Прэм’ера спектакля «Абяцанне на досвітку», пастаўленага па аднайменным рамане Рамэна Гары, адбылася ў Гродзенскім тэатры лялек у апошні дзень зімы. Анонсы падзеі выклікалі шчырую цікавасць. Яшчэ б – ставіць будзе малады рэжысёр з Піцера з нечаканым псеўданімам – Чакчы Фроснокерс. З Піцера прыехала і мастачка спектакля Улляна Елізарава. У пастаноўцы занятыя выдатныя акцёры тэатра. Увогуле, усё зыходныя дадзеныя недвухсэнсоўна намякалі: памры, але паглядзі спектакль!
Раман пра няпростае жыццё і «сцэнічнае нахабства»
«Абяцанне на досвітку» – раман аўтабіяграфічны і ахоплівае ён даволі вялікі перыяд часу. Тым больш інтрыгуючым было чаканне прэм’еры – як жа ўдасца рэжысёру (і ці ўдасца) перакласці гэта аб’ёмны літаратурны твор на мову тэатра, перадаць сутнасць і атмасферу кнігі.
Рамэн Гары – чалавек дзіўнага лёсу, а раман, пра які ідзе гаворка, гэта пранізлівыя ўспаміны аб няпростым жыцці ў вельмі няпросты час, аб самазабыўнай матчынай любові і веры ў сваё дзіця, аб стойкасці, аб цудоўнай мары, якая ажыццявілася незважаючы ні на што.

Як любая вялікая літаратура, раман «Абяцанне на досвітку» не раз экранізаваўся, па ім ставіліся спектаклі і монаспектаклі. Трэба было мець пэўную адвагу, каб узяцца за гэты матэрыял, не баючыся патрапіць у параўнальны шэраг з іншымі. Думаю, што дапамагло рэжысёру добрае «сцэнічнае нахабства». Калі сумненні і былі, іх удалося пераадолець і стварыць нешта сваё. Але, пра ўсё па парадку.
Сваё паветра, гумар, драматызм
Тэатр лялек ужо прывучыў нас да асаблівага стылю. Ён – у актыўным выкарыстанні розных выразных сродкаў, у раўнапраўным існаванні на сцэне лялькі і «жывога» акцёра, у нелінейных расповядах, якія і ствараюць тканку спектакля. Калі сказаць зусім проста, лепшыя спектаклі тэатра лялек – гэта не проста чытка п’есы па ролях і з выразам, але асобны сцэнічны твор, напоўнены сваім паветрам, сваімі сэнсамі і алюзіямі.
Прадстаўлены нам спектакль якраз у духу такой традыцыі. У ім шмат вынаходлівасці, шмат цікавых пераходаў паміж сцэнамі, шмат ігры другога і трэцяга плана, нягледзячы на драматызм твора – шмат гумару і іроніі.

Сцэнаграфія ў спектаклі даволі простая, але дзейсная. Яна дала шанец на розныя трансфармацыі, гульні з прадметамі, святлом, стварэнне нерэальных малюнкаў і нават падарожжы ў часе і прасторы.
Цікава падабрана музыка, універсальна вырашаны касцюмы дзеючых асоб. А ўжо самі дзейсныя асобы вартыя асобнай гутаркі.
Гэта «мама» створана нібы адмыслова для яе
Каторы раз, назіраючы на сцэне Ларысу Мікуліч, адчуваеш праўдзівую асалоду, а часамі – поўнае захапленне! У гэтым спектаклі яна сыграла маму, і гэта мама была нібы спецыяльна створана для яе! Настолькі ярка і пераканаўча быў перададзены характар неардынарнай жанчыны, настолькі яна была жывой, іранічнай, наіўнай і кранальнай ў сваёй любові да сына, гарэзлівай і гераічнай адначасова. А якія тонкія пераходы ад смешнага да сур’ёзнага і наадварот! Нават неяк не хочацца называць гэта ўсё акцёрскай ігрой – нам паказалі таленавітае жыццё на сцэне.

Аляксандр Рацько, які сыграў сына Рому, аказаўся ў пэўным сэнсе ў цені мамы, што, увогуле, і нядзіўна. Магчыма, так было задумана першапачаткова. Сваю лінію «вядомага» ён вытрымаў вельмі далікатна, а ў нейкіх момантах, асабліва ў сцэнах з дзяцінства, быў асабліва пераканаўчы.
«Абставіны месца і часу»
Трыа акцёраў – Аляксандра Літвінёнак, Іван Дабрук і Васіль Прабадзяк, кожны з якіх можа смела прэтэндаваць на галоўную ролю ў любым спектаклі, гэтым разам былі жывымі дэкарацыямі. Яны ігралі «абставіны месца і часу», увасабляючыся ва ўсіх ўскосных персанажаў. То бок, менавіта яны і «стваралі караля», надаўшы спектаклю аб’ём і адметнасць. А ім было дзе разгарнуцца.

Такія спектаклі, як правіла, ствараюцца ў непасрэдным суаўтарстве рэжысёра з акторамі. Працэс гэты цікавы і захапляльны, але, у той самы час, тоіць у сабе розныя небяспекі.
Так, разам з безумоўнымі знаходкамі, некаторыя сцэны з удзелам «абставінаў» (навучанне музыцы, танцам, прыбыццё ў Парыж) не падаліся ўзорам вытанчанага густу і пачуцця гумару. Эпізод з праглынаннем чарвяка, матыля і пацука быў пацешным, але выглядаў злёгку зацягнутым і знарочыстым. Фрагмент з лялечным Гітлерам наогул можна назваць даволі сумнеўным.
Імкненне пазбегнуць абавязковага і часта фармальнага ў такіх выпадках трагізму і пафасу цалкам зразумелае. Але кідацца ў іншы бок – у «цяпер мы зробім вам смешна» – выглядала відавочным пераборам і не адпавядае моманту.
Зрэшты, усе гэтыя «камяні спатыкнення» з лішкам перакрываліся агульным ходам дзеі, самааддачай актораў і створанай атмасферай, што даходзіла часам да пранізлівай вышыні.

У спектаклі, як мне здаецца, атрымалася галоўнае – перадаць пасыл рамана: самае каштоўнае і самае безумоўнае ў жыцці чалавека – гэта матчына любоў. І яшчэ тое, што любоў і бязмежная вера ў дзіця шмат у чым вызначае яго лёс.
Застаецца толькі павіншаваць маладога рэжысёра са шчырым мастацкім выказваннем, а Гродзенскі тэатр лялек – з яшчэ адным яркім, займальным і кранальным спектаклем.
Аляксандр Цебянькоў – старшыня Гродзенскага аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячоў, харэограф Гродзенскага драмтэатра, режысёр, кіраўнік танц-тэатра «Галерэя», ініцыятар многіх арт-праектаў.


