапамагаў, людзі лічылі яго лідарам, беларускія ўлады яго асудзілі на пяць год калоніі, — сказала Вольга Быкоўская, калега Ашурка па «Руху «За Свабоду».

Вітольд Ашурак правёў у зняволенні больш за сем месяцаў. Ёсць шмат пытанняў да смерці Вітольда, лічыць Вольга. Няма доказаў, што ён памёр менавіта 21 траўня — да гэтага некалькі тыдняў ад яго не было лістоў.

З-за таго, што прайшло пяць дзён з моманту паведамлення аб смерці, рукі Вітольда апухлі, твар шэры.

Крыж для Вітольда Ашурка. Фота: Алена Кавальчук

У 13.30 цела Вітольда Ашурка вынеслі і даставілі на імшу ў касцёл Спаслання Святога Духа. Калі труну з Вітольдам вынеслі з аўтамабіля, людзі паднялі ўверх рукі.

«Вось такім яго ведала», — паказвае на прыкладна трохгадовага хлопчыка мясцовая жыхарка, кажучы пра Вітольда. Яна непакоіцца пра брата Андрэя, якога зноў выклікалі на апытанне.

Па падліках відавочцаў, за два дні з Вітольдам прыйшло развітацца каля тысячы чалавек. Сярод іх былі і прадстаўнікі дыпламатаў.

Пасля імшы Вітольда пахавалі на мясцовых могілках.

 — Ох, сыночак, я цябе ўжо не ўбачу ніколі. Віталік, (і так называлі Вітольда — Hrodna.life) не магу, не магу цябе пакінуць. А колькі буду жыць, я буду плакаць. А ніхто не думаў, што так будзе, — плача ля труны мама. — Дайце мне пацалаваць дзетачку.

 — Прабач нас, Вітольд, — кажуць блізкія.

 — Няма слоў! Ні ў каго няма слоў, што б мы не казалі. Мы не скажам так, як ён мог сказаць — у нас так не атрымаецца. Толькі ён казаў, што толькі беларусы могуць быць сябрамі (імаверна, маецца на ўвазе фраза з ліста Ашурка: «Ці магуць незнаемцы быць сябрамі? Могуць, калі яны — беларусы», — Hrodna.life). Бачыў бы ты, колькі іх прыйшло — добрых, сумленных людзей! Колькі было сілы ў гэтым чалавеку! < … > Калісьці даўно ён сказаў: пройдзе час, адбудуцца падзеі, я стану старым і памру. І калі вы будзеце мяне хаваць, накрыйце мяне маім сцягам, сцягам нашай радзімы. Старым у яго ўжо не атрымаецца стаць ніколі. Старымі будзем мы. Ён застанецца такім жа. Але яго воля — гэта закон, — сказаў брат Вітольда Андрэй і накрыў яго бел-чырвона-белым сцягам.

З ім Вітольда і пахавалі.

Палітвязень і актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак 21 траўня памёр у папраўчай калоніі № 17 Шклова. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Але, кажа жонка, «сэрца ў яго было здаровае абсалютна». Разам з тым, адзначае яна, у яго быў тромбафлебіт, таксама ў карантыне ён мог заразіцца каранавірусам. Апошні ліст палітвязень напісаў ёй з брыгады каранціну 30 красавіка.

25 траўня сваякам аддалі цела. Твар Вітольда быў забінтаваны ад ілба да рота. Ад дадатковых экспертыз сваякі адмовіліся. У той жа дзень Следчы камітэт апублікаваў відэа нібыта з момантам смерці Ашурка — на ім чалавек некалькі разоў падае, яму бінтуюць галаву. Па словах СК, палітвязень адмовіўся ад шпіталізацыі. У яго пасведчанні аб смерці пазначаны код R99 — «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладныя прычыны смерці».

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі…

20 студзеня 2025

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025