Каваны краявід — вулачка з пажарнай вежай, самыя розныя рыбы, цмокі, машыны і нават той самы дзіцячы вазок з фільма «Белыя росы». Усё гэта зроблена рукамі майстра мастацкай коўкі Яна Перагінца.

Жалезнае мастацтва. Гродзенскі каваль робіць рыбаў з рыдлёвак

Гарадская майстэрня Яна знаходзіцца ў прыватным сектары. У глыбіні падворка сцежка сканчаецца перад невялічкім збудаваннем. Працоўня выглядае маленькай, але вельмі насычанай. Паўсюль стаяць, ляжаць і вісяць творы майстра. З цёмнага закутка выглядаў каваны кот, рыбіны паблісквалі вачыма і неслі на сваіх храбтах дамкі. Быццам казачны куфэрак, напоўнены незвычайнамі скарбамі.

Жалезнае мастацтва. Гродзенскі каваль робіць рыбаў з рыдлёвак

Важны калектыў

Кавальствам Ян займаецца з 2004 года, калі паступіў ва ўніверсітэт імя Янкі Купалы на мастацкае аддзяленне.

— Вучыўся завочна, час быў, таму адначасова пайшоў вучыцца ў майстэрню да каваля Юрыя Круша. Гэта мой першы настаўнік.

Калектыў важны. Адзін у аднаго вучацца, старэйшыя маладзейшым паказваюць.

Жалезнае мастацтва. Гродзенскі каваль робіць рыбаў з рыдлёвак

Я калі тэхнічна ўнік, то ўжо з мастацкага боку пачаў далучацца. Эскізы рабіў, каб чыюсці ідэю намаляваць. А потым ужо свае праекты: спачатку малюеш, а потым куеш. Адначасова вучыўся і кавальствам займаўся, таму кавальства ў мяне мастацкае.

Мастацтва можна зрабіць з усяго

Матэрыялы бяруцца літаральна адусюль. Замкі, жалезкі розныя — гэта усё будучыя мастацкія творы. Напрыклад, лапата ператвараецца ў рыбу: грабелькі - хвост, падкова і іржавыя цвікі - плаўнікі.

— Хтосці гэта выкінуў, для кагосьці гэта смецце ўжо было, а я перарабіў, — паказвае Ян на рудую рыбіну.

Жалезнае мастацтва. Гродзенскі каваль робіць рыбаў з рыдлёвак

Ёсць Шчупак, зроблены з замкоў: аўтар аб’яднаў іх, дадаў трохі дэталяў і яшчэ функцыянальнае прызначэнне.

Жалезнае мастацтва. Гродзенскі каваль робіць рыбаў з рыдлёвак

Іншыя рыбіны — каваныя, з каляровым шклом — аказаліся свяцільнікам. Тут выкарыстана вітражнае шкло, але не ў класічнай тэхніцы вітража.

Жалезнае мастацтва. Гродзенскі каваль робіць рыбаў з рыдлёвак

Людзі, бывае, замаўляюць нешта асаблівае, а іншым разам ім вельмі падабаецца гатовае: бяруць і рыбак, і коцікаў, і анёлкаў, і тыя ж машынкі і матацыклы.

— А гэта тыя самыя «самагоншчыкі»? Бяру ў руку маленькага жалезнага чалавечка, што цягне бідон. Самагоншчыкамі іх празвалі каментатары ў ФБ.

Жалезнае мастацтва. Гродзенскі каваль робіць рыбаў з рыдлёвак

— Хлопец прынёс на працу такія штукі: кажа — металалом нікому не патрэбны. Я не адразу зразумеў што гэта такое. Аказалася, хлапушкі, якія працуюць ад газу. Прыгледзеўся… можна было б і самавар маленькі зрабіць. Але гэта кітайская вынаходка, якую падхапілі расейцы. А самагоншчыкі - гэта нешта палескае, беларуска-украінскае.

Ян дастае з шуфляды аловак, устаўляе ў бідоньчык і дадае: «І функцыянальнае».

Адносіны да «джэнтльменаў»

— Твае рамесніцкія творы можна знайсці ў адмысловых крамах. Але мала хто ведае, што металічны вазок, які усталяваны на вуліцы Тэльмана, таксама праца тваіх рук.

— Гэты праект быў зроблены па ініцыятыве камунальнікаў. Звярнуліся праз цэнтар рамёстваў «Спадчына». У горадзе некалькі аб’ектаў па матывах кінастужак, якія здымаліся у Гродне. Усе працы выконвалі розныя майстры, я працаваў менавіта над вазком. Шукаў такую самую мадэль. Скапіяваў цалкам усю сістэму, каб было натуральнае падабенства. Адзінае, спіцы ў арыгінале каля 3 міліметраў, а я зрабіў 5−6, такі антывандальны варыянт, каб не пагнуліся, не паламаліся, ён яшчэ і хістаецца.

Жалезнае мастацтва. Гродзенскі каваль робіць рыбаў з рыдлёвак

— …і рыпіць.

— Ну так, рыпіць, — усміхаецца Ян. — Гэта ж жалеза.

— Як ты ставішся да іншых аб’ектаў - сметніц — якія з’явіліся ў горадзе летась.

— Адмоўна, як і ўсе. Стаіць цэлы джэнтльмен, з мятлікам, у капелюшы, з трасцінкай…і яшчэ дама з сабачкам. І ў іх пляваць, смецце кідаць — ну так атрымліваецца!

«Нават бясплатна не ўсталююць»

— Ці ёсць у цябе нейкія свае ідэі, прапановы для горада, мастацкія аб’екты, якія хочацца рэалізаваць?

— Хачу, але не магу. Мы з кавалямі год 5 таму планавалі зрабіць фестываль «Жалезны кужаль». Звярнуліся да ўладаў, нам сказалі: «Давайце, запрашайце з Польшчы, з Літвы, з Беларусі. Мы зробім на 5 дзён базу, начлег, харчаванне». А потым паступова дайшло да таго, што мы самі запрапанавалі і свой метал, і свой вугаль, толькі б месца далі. Былі размовы каб заплаціць майстрам за майстар-класы і за ўдзел у плэнэры. Гэта нармальная практыка, калі майстры пакідаюць свае плэнэрныя творы і атрымліваюць грошы. У канцы выявілася, што ні на што грошаў няма, а замест 5−7 дзён — 1 дзень незразумелага плэнэру. Хаця быў сур’ёзны праект, які усім спадабаўся. На гэтым скончылася.

— Напэўна, каб бясплатна і сам усё прынёс…

- Не, нават так не ўсталююць. Затое сметніцы самі па сабе выраслі, як грыбы… і ніхто не забараніў, не прасачыў.

— А як у цябе дома? Ты- сапожнік без сапог?

— У мяне ўсё ёсць! Ад самай драбязы — вешалкі, кручочкі, усё маё, каванае. Бо гэтыя крамныя, можа і прыгожыя, але не трывалыя, трохі больш нагрузкі і ўжо ламаецца. Зэдлікі каваныя, цэлы набор, розныя па форме і аздобе, не гнуцца, не ламаюцца. Толькі абшыўку сядушкі мяняем, астатняе нават не падфарбоўваю. Метал трохі дзе-нідзе працёрся, блішчыць — гэта ж натуральна.

— Будзеш удзельнічаць у «Казюках»?

— Так, кожны год удзельнічаю. Будзем з іншымі кавалямі на плошчы Савецкай стаяць. Агонь, горны сапраўдныя. У аднаго хлопца нажное гарно, якому больш за 100 гадоў, а у мяне ручное і трохі маладзейшае.

Для людзей гэта вельмі цікава. Нехта ўвогуле не бачыў такога, як метал становіцца мяккі як пластылін, і рабі з яго што хочаш. І паглядзець, як майстар працуе і самому паспрабаваць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life