«Перадусім Беларусь»: у Гродне ўзгадалі Генадзя Бураўкіна

Якім чалавекам быў Генадзь Бураўкін? Пра што ён клапаціўся і марыў у апошнія месяцы свайго жыцця? Якія свае ўчынкі лічыў галоўнымі? Пра гэта гродзенцам расказалі пісьменнікі Міхась Скобла і Уладзімір Някляеў, а таксама даследчык літаратуры Сяргей Шапран, якія выступілі ў Цэнтры гарадскога жыцця 15 лістапада.

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін — вядомы беларускі паэт і дзяржаўны дзеяч. Мінскія госці блізка яго ведалі, а таму падзяліся з прысутнымі сваімі ўспамінамі. Таксама ў межах сустрэчы прэзентавалі кнігу «Перадусім Беларусь», прысвечаную Бураўкіну.

Кніга была падрыхтавана адмыслова да 80-годдзя з дня нараджэння творцы. У яе ўваходзяць успаміны, дзённікі і эсэ сяброў і паплечнікаў пісьменніка, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Зміцер Вайцюшкевіч, Анатоль Вярцінскі, Вольга Іпатава і яшчэ амаль 50 чалавек. Асобны раздзел складаюць узгадванні пра Бураўкіна тых асоб, якіх сёння ўжо няма разам з намі, у прыватнасці, найбліжэйшых сяброў паэта — Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Валянціна Блакіта. Завяршаюць кнігу інтэрв'ю, якія пісьменнік даў у апошні месяц свайго жыцця Сяргею Шапрану.

Паэт Міхась Скобла падкрэсліў, што для кнігі абрана вельмі трапная назва, таму што, «дзе б ні знаходзіўся Генадзь Мікалаевіч Бураўкін, якую б пасаду ні займаў, ці то ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, ці то кіруючы Таварыствам беларускай мовы, ці працуючы старшынёй Камітэта па тэлебачанні і радыё, ці рэдагуючы часопіс „Маладосць“, заўсёды на першым месцы, перадусім у яго была Беларусь».

Тры апошнія просьбы Бураўкіна

Сяргей Шапран, які займаўся ўкладаннем зборніка «Перадусім Беларусь», расказаў, з чаго пачалася гэтая кніга. У апошнію зіму і вясну свайго жыцця Генадзь Мікалаевіч цяжка хварэў і нікога не хацеў бачыць, апрача сваякоў. Да яго немагчыма было патрапіць. Толькі ў красавіку яму стала на нейкі час лепш і ён пачаў падымацца з ложка.

Якраз тады і змог наведаць яго Сяргей Шапран. Генадзь Бураўкін быў бадзёры і аптымістычна настроены і нават расказваў усялякія вясёлыя гісторыі. Але праз некалькі дзён яму раптам зрабілася дрэнна і ён зноў апынуўся ў рэанімацыі. У маі Генадзь Мікалаевіч пазваніў Сяргею Шапрану на мабільнік і папрасіў прыйсці як мага хутчэй.

Пісьменнік меў тры апошнія просьбы. Па-першае, ён прасіў прыходзіць да яго штодня і запісваць на дыктафон яго ўспаміны. Напісаць сам ён так і не сабраўся. Усё адкладваў, бо ставіўся да гэтага містычна: казаў, што яго сябры Васіль Быкаў і Валянцін Блакіт у хуткім часе пасля напісання сваіх успамінаў пайшлі з гэтага свету.

Па-другое, Генадзь Бураўкін папрасіў падрыхтаваць кнігу з яго апошнімі вершамі, запісанымі алоўкам у двух сшытках, якія ляжалі побач з ім на стале. Пісьменнік марыў паспець пабачыць гэтую кнігу пры сваім жыцці.

Трэцяя просьба Бураўкіна тычылася дзённікаў, якія ляжалі тут жа, у шуфлядзе стала. Пра іх не ведала нават жонка пісьменніка. Гэтыя дзённікі Генадзь Бураўкін папрасіў падрыхтаваць да друку праз пяць год.

Інтэрв'ю на мяжы жыцця і смерці

Сяргей Шапран прыходзіў да Генадзя Бураўкіна ў бальніцу, і штодня яны гадзіну-паўтары размаўлялі. Гэта працягвалася амаль тыдзень. Але было відавочна, што Генадзь Мікалаевіч губляе сілы і часу ўжо засталося вельмі мала.

«Я сказаў Бураўкіну, — успамінае Сяргей Шапран, — „Помніце, калі мы наведалі разам з вамі ў бальніцы Быкава, вы сказалі, што „Васіль у гэтыя дні паводзіў сябе вельмі мужна. Ён мужна сыходзіў“. Дык тое ж самае я магу сказаць і вам“. — Генадзь Мікалаевіч на гэта адказаў: „Дзякуй, дарагі! Гэта адзінае, што я цяпер магу“.

Менавіта тыя размовы Сяргея Шапрана з Генадзем Бураўкіным сталі першай прыступкай да кнігі „Перадусім Беларусь“.

„Сяргей Шапран як хранікёр, як летапісец беларускай літаратуры не мае сабе роўні. І гэта беспрэцэндэнтна, калі пісьменнік, ужо знаходзячыся на смяротнай лажніцы, дазволіў задаваць любыя пытанні, пытацца пра ўсё на свеце. Я такога ў гісторыі беларускай і нават сусветнай літаратуры не ведаю“, — адзначыў Міхась Скобла.

„Нагаварыцца з зоркамі…“ — апошняя прыжыццёвая кніга паэта

Нават у апошнія дні жыцця Генадзя Бураўкіна не пакідала мара пабачыць свой новы зборнік вершаў. Ён марыў, каб гэтая кніга стала для яго чарговай, а не пасмяротнай.

Сяргей Шапран і Уладзімір Някляеў прыклалі вялізныя намаганні дзеля таго, каб жаданне Генадзя Бураўкіна ажыццявілася. Яны крапатліва расчыталі не вельмі разборлівы почырк пісьменніка і надрукавалі яго вершы. А калі стала зразумела, што Генадзь Бураўкін не можа болей чакаць, за ноч дарабілі новы зборнік і здалі ў выдавецтва. І вечарам адзін асобнік кнігі, зроблены адмыслова для Бураўкіна, быў гатовы.

„Трэба было бачыць, як пісьменнік узяў у рукі сваю апошнюю кніжку. Так маці бярэ сваё дзіця ў радзільні. Так Бог забірае на неба. Так Генадзь Бураўкін узяў кнігу і паклаў яе на грудзі. Гэты жэст сакральна-святы. Паэту заставалася тры дні. Але на яго твары было супакаенне: ён завяршаў свой жыццёвы шлях так, як яго належыць завяршаць паэту“, — успамінаў Уладзімір Някляеў.

„Нагаварыцца з зоркамі“ — так называецца апошняя прыжыццёвая кніга Генадзя Бураўкіна. Гэтую назву абраў ён сам. „Мусіць, менавіта думка пра гэтую кнігу і трымала Генадзя Мікалаевіча ў апошні час, бо ён цэлы тыдзень нічога не еў, а ў апошнія час не мог нават піць з-за сваёй хваробы. Праз тры дні пасля таго, як Генадзь Мікалаевіч пабачыў новую кнігу, ён пайшоў…“, — згадаў Сяргей Шапран.

Юлія Якаўлеўна, жонка Бураўкіна, паклала першы асобнік апошняй прыжыццёвай кнігі паэта да яго ў труну. Уладзімір Някляеў пасля заўважаў, што звычайна на гэтым гісторыі кніг сканчваюцца, але гісторыя кнігі Генадзя Бураўкіна, наадварот, толькі пачалася. Праз два тыдні быў падрыхтаваны і выдадзены поўны наклад кнігі „Нагаварыцца з зоркамі“.

Пра галоўнае

На пытанне, якія свае ўчынкі ён лічыць галоўнымі, Генадзь Бураўкін падчас адной з апошніх гутарак з Сяргеем Шапранам назваў найперш абарону Быкава. У 1966-ым годзе разам з Анатолем Вярцінскім яны падрыхтавалі афіцыйны ліст і збіралі подпісы ў падтрымку Васіля Быкава, якога ў той час шальмавалі за аповесць „Мёртвым не баліць“. Па-другое, Генадзь Бураўкін ганарыўся тым, што зрабіў беларускае тэлебачанне беларускім. Трэці важны момант — з’езд за незалежнасць у 2001 годзе.

Сяргей Шапран прыгадаў, што ў жыцці Генадзя Бураўкіна былі дзве гісторыі, калі яму прапаноўвалі прадаць сяброў. У першы раз яму абяцалі любую пасаду, якую ён толькі пажадае, калі ён згодзіцца публічна выступіць з асуджэннем Васіля Быкава. На гэта Бураўкін адказаў, што няма ў свеце такой пасады, за якую ён мог бы прадаць сяброўства з Васілём. У другі раз, да Генадзя Бураўкіна звярнуліся ўжо ў 2011 годзе, калі ішлі суды над Уладзімірам Някляевым. Паабяцалі ўсялякія даброты і выданне кніг. Але Генадзь Бураўкін адмовіўся і тады.

Калыханка, на якой вырасла не адно пакаленне беларусаў

Паэт Міхась Скобла расказаў, як аднойчы пасля сумеснага выступлення ў Полацку гасцяваў разам з Генадзем Бураўкіным у яго сястры і маці. Засядзеліся да паўночы. І раптам у Бураўкіна зазваніў мабільнік.

Было ж гэта у той час, калі „Калыханку“ паэта знялі з эфіру беларускага тэлебачання. Замест яе гучала нейкая невыразная калыханка ў бляклым выкананні. Падняўшы трубку, Генадзь Бураўкін на вачах пачаў выпраменьваць шчасце. Аказалася, што званіў кампазітар Васіль Раінчык і паведаміў, што прынята рашэнне вярнуць калыханку Бураўкіна на экран.

Міхась Скобла звярнуў увагу на шчаслівы лёс гэтага бураўкінскага твора: „Калыханку“ слухаў я калісьці, слухалі мае дзеці, і дай Бог, каб слухалі і нашы ўнукі. На гэтай калыханцы выраслі ўжо цэлыя пакаленні».

Гаўптвахта за зборнік вершаў Генадзя Бураўкіна

Згадаў Міхась Скобла і пра тое, як правёў месяц на гаўптвахце ў савецкім войску за сварку з біблятэкаркай, якая адмовілася вярнуць яго ўласны зборнік Бураўкіна «Вершы пяці кніг», прывезены з сабой з Беларусі.

«Гэтая кніга са мною служыла. І ў траншэях, і на снезе, і пад дажджом, і ў лесе, і дзе заўгодна. У пляскатым дэсантным заплечніку яна мала займала месца. Я з ёю проста зжыўся. Зазірнеш недзе на прывале — і апынаешся ў Беларусі. Ведаеце, якая паэзія ў Генадзя Бураўкіна? Там жа дух і літара беларускія. Дух і літара!»

Аднойчы кніга знікла, і адшукаць яе Міхасю Скоблу ўдалося толькі ў канцы службы ў брыгаднай бібліятэцы. Як кніга там апынулася, ён так і не даведаўся. Аднак бібліятэкарка так і не вярнула зборнік Бураўкіна, бо ў ім ужо стаяла пячатка і ён быў унесены ў бібліятэчныя фонды. А малады паэт, які ўсчаў з гэтай нагоды скандал, апынуўся на гаўптвахце. Надышоў травень. І расквітнелыя сады Міхась Скобла змог пабачыць толькі праз бетонны плот, над якім звіваўся калючы дрот.

Калі Генадзь Бураўкін значна пазней даведаўся пра гэтую гісторыю, ён знайшоў на сваіх кніжных паліцах зборнік «Вершы пяці кніг» і падпісаў: «Міхасю Скоблу, пакутніку за гэтую кнігу». На пярэчанне Міхася Скоблы: «Які ж тут пакутнік, ну, падумаеш, месяц гаўптвахты», Бураўкін адказаў: «Быў не проста месяц, быў месяц май».

Напярэдадні апошняга развітання, калі Генадзю Бураўкіну заставалася жыць ўсяго тыдзень, ён паціснуў руку Міхасю Скоблу, затрымаў яе ў сваёй і сказаў: «Міхась, ты застаешся маім чалавекам на гэтай зямлі». Паэт Міхась Скобла лічыць, што гэта вялікая адказнасць: «Быць чалавекам Генадзя Бураўкіна на гэтай зямлі - гэта заўсёды раіцца з ім, хаця ён недзе далёка, звяраць з ім свае ўчынкі. Гэта не проста, гэта адказна, але таксама і ганарова».

Найперш — беларускі паэт

Пісьменнік Уладзімір Някляеў звярнуў увагу на тое, што пад канец жыцця Генадзь Бураўкін пераасэнсаваў тое, кім ён ёсць на гэтым свеце. Калі раней яму не дастаткова было быць толькі паэтам, ён імкнуўся быць кіраўніком, дзяржаўным дзеячам, то напрыканцы жыцця «пастанавіў, што на гэтым свеце ён найперш беларускі паэт».

Развітваючыся з гарадзенцамі, Міхась Скобла заўважыў: «У кнізе „Перадусім Беларусь“ сабрана ўсё самае галоўнае, што можна прыгадаць пра Генадзя Мікалаевіча. З гэтай кнігі паўстае і яго характар, і яго паэтычны талент, прысутнічаюць там і яго сям’я, і яго сябры. Гэта яшчэ адзін помнік па слаўным грамадзяніну і паэту Генадзю Бураўкіну».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024