Шмат таямнічых бакоў жыцця адкрывае для таты часовая адсутнасць мамы побач. У мёдзе ў гэты час заводзяцца таямнічыя істоты-зокі, а дзеці адмаўляюцца жыць па рацыянальных і зразумелых для таты правілах. Каб не страціць узаемаразумення з сынам і дачкой, яму прыходзіцца пагрузіцца ў свет дзіцячых фантазій з усёй сур’ёзнасцю. Што пры гэтым адбываецца, героі «Мядовай казкі» і акторы, якія ператвараюцца ў іх на час спектакля, расказалі Hrodna.life перад прэм’ерай.
Спонсар рубрыкі «Горад» — «Пліт-мар» ТАА (аб'яднанне «Група кампаній Белпліта»).
Рабіце мэблю самі і эканомце! Распілоўванне мэблевых матэрыялаў па вашых чарцяжах і велізарны склад матэрыялаў і фурнітуры ад першага імпарцёра і асноўнага пастаўшчыка мэблевых матэрыялаў і фурнітуры ў Гродзенскай вобласці.
«Цяжка от так от. Але трэба — дзе дзенешся. Такое яно, татскае жыццё, — распавядае ў грымёрцы Аляксандр Баброўскі, у „Мядовай казцы“ — тата неўгамонных дзетак. — Хочацца паспаць з газеткай на канапе. Каб ціхенька-спакойненька, а дзе ж там! Прыйшлося поўзаць, і на крылах лётаць, і мурашак есці, і суп з шакаладу варыць…»
З уласнага жыццёвага і казачнага досведу ён зразумеў галоўнае: каб не страціць кантакт і ўзаемаразуменне з дзецьмі, не сапсаваць з імі адносіны, варта час ад часу не зважаць на розум і забывацца на здаровы сэнс.
«Яны могуць з’есці ўсе цукеркі ці наварыць супу з шакалада, пабудаваць вежу да Месяца і паляцець на неба. Ім — абы цікава было. Ну і каб тату паставіць у складаную заблытаную сітуацыю. Толькі б і глядзелі, як ён будзе з цяжкасцяў выблытвацца».
Зусім не так прадстаўляюць сабе сітуацыю казачныя дзеці: «Нам та што? Нам заўсёды весела. А вось тата засумаваў. Мы і вырашылі яго развесяліць!» Па словах дзяцей, усё, што адбывалася далей, яны рабілі выключна дзеля таты. Каб не растройваць яго сумнай гісторыяй знікнення мёду, прыйшлося выдумаць вясёлую казку пра таямнічых зокаў, што з’елі ўсё салодкае. Невядомыя тату зокі існуюць для дзяцей самым рэльным чынам: «Мы самі іх бачылі! Сто разоў! У сне».
Дзеці даводзяць, што сустрэча з зокамі навучыла тату жыць правільна. Бо тое, як жыве ён, не правільна зусім.
«Вось — суп. Ну, ці ж правільна такі суп есці? Ды яшчэ з соллю? Ніхто такога супу не захоча. Вось мы і навучылі тату варыць суп з мёду, шакаладу, зефірчыка і згушчанкі. Яшчэ навучылі весела рабіць зарадку раніцай. У правільнай зарадцы цягнуцца трэба за цукеркай, а не проста так. А бегчы — за шакаладкай», — тлумачыць адна з дзетак-зокаў.
«Толькі тата не захацеў гуляць у гэту цікавую казку з паяданням мурашоў. Сказаў, што ў чатыры гадзіны ночы ён ужо хоча толькі спаць. А такая цікавая гульня была!»
Пачуўшы столькі пра час з татам, пытаюся, што ж раскажуць дзеці маме, калі яна вернецца дадому?
«А нічога. Мама і так усё ведае. У мамы такое — кожны дзень, — смяюцца ў адказ «казачныя"дзеці. — Маміну казку мы можа іншым разам раскажам. Ды і з татавай яшчэ не ўсё скончылі. Пашкадавалі, бо ён стаміўся. Так што цалкам магчыма — ў гісторыі будзе працяг».
— Пасля рэпетыцый — усе калені ў сіняках. Не ўяўляю, як мы раней так поўзалі? — выходзіць з ролі акторка Таццяна Еўтух.
— Таксама і поўзалі, і сінякі таксама былі, — адказвае Аляксандра Літвінёнак. — Проста раней не рабілі з гэтага ніякай трагедыі. Увагі не звярталі проста.
«Праз „Мядовую казку“ хацелася распавесці, што старэйшым таксама трэба тлумачыць нешта ў жыцці. Не абавязкова яны ўсё ведаюць і разумеюць. Хацелася, каб акторы ўзгадалі мілую непасрэднасць дзяцей і перанеслі яе на сцэну, — распавядае рэжысёр Валерый Карышаў. — Мы ж самі былі такімі дзецьмі, проста трэба ўспомніць».
Бацькам жа творчая група спектакля хацела нагадаць, што для выхавання дзяцей не абавязкова купляць модныя цацкі ці наварочаныя гаджэты. Часам дастаткова проста бацькоўскай увагі. Дарослыя забываюць пра гэта, спрабуюць адкупіцца ад дзяцей дарагімі «прымочкамі». А насамрэч, дзеці будуць радыя самі стварыць гульню, дзе хопіць месца і бацькам, з самых простых рэчаў, што ёсць побач.
Тое, што казцы насамрэч ёсць месца ў сур’езным дарослым жыцці, таксама можна было пабачыць перад прэм’ерай «Мядовай казкі». Таямнічыя зокі матэрыялізаваліся і «пасясіліся» ў слоічках мёду ад «Мядовага шляху». Гэтыя салодкія прызы разыгралі перад пачаткам спектакля. Таксама можна набыць «мёд з зокамі» ў кавярні «Шэкспір».
Новы спектакль стаў для Валерыя Карышава рэжысёрскім дэбютам. П’еса створана на аснове яго любімай з дзяцінства казкі - «Зокі і Бада», напісанай Ірынай і Леанідам Цюхцяевымі.
Іграць спектакль будуць адразу дзве акторскія групы. Ролю Бады выконваюць Аляксандр Баброўскі і Васіль Прабадзяк. Дзе пары дзяцей-зокаў сыграюць Віталь Лявонаў з Аляксандрай Літвінёнак і Аляксандр Рацько з Таццянай Еўтух.