У Гродне плануюць адзначыць Міжнародны дзень абароны дзяцей. Свята адбудзецца 1 чэрвеня 2023 года на плошчы Савецкай. Плануецца праца інтэрактыўных пляцовак і канцэртная праграма, паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс».

На Савецкай плошчы плануюць арганізаваць 10 інтэрактыўных пляцовак. На іх будуць гульні, квэсты, аніматары, а таксама выстава тэхнікі ад Міністэрства надзвычайных сітуацый і Дзяржаўтаінспекцыі.

У цэнтры плошчы размесцяць імправізаваную сцэну. На ёй адбудзецца дзвюхгадзінная праграма, якую падрыхтавалі самі дзеці. Арганізатары разлічваюць, што на Савецкую плошчу прыйдуць каля 2,5−3 тыс. школьнікаў. Таксама арганізатары разглядаюць магчымасць правесці экскурсіі для дзетак па гістарычнай частцы горада.

Дзецям распавядуць пра занятасць летам

«Дзецям будуць прадастаўлены майстар-класы ўсіх цэнтраў дадатковай адукацыі, як абласной, так і гарадской формы ўласнасці, дзе нашы педагогі раскажуць дзецям, дзе яны могуць атрымаць занятасць у летні перыяд, запісацца ўжо на наступны навучальны год у пэўныя гурткі. Некалькі пляцовак у нас таксама будуць арганізаваны і ў іншых пунктах горада Гродна. Дзеці з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, яны правядуць свята на базе сваёй установы адукацыі, гэтаксама мы павіншуем дзяцей з дамоў сямейнага тыпу», — сказаў кіраўнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Семанчык.

Бібліятэка арганізуе пікнік з пісьменнікамі

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага арганізуе абласны фестываль кнігі «Гарадзенскі ЛітФэст». Яго прысвецяць дзецям і літаратуры для іх. «ЛітФэст» адбудзецца каля тэатра лялек у парку Жылібера.

Падчас фестывалю адбудзецца літаратурна-музычная праграма, тэатралізацыі твораў і майстар-клас па акцёрскім майстэрстве, арганізуюць творчыя майстэрні і фотазоны. Акрамя гэтага будзе пікнік з беларускімі пісьменнікаммі: Ірынай Карнаўхавай, Уладзімірам Мазго, Інай Фраловай, Юліяй Сноп, Вікторыяй Карась, а таксама з аўтарамі абласнога аддзялення «Саюза пісьменнікаў Беларусі».

У тэатры пакажуць спектакль для дязцей

У Тэатры лялек 1 чэрвеня пакажуць спектакль «Маленькі мук». Перад пачаткам пастановы перад уваходам у тэатр арганізуюць сустрэчу дзяцей з героямі. Пачатак праграмы ў 11:30, пачатак спектакля ў 12:00.

На Дзень дзяцей у Гродне пакажуць выставу тэхнікі МНС і ДАІ. Што яшчэ вядома пра свята?
Афіша спектакля для дзяцей. Крыніца: grodnolyalka.by

У заапарку таксама будзе свята

У гродзенскім заапарку 4 чэрвеня адбудзецца «Дзень дзяцінства».

  • 12:00 — 14:00 — праца тэматычных пляцовак;
  • 12:20 — канцэрт «З Днём дзяцінства!»;
  • 13:10 — анімацыйная праграма «БімБом запрашае!»;
  • 14:10 — гульнявая праграма «ZooДыскатэка»;
  • Цана ўваходных білетаў: дзяцячы — 6,5 рублёў, дарослы — 8,5 рублёў.

Пачнуць працаваць дзіцячыя летнікі

З 4 чэрвеня 2023 года пачнуць працаваць аздараўляльныя дзіцячыя лагеры. Летам 2023 года там плануюць аздаравіць 11 тыс. гродзенскіх школьнікаў ад 6 да 18 гадоў. Лагеры будуць розных тыпаў: дзённыя прышкольныя, кругласуткавыя стацыянарныя, а таксама вайскова-патрыятычныя.

Вайскова-патрыятычны лагер арганізуе вайсковая частка 5522, якая ўжо арганізуе намётавы лагер на тэрыторыі брыгады № 6, якая размяшчаецца на Фолюшы. «Дзеці падчас аздараўлення змогуць азнаёміцца са штодзённасцю вайскоўцаў, акунуцца ў атмасферу вайсковых частак на дзевяць дзён», — казаў раней Андрэй Семанчык.